Нямецкі музычны кірмаш Popkomm: грошы і задавальненьне ў адным фляконе

Пасьля таго, як нашая родная «Крамбамбуля» скарыла Дрэздэн і Бэрлін, у сталіцы Нямеччыны адкрыўся штогадовы музычны кірмаш Popkomm — камэрцыйнае мерапрыемства, накіраванае на падтрымку і раскрутку нямецкай поп-музыкі за мяжой. І правільна, а то ж нашыя наступаюць.

Як паведамляе Deutsche Welle, у Бэрліне пачаўся музычны кірмаш  Popkomm. Унікальнасьць яго ў тым, што галоўны тавар — гэта музыка. Адна з задачаў кірмашу — дапамагчы такім талентам, як «Tokio Hotel», «Silbermond» «Buschido» у прасоўваньні іхняй музыкі на сусьветнай арэне.

«Tokio Hotel» на сёньня — самы папулярны гурт Нямеччыны. Кволым музыкам усяго 18–19 год, а яны ўжо ў сьпісе самых сэксуальных зорак шоў-біза. А яшчэ яны прадалі ажно 4 мільёны альбомаў і атрымалі некалькі айчынных музычных прэміяў. Тым самым спраўдзілі, што музыка — гэта ня толькі самавыражэньне, але і неблагі бізнэс.

Вось і Popkomm — буйнейшы форум нямецкай поп-індустрыі, які дасягае шматмільярдных абарачэньняў і адыгрывае не апошнюю ролю ў гаспадарчым жыцьці краіны. Таму ня дзіва, што адкрыў яго ў сераду сам міністар эканомікі Міхаэль Глёс.

4 гады таму традыцыйны штогадовы кірмаш перабраўся зь Кёльну ў сталіцу, бліжэй да цэнтру культурнага і палітычнага жыцьця Нямеччыны. Дарэчы, арганізатары Popkomm перасьледуюць не столькі культурніцкія, колькі эканамічныя мэты. Сёньня на кірмаш прыехалі прадстаўнікі больш за 900 кампаніяў гуказапісу з 57 краінаў сьвету.

Гэта не музычны фэст, хаця тут і граюць больш за 450 гуртоў і выканаўцаў з усяго сьвету. Гэта менавіта кірмаш, інструмэнт маркетынгу, плятформа для сустрэчаў музыкаў з камэрсантамі і экспэртамі.

«З папярэдняга досьведу, можам сказаць, што ля 70 адсоткаў музыкаў, якія выступаюць у межах Popkomm, зьязжаюць адсюль з новымі кантрактамі, якія заключаюць зь фірмамі гуказапісу», — распавёў адзін з арганізатараў Popkomm Дырк Шадэ.

Нямецкая поп-індустрыя шырока разьвітая і запатрабаваная ў Нямеччыне, але пакуль мала заўважаная за ейнымі межамі.

Таму Popkomm накіраваны на зьмену сытуацыі і мусіць надаць нямецкаму попу інтэрнацыянальны імідж. Бо гэта пытаньне ня толькі прэстыжу, але і выжываньня цэлай галіны. Бо сытуацыя на дадзеным рынку крызысная: канкурэнцыя становіцца больш жорсткай, а продажы гуканосьбітаў няспынна зьмяншаюцца.

Дапамагчы нямецкім талентам вырашыў і нямецкі ўрад: так на прасоўваньне мясцовага музычнага прадукту на сусьветны рынак быў выдзелены мільён эўра. Яшчэ трыста тысяч паступяць ад прыватных кампаніяў.

Гэта абвясьціў міністар культуры Нямеччыны Бэрнд Нойман на адкрыцьці Popkomm. Папулярнасьць нямецкай музыкі будзе павялічвацца ў межах праекту «Initiative Musik», арганізатарамі якога выступае ўрад і кампаніі гуказапісу. Партнэрамі выступаюць Інстытут імя Гётэ і Deutsche Welle.

Варта задумацца над канкурэнтаздольнасьцю гэтай жа індустрыі на Беларусі, дзе калі дзяржаўныя сродкі і выдзяляюцца на небеларускамоўныя беларускія гурты, то на прасоўваньне іх «шэдэўраў» не на сусьветны рынак, а ўглыб радзімы. За выключэньнем «вакна ў Эўропу» — Эўрабачаньня:-)

А калі беларускія гурты і трапляюць за мяжу, то без падтрымкі дзяржавы (мо, таму і трапляюць). Прыклад - Крамбамбуля, якая якраз вярнулася зь Нямеччыны, дзе адыграла шэраг пасьпяховых канцэртаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.