Крамбамбуля Festliche: сьвята ў нямецкую хату

Сумна без «Крамбамбулі». Добра што хоць у вадкасным выглядзе і двухполым варыянце яна заўсёды ў наяўнасьці на Радзіме. Вось і пускаюць сьлязу ў кілішак аднайменнага напою прыхільнікі самага запальнага бойз-дыска-бэнда, пакуль Лявон і кампанія скараюць нямецкія прасторы.

Гурт «Крамбамбуля» з пазытыўным настроем і добрымі ўражаньнямі вярнуўся на радзіму пасьля канцэртаў у Дрэздэне і Бэрліне, дзе музыкі прадставілі свой апошні альбом «Крамбамбуля Сьвяточная».

Першыя ў біяграфіі калектыву гастролі ў Нямеччыне прайшлі пасьпяхова. У Дрэздэне разам з «Крамбамбуляй» на сцэне былі расейскія гурты «Messer Chups» і «Мэгаполіс». У Бэрліне беларускія музыкі гралі з гуртамі «Re Beat» (Грузія) і «Khoiba» (Чэхія).

«У Дрэздэне мы гралі ў межах міжнароднай канфэрэнцыі незалежнай музыкі, таму з публікай там усё было больш зразумела. А вось у Бэрліне, дзе кожны дзень адбываецца каля 30 канцэртаў, сабраць поўную залю, якая адрывалася разам з намі, было досыць нечакана. Між тым большасьць гледачоў складалі менавіта немцы», - распавёў Лявон.

Так і ўяўляюцца пэдантычныя немцы ў фірмовым крамбамбульным танцы:)

Затое Дрэздэн стаўся галоўным культурным цэнтрам гастроляў. Амаль увесь горад з’яўляецца сапраўдным музэем, таму як крамбамбульцы ні сьпяшаліся, за два дні абышлі яны далёка ня ўсё, але ўбачанае вельмі ўразіла, асабліва Дрэздэнская галерэя — адна з найбуйнейшых і найвядомейшых мастацкіх калекцый у сьвеце.

Там музыкі гурту паглядзелі арыгіналы вядомых шэдэўраў Рубэнса, Рафаэля, Тыцыяна, Батычэлі, Тынтарэта ды іншых.
На экскурсаводзе атрымалася зэканоміць. Добра, што Лявон Вольскі не забываецца на тое, чаму вучыўся (маюць рацыю выкладчыкі, калі настойваюць, што ўсё ў жыцьці спатрэбіцца).

«Я вывучаў усё гэта спачатку ў мастацкай школе, потым у вучэльні. Я не ўпершыню у гэтай галерэі, але кожны раз ад гэтых палотнаў атрымліваеш сапраўдны культурны і эмацыянальны шок», — патлумачыў Лявон.

А яшчэ ўдзельнікі «Крамбамбулі» знайшлі сувязь Дрэздэна з Беларусьсю: менавіта з гэтага горада - у той час сталіцы Саксоніі - паходзіў Аўгуст II «Моцны» — курфюрст Саксоніі, кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага.

Во як! А вы што думалі? Беларускія музыкі — самыя адукаваныя ў сьвеце :-)

Фота прадастаўленае гуртом

SlaDa 13:41, 20/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.