КУЛЬТурныя людзі: Зьміцер Вайцюшкевіч

Наш сайт пачынае сэрыю інтэрвію зь вядомымі асобамі сучаснасьці. Гэтым разам карэспандэнтка Кася Сарокіна паразмаўляла са Зьмітром Вайцюшкевічам на студэнцкія і калястудэнцкія тэмы. Зьміцер – адзін з самых таленавітых музыкаў сучаснасьці. Былы ўдзельнік гуртоў Палац і Kriwi. Лідэр і ідэйны натхняльнік WZ-Orkiestra. Прыемны суразмоўца і вельмі абаяльны мужчына.

– Зьміцер, вядома, што Вы скончылі музычную вучэльню ў Лідзе, а пасьля працягнулі навучаньне ў Інстытуце Культуры і менскай вучэльні імя Глінкі. Якім быў Вайцюшкевіч-студэнт?

– У пляне вучобы я быў нармалёвым студэнтам. Дысцыпліны былі ў асноўным музычныя – вучыцца мне падабалася. У вучэльню трапіў без папярэдняга навучаньня ў музычнай школе, таму прыходзілася шмат працаваць: дуць на клярнэце па 6-7 гадзінаў на дзень. Але на спатканьні зь дзяўчатамі час знаходзіў, як і на працу падчас вясельляў і пахаваньняў.

– Ніколі не ўзьнікала жаданьня паслаць навучаньне да чорта?

– Не. Ведаеш, я ніколі ня думаў, вось, прыехаў зь вёскі ў Менск – трэба атрымаць кватэру, прапіску, сталічную жонку... Я не імкнуўся стаць лепшым сярод астатніх. Проста мне падабалася такое жыцьцё – жыцьцё музыкі. Прычым разумеў: яно зьвязанае ня толькі зь яркімі імгненьнямі – славай, сцэнай, удзячнасьцю слухачоў, але і з мэтадычнай цяжкай працай. Калі гэта разумееш – прыходзіць посьпех.

– Жыцьцё студэнта-музыкі адрозьніваецца ад жыцьця, напрыклад, студэнта-тэхніка?

– Фізыкі і лірыкі... У людзей творчых зусім іншы склад мысьленьня. Увесь час ты шукаеш сэнс уласнага існаваньня. Шукаючы, разумееш: творчасьць – гэта ня толькі кветкі, але і цяжкая праца. Але разумееш толькі зараз. А тады што рабілі? Балдзелі, як і ўсе студэнты.

– Амаль ніводны студэнт не застаўся абыякавым да працэсу перайменаваньня праспэктаў. Як Вы да яго ставіцеся?

 

– Усё гэта мне непрыемна. Ведаеш, з узростам я стаў менш зьвяртаць увагу на некоторыя псыхалягічныя нюансы нашага кіраўніцтва. Учора гуляў па Траецкім прадмесьці, думаў, якім будзе наступны крок аднае нашае пэрсоны . Ці праглынуў бы беларускі народ, калі б раптам зьнішчылі прадмесьце, а замест яго ўзьвялі, напрыклад, яшчэ адзін палац?

– На форумах studenty. by увесь час абмяркоўваюцца розныя глябальныя і ня вельмі пытаньні. Напрыклад, ці можа існаваць сяброўства паміж хлопцам і дзяўчынай. А як Вы мяркуеце?

– Канешне. Такое сяброўства існаваць можа і існуе. На жаль, некаторыя мужчыны прынцыпова не жадаюць бачыць у жанчыне патэнцыйнага сябра. Гэта ўсё, лічу, не ад вялікага розуму альбо ад занадта вялікага. З такімі тыпамі нармалёвай дзяўчыне ўвогуле ня трэба мець стасункі.

– Зьміцер, пагаворым пра сёньняшняга Тодара. Дарэчы, адкуль такое незвычайнае імя?

– Канешне, я мог бы сказаць, што я сын якого-небудзь абаронцы альбо назвацца ўнукам Кастуся Каліноўскага..:) Падчас працы ў Палацы я быў Федзем. Утварыўся Kriwi – стаў Тодарам. Імя вельмі старое, славянскага паходжаньня. Гучыць мужна. У той час яно адпавядала майму настрою куды больш, чым лагоднае Федзя. А яшчэ таму, што гурт часта выступаў у Нямеччыне, а там для іх вымавіць Зьміцер Вайцюшкевіч – рэч амаль немагчымая.

– Чула, што Ваша цяперашняя творчасьць падабаецца Вам куды больш, чым праца ў вышэйназваных гуртах. Гэта так?

– Гэта проста новы этап у маёй творчасьці. Зараз я стаў самастойным, сапраўдным гаспадаром уласнага лёсу. Праца ў “Палацы” была, як кажуць, good experience – карысны досьвед. Я пазнаёміўся зь вялікай заляй, з гастрольным жыцьцём. А праца ў Kriwi ... Я зараз праслухоўваю старыя запісы і лаўлю сябе на думцы, што было б няблага некаторыя зь іх скарыстаць і ў цяперашняй творчасьці.

– Скажыце, творчаму чалавеку цяжка існаваць побач з такім харызматычным лідэрам, як Зьміцер Вайцюшкевіч?

– Ня думаю, што цяжка. Безумоўна, у WZ - Orkiestra ўзьнікаюць некаторыя праблемы, як і ўсюды. Падчас і праз маю дурасьць. Але музыкі – людзі вольныя, у кожнага свае меркаваньні. Ці капрызны я чалавек? (усьміхаецца) Пра гэта трэба не ў мяне пытацца – сам на сябе паклёп узводзіць ня буду. Але чалавек я цярплівы і даволі памяркоўны. І людзі да мяне, канешне, прыслухоўваюцца.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю працу над японскімі песьнямі.

– Іх дзесяць. На расейскую мову пераклала японка, а Алесь Камоцкі з нотамі ды касэтамі зрабіў паэтычны пераклад на беларускую мову. Я ж прыдумаў, як яны павінны гучаць у сёньняшніх умовах. Ды так, каб не пакрыўдзіць японскіх кампазытараў. Цяжкая, але ж вельмі цікавая праца!

– Любіце рызыкаваць?

– Так. Рызыка, авантуры – усё маё жыцьцё. Рызыкаваць люблю, працуючы над праектамі. Байкі, баляды , вершы Маякоўскага – хіба гэта не рызыка?

– Сутыкаліся з сытуацыяй, калі прыходзілася абараняць сваю жанчыну?

– У маральным пляне я заўжды абараняю жанчын, якіх грамадзтва абвінавачвае ва ўсіх магчымых грахох . Крытыкуеце? Лепей паглядзіце на сябе!

– У адным з артыкулаў пра Вас была напісана: “Жанчыны бачаць у ім бога, а ён закаханы ў музыку”. Чым Вы самі патлумачыце Вашу незвычайную прыцягальнасьць для жанчын?

 

– Гэта я магу ў цябе запытацца. Што ты адчуваеш, седзячы насупраць такога прыцягальнага мужчыны? Прыцягвае? (сьмяецца)

– Прыцягвае.

– Мне здаецца, прыцягальнасьць ёсьць там, дзе, шукаючы, знаходзяць адказы на нейкія свае патаемныя пытаньні. А я магу праз сваю музыку адказаць на некаторыя зь іх. І падабацца хочацца ўсім. Быць у цэнтры ўвагі. Можа, артыстычная хвароба такая?

– Зьміцер, мяркую, я ня першая, хто кажа Вам, што кампазыцыя I want you now з трыбьюту DM гучыць проста супэрэратычна. І справа ня столькі ў словах і музыцы, колькі ў надзвычай эратычным выкананьні.

– Так, у нас атрымаўся такі “жывы” эратызм. А вось ў вэрсіі арыгінальнай эратызм больш мэханічны.

– У зьвязку з гэтым пытаньне: ці бачыце Вы што-небудзь агульнае паміж музыкай і сэксам?

– Музыка ўжо сама па сабе эратычная. Калі параўноўваць з сэксуальнымі адносінамі... У музыцы трэба ўвесь час разьвівацца. І для гэтага зусім неабавязкова, выбачай, выдумляць новыя пазыцыі – трэба проста мець жаданьне. Сэкс без жаданьня – немагчымы. Так і музыка без натхненьня нікого не задаволіць.

– Апошняе пытаньне. Вядома, што ў студэнцкім асяродку безьліч музычных гуртоў. І многія зь іх, сапраўды, файныя. Ці рэальна для іх узьняцца на больш прафэсійны ўзровень і пачаць сваімі сьпевамі зарабляць грошы?

– Рэальна. Парада адна – працуйце. Памятайце: посьпех прыйдзе ня заўтра, а значна пазьней. Працуйце ня дзеля грошаў і славы, а дзеля задавальненьня людзей, якім вы патрэбныя.


Кася Сарокіна 12:20, 02.07.2005 | КУЛЬТурныя людзі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0461 seconds.