Арцемій Троіцкі ў Менску
Арцемій Троіцкі — асоба легендарная і шматбаковая. Хтосьці ведае яго як музычнага журналіста, атрымаўшага ганаровае званьне лепшага ў 1997, хтосьці — як арганізатара арыгінальных вечарын і канцэртаў, іншыя — ў якасьці глямурнага пэрсанажу расейскага шоўбізу, заснавальніка расейскага Playboy, вядоўцы тэле- і радыёпраграмаў, музычнага крытыка. Калёнку Троіцкага АК можна знайсьці нават у Cosmopolitan. А сёньня Троіцкі ў эксклюзіўным інтэрвію Generation.by.
Але сам Арцемій спакойна ставіцца да сваёй славы:
«У дачыненьні да сябе, я слова «слава» нават не магу ўжыць. Я дастаткова вядомы ў пэўных колах тып. Але сказаць, што ў мяне там слава... Гэта вось у Барыса Маісеева слава. У любым выпадку, калі вядомасьць пачынае чалавеку ўзьдзейнічаць на мазгі і на псыхіку, то гэта можа сказацца згубна і на ягоным мэнталітэце, і на ягоных прафэсійных якасьцях і ўвогуле на тым, чым ён займаецца. Вядомасьць, папулярнасьць, аўтарытэтнасьць ніяк не вымушалі мяне неяк адмыслова сябе паводзіць, да чагосьці прыстасоўвацца або з апошніх сілаў намагацца гэты ўзровень вядомасьці падтрымліваць. Я заўсёды рабіў і раблю толькі тое, што сам хачу. Вось і ўсё.»
Спаткацца з Троіцкім у Generation.by атрымалася на фэсьце «Вольнае Паветра», куды Арцемій захацеў – і прыехаў. А запрасіў яго Сяргей Левін, кіраўнік бровару «Сябар», натхнёны кнігаю Троіцкага АК. Ня раз потым Троіцкі падкрэсьліваў вольную і шчырую атмасфэру фэсту:
«У Беларусі я бываю рэдка, раней заяжджаў часьцей. Як раз для мяне добрая магчымасьць вось так узяць і за адзін вечар шмат усяго цікавага пачуць.»
І насамрэч, Троіцкі ня моцна разьбіраецца ў сучаснай беларускай музыцы, чаго і не хавае:
«Увогуле, мой любімы беларускі выканаўца, гэта пакойны Вася Шугалей, добры быў хлопец. Калісьці мне падабаліся нейкія старыя беларускія рок-гурты: Уліс, Крама, Зарці Хо. Наколькі мне вядома, гэтых гуртоў ужо няма. А новага пакаленьня ня ведаю, ня лічачы «Ляпіса Трубяцкога», які мне вельмі сымпатычны.»
Пры тым вядомы крытык лічыць, што беларусам пашанціла болей, чым эстонцам або габрэям - да яго не даходзіла показак пра нашу краіну. Хаця, насамрэч, вясёлых і ня злых стэрыатыпаў у наш бок у Маскве хапае :)
Затое Троіцкі сабаку зьеў на расейскім шоўбізе:
«Сытуацыя ў расейскім шоў-бізнэсе проста жахлівая – гэта акіян бездарэй і халтуршчыкаў. Нічога добрага там няма. Зьвязана з тым, што ў Расеі ўсё вырашае тэлебачаньне. Артысты, якія маюць пэўныя карумпіраваныя зносіны з TV, могуць разьлічваць, што іх папулярнасьць гарантаваная, чым яны і карыстаюцца. Ніякага дачыненьня ні да таленту, ні да ўзроўню, ні да чалавечых якасьцяў няма. Ніколі ў нашай краіне эстрадная музыка не была такая тупая і бяздарная, як у гэтыя гады.»
Хаця, канешне, ёсьць расейскія гурты, якія яму стала падабаюцца: Мумій Трольль, і ў прыватнасьці Ільля Лагуценка, якога Троіцкі лічыць таленавітым і кемлівым хлопцам. Яшчэ даспадобы Дэльфін і гурт «Ленінград.»
Так ужо ў нас павялося, што пытаючыся пра музыку, запытаесься і пра палітыку:
«Два гады таму некаторых вядучых расейскіх рокераў выклікалі ў Крэмль на сустрэчу з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Сурковым. У той час адміністрацыя вельмі баялася паўтарэньня сцэнару ўкраінскай памаранчавай рэвалюцыі ў Расеі. Тады Суркоў прасіў аб лаяльнасьці да дзейнай ўлады. Але сучасныя расейскія музыкі – абсалютна бесхрыбетныя асобы. Іх нават ня трэба выклікаць да сурковых, і строіць іх ня трэба. Яны ніколі ня пойдуць на барыкады, ніколі не выступяць на баку якіх-небудзь рэвалюцый.
Зараз у Расеі музыка і палітыка не пераплятаюцца ніякім чынам. Але ў той жа час, нашыя сьпевакі, што рокавыя, што папсовыя, матываваныя перш за ўсе грашыма. У нас няма артыстаў, якія б займалі канкрэтную гуманітарную пазыцыю. У адрозьненьні ад Захаду, дзе артысты – мо з таго, што ўжо багаценькія, мо з-за клімату, а можа з-за нечага яшчэ – хочуць рабіць нешта па-за межамі музыкі.»
Мо таму Масква або Піцер не далучыліся да 24-гадзіннага музычнага маратону Live Earth, мэтай якога было зьвярнуць увагу на кліматычныя праблемы. А вось у 2005 годзе Арцемій Троіцкі арганізаваў маскоўскі канцэрт Live 8 на Чырвонай плошчы, удзельнікі якога (сярод якіх былі Pet Shop Boys) заклікалі вырашаць праблемы бядноты па ўсім сьвеце.
Натуральна, што Арцемій усьведамляе своеасаблівасьць палітычнай сытуацыі і ў Беларусі:
«Тое, што фэстываль фальклёру праходзіць у нейкіх паўпадпольных умовах – для мяне гэта дзіка. І гэта – фэст народнай музыкі, найбольш патрыятычнай і лаяльнай, я ўжо не кажу пра правядзеньне рок-канцэртаў. Пакуль што ў Расеі няма спробаў узьдзейнічаць на музыку мэтадамі, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі.
А справа з адменай вядомага расейскага рок-фэсту «Нашэсьце» – праблема цалкам бізнэсовага характару. Тут назіраецца канфлікт эканамічных інтарэсаў і жаданьне мясцовай улады пазьбегнуць канфліктаў зь мясцовымі жыхарамі, у якіх гэткія канцэрты выклікаюць хвалі пратэсту.»
ПРА ПІРАТАЎ І БУРЖУЯЎ
У Расеі, як і на постсавецкай прасторы агулам, квітнее пірацтва. Пачалася сапраўднае «паляваньне на вядзьмарак», з масавымі акцыямі зьнішчэньня пірацкай прадукцыі:
«Мне вельмі не падабаецца, што ўлады прагнуліся пад амэрыканскімі патрабаваньнямі ў гэтай сфэры. Быў зачынены буйнейшы музычны архіў allmp3.ru, на якім была зьмешчана вялізная колькасьць запісаў, на думку сусьветных праваўладальнікаў, пірацкіх.
Да пераезду музыкі ў Сеціва я стаўлюся цалкам пазытыўна. Да пачатку дваццатага стагодзьдзя музыка распаўсюджвалася шляхам жывых канцэртаў. Наступнае стагодзьдзе прайшло пад знакам тыражаваньня музыкі на аўдыёносьбіты. Зьявілася вялізная праслойка фірм грамзапісу, паблішараў, прадусараў. ХХІ стагодзьдзе і інтэрнэт дазваляюць ад гэтых пасярэднікаў пазбавіцца. Музыкі атрымліваюць непасрэдны доступ да слухача.
У вялізных брэндаў пачаліся сьмяротныя канвульсіі. Яны разумеюць, што вельмі хутка вымруць. Таму яны імкнуцца прадставіць пірацтвам зьмяшчэньне ў інтэрнэце mp3. Такая пазыцыя стрымлівае разьвіцьцё музыкі. Яны засталіся ў ХХ стагодзьдзі і не жадаюць зразумець гэты факт.
Тыя ж беларускія гурты мусяць імкнуцца распаўсюджваць свае сьпевы, максымальна выкарыстоўваючы інтэрнэт. Зарабіць праз гэта грошы даволі цяжка, але з часам нейкія правілы гульні будуць выпрацаваныя. Уся сусьветная статыстыка сьведчыць аб падзеньні продажаў носьбітаў, а колькасьць жывых канцэртаў пры тым узрастае.»
ЧЫТАЙЦЕ Ў НАСТУПНЫМ НУМАРЫ
Імя Арцемія Троіцкага заўсёды было зьвязана з друкаванай прадукцыяй. Першы артыкул зьявіўся ў часопісе «Равесьнік» пад назвай «Пятёрка тёмно-лиловых» аб Deep Purple. Дэбют адбыўся ажно ў 1975. Троіцкі добра вядомы тым, што зрабіў расейскую вэрсію Playboy ня проста крыніцай прыгожых ня толькі з твару дзяўчатак, але і сымбалем адмысловага ладу жыцьця. Але рэдактарская пасада вымагала занадта шмат часу і ўвагі.
Аднак са старонак самых розных выданьняў Арцемій ня зьнік. Ён нават прышчэплівае музычны густ глямурным барышням, робячы музычныя агляды ў Cosmopolitan. У гэтым годзе ў Арцемія пачалася калёнка ў часопісе Rolling Stone:
«Але сказаць, што я чытаю Rolling Stone, не магу. З-за гэтага, на жаль, не маю дастатковай колькасьці інфармацыі пра гэты часопіс і ніколі не назіраў за асноўнымі тэндэнцыямі ў ім. Але я думаю, што мая калёнка ня зробіць Rolling Stone больш папсовым. Раней на гэтым месцы была калёнка Шнурава. І я адчуваю сябе на яго месцы зусім нядрэнна. Гуляю і бухаю меней за Шнура, таму інфарматыўнасьць артыкулаў Rolling Stone толькі ўзрасьце.»
Дарэчы, менавіта ў Rolling Stone Арцемій Троіцкі атрымаў самы вялікі ганарар за рэпартаж: 5000 даляраў за артыкул аб жнівеньскім путчы 1991-га. Па яго словах, гэта былі
«Самыя сьветлыя часы ў гісторыі Расеі. Гэта было лепшае сьвята, лепшая вечарына – з самымі дарагімі дэкарацыямі, з самай улётнай праграмай.»
Зразумела, што жыве Арцемій не за ганарары і не за распрададзеныя плыты (паколькі музычных носьбітаў у Троіцкага накапілася неверагодна шмат, ён збывае ў крамы некаторыя кружэлкі ўсяго за пяць даляраў, пры тым што многія зь іх каштавалі на парадак даражэй). Калі верыць ягонай жа кнізе, штомесячна прыбытак Троіцкага - 10 тысяч даляраў. Арцемій проста чалавек-праект, спэктар ягоных актыўнасьцяў закранае і літаратуру, і кіно, і нейкія арганізатарскія моманты:
«У маім жыцьці цікавага шмат. Нягледзячы на тое, што зараз лета – час зацішша, вучэбныя сэмэстры ва ўнівэрсытэтах скончыліся. Я ж выкладаю ў МДУ і ва Ўнівэрсытэце кіраваньня. У МДУ у мяне спэцкурс «Музычная журналістыка», а ва Ўнівэрсытэце кіраваньня ў мяне два курсы – «Гісторыя музыкі» і «Сродкі масавай інфармацыі». Радыё праграма ў мяне, як заўжды йдзе, гастрольная дзейнасьць актыўная – прывозім шмат заходніх выканаўцаў у Маскву і Санкт-Пецярбург. Нейкія фірмы грам запісу ў мяне ёсьць. Так што, насамрэч, праектаў шмат, яшчэ і пісаць пасьпяваю.»
Ня цяжка ўявіць, наколькі ўзрасла наведвальнасьць студэнткамі некаторых маскоўскіх ВНУ некаторых спэцкурсаў. А для тых маладых і дзёрзкіх музычных журналістаў і журналістак, якія ня маюць шчасьця пабачыць спадара Троіцкага АК за катэдрай, мы разьведалі сакрэты ягонага посьпеху:
«Ёсьць некалькі такіх неблагіх інгрыдыентаў: па-першае, я мяркую, што трэба добра ведаць той прадмет, пра які пішаш. То бок, музыку трэба ведаць. І ня проста як адзін з прадметаў у шэрагу іншых: сёньня пісаць пра музыку, заўтра пра кіно, пасьлязаўтра пра палітыку. Усё ж трэба ведаць музыку дастаткова глыбока.
Па-другое, важна ўмець сфармаваць і сфармуляваць сваё меркаваньне, а ня проста паўтараць тое, што пішуць ўсе астатнія, і не цытаваць прэс-рэлізы. Трэба слухаць і самому штосьці выдумляць. І па-трэцяе, важна ўсё гэта граматна выкладаць.»
А тым, хто не паступіў на прэстыжны журфак, ня трэба адчайвацца – каб стаць такім, як Троіцкі, ня трэба мець адмысловай адукацыі. Сам Арцемій эканаміст-матэматык. Галоўнае – любіць тое, чым займаесься, а досьвед – справа нажыўная.
Дарэчы, кніга «АКТроицкий: я введу вас в мир ... поп (бонус music + sex)» насамрэч вартая таго, каб яе падпісаў сам аўтар. Таму Левіна няцяжка зразумець. Як раз той выпадак, калі тое, што карысна, яшчэ і весела. Кніга ўяўляе сабой кампіляцыю лекцыяў Троіцкага на журфаку МДУ – гэта ня толькі бясцэнны дапаможнік музычнаму журналісту, але й цікавы і даходлівы экскурс у сьвет расейскага шоўбізнэсу: ху іс ху, як кажуць.