Арцемій Троіцкі: сьпіс забароненых музыкаў — «бездапаможная і дзікаватая акцыя»

Журналіст і музычны крытык Арцемій Троіцкі лічыць спробы беларускіх уладаў забараніць узгадваць некаторых музыкаў і артыстаў у СМІ «сьмешнай» і «дзікаватай», а сытуацыю ў Беларусі лічыць падобнай да расейскай. Тым часам музыкі, якія верагодна трапілі пад забарону, атрымліваюць новыя пацьверджаньні існаваньня такога сьпісу.

Арцемій Троіцкі

Вядомы расейскі журналіст Арцемій Троіцкі ў інтэрвію «Эхо Москвы» пракамэнтаваў новы беларускі сьпіс забароненых музыкаў і актораў:

«Натуральна, акт гэты і баязьлівы, і антыдэмакратычны, — лічыць Троіцкі. — Усе гэтыя меры — як кашаль хваробе. Яны ня дзейнічалі нават у старым Савецкім Саюзе. А цяпер, у часы Інтэрнэту гэта проста сьмешна. То бок абсалютна такая, бездапаможная нейкая, дэкляратыўная, дзівакаватая акцыя».

Нагадаем, неафіцыйная інфармацыя пра «новы сьпіс забароненых» зьявілася ў СМІ на мінулым тыдні. Складаецца ён з 57 музыкантаў, гуртоў, пісьменьнікаў, актораў ды іншых культурных дзеячаў Беларусі, Расеі, Эўропы ды ЗША, якіх забаронена згадваць у дзяржаўных беларускіх мас-мэдыях . Існаваньне падобных папер абвяргаюць афіцыйныя крыніцы.

Паводле Троіцкага, у Расеі адбываецца прыкладна тое ж самае, што і ў Беларусі, толькі «больш схавана». Але ўспрымае журналіст гэтыя працэсы з «пэўным ўзрушэньнем»:

Такія працэсы «заўсёды спрыяюць узмацненьню і інтэнсыфікацыі творчага працэсу. Вядома, што ў нашай краіне лепшая рок-музыка была створана ў першай палове 80-х гадоў, якраз калі ўсё было пад забаронай і былі гэтыя чорныя сьпісы, і гэбэшные рок-клюбы , і іншае, і іншае. Вось, быў неверагодны росквіт вось гэтай самай пратэстнай музыкі».

«Так што ўсё добра, верным шляхам ідзе і Лукашэнка, і яго беларускія музычныя апанэнты» , — лічыць Троіцкі.

Тым часам на афіцыйнай фэйсбук-старонцы гурту «Крамбамбуля», які таксама патрапіў пад забарону, апублікаваны «ліст з выканкаму», які музыкі атрымалі ад неназванага прыхільніка. У прыватнасьці, ананім піша:

«Прывітаньне! Нам прыйшло такі ліст, у якім рэкамэндавалася „выключыць з праграмаў моладзевых мерапрыемстваў выкананьне кампазыцый“ гуртоў „Ляпіс Трубяцкой“, „Крамбамбуля“, „Наив“, „Тараканы!“ і г.д.».

Абгрунтоўваецца забарона тым, што «творчасьць гэтых груп і выканаўцаў негатыўна ўплывае на нармальнае разьвіцьцё і сацыяльную адаптацыю моладзі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0744 seconds.