«Вольнае паветра» 2007: галоўнае, калі сябры з табой
«Вольнае паветра» ўсё ж адбылося! У ноч з 14 на 15 ліпеня ў свойскай атмасфэры, за паўтары сотні кілямэтраў ад Менску, зь лепшымі фольк-гуртамі, з новым півам, выбітным настроем, прыгожымі краявідамі і цікавымі гасьцямі: Generation.by дзеліцца ўражаньнямі ад 8-гадзіннага фэсту. Музычны дэбют Сяргея Левіна ў «Крамбамбулі», ацэнкі Арцемія Троіцкага дый пляны на наступны год.
«Без сяброў мяне крыху, а зь сябрамі - многа». Што б мы рабілі без бровара «Сябар»? Сядзелі б у душных кватэрах, слухаючы плыты любімых гуртоў (асабліва тых, што ўсё па карпаратыўках), дый з зайздрасьцю чыталі б пра фэсты Эўропы. А тут - сабраліся знаёмыя мілыя твары, пагрузіліся ў аўтобусы – і ў госьці да добрага чалавека Валодзі, які жыве акурат між Менскам і Вільняй.
Нечакана пахмурны дзень скончыўся цёплым і сонечным вечарам. Дый у любым выпадку, наўрад ці хто зьмерз бы. Было чым сагравацца, а галоўнае, што сьвяткаваць - «Сябар» запусьціў новы гатунак піва імя сябе - «Сябар».
«Гэта ня проста піва, гэта піва для ўсёй краіны. У гэтыя дні нараджаецца вялікі брэнд. «Сябар» - гэта тое, чым краіна калі-небудзь зможа ганарыцца, як Амэрыка ганарыцца колай або біг-макам. Такога на Беларусі яшчэ не было»,- запэўніў Сяргей Левін.
А Шаблі маглі б стаць пярлінай агратурызму: лясы, зоркі на небе, буслы ў гнёздах, коні на палетках, людзі ў народных строях – сама аўтэнтычнасьць. Інфраструктура хутара проста зайздросная: нэонавы і кальян бары, вольная сцэна, пакой маці і дзіця, кухня (эх, смачненькая была грэчка), гараж, ахова і намётавы гарадок. Замежныя турысты не наткнуліся б і на моўны бар’ер – некаторыя музыкі валодаюць мовамі суседніх народаў, а таксама бегла размаўляюць па-ангельску:) Публіка самая высокакультурная, на тэрыторыі з вольным паветрам ніхто ня брудзіў, у лясок не адбягаў – біяпрыбіральні карысталіся падвышаным попытам. Малайцы арганізатары і гаспадары – сэрвіс на вышэйшым узроўні.
Як і было задумана, на «Вольнае паветра» прыехалі лепшыя фолькавыя выканаўцы:
«Усе гурты сьпяваюць і размаўляюць па-беларуску, усе нарадзіліся тут. І гэта вельмі важна,» - адказаў Сяргей Левін на пытаньне, ці не шкада яму на ўсе гэтыя фэсты грошаў.
Ну і правільна, шчасьце – ня ў грошах, а калі цябе разумеюць. А разумелі ўсе адзін аднаго выдатна. Проста нейкая ўсеагульная акуна матата вітала ў вольным паветры. Нават Арцемій Троіцкі пазайздросьціў. Казаў, такога не адчуваў з гадоў 70-х. Калі за савецкім часам ладзіліся такія вось андэграўндскія рок-тусоўкі. Прыемна канешне, але нейкая палохаючая тэндэнцыя – як афіцыйныя, так і ня вельмі, сьвяточныя мерапрыемствы Беларусі выклікаюць у прадстаўнікоў братэрскага народу ўстойлівыя асацыяцыі з саўком.
АК быў запрошаны СЛ. Апошні прачытаў кнігу першага і хацеў атрымаць ягоны аўтограф (як добра, што людзі на кіруючых пасадах бровараў чытаюць кнігі!). АК пагадзіўся, завітаў у госьці, кнігу падпісаў, музыку паслухаў, піва паспрабаваў, прэс-канфэрэнцыю даў – карацей, добра, што заехаў.
Мінулагодняе «Вольнае паветра» было гонарам Піта Паўлава. Гэтым годам Піт не займаўся фэстам, што яму, канешне, крыўдна, бо Піт адчувае ў сябе сілы зрабіць лепш:
«У гэтым годзе, на мой погляд, такая дакладная палепшаная копія мінулага году. Маштаб фэсту ня меншы, проста няма публікі. Калі б я займаўся «Вольным Паветрам», то яно б было больш масавым.»
Зразумела, не півам адзіным. Усё ж на першым месцы гадзін 8 якаснай беларускай музыкі. Маштаб насамрэч уразіў: Drum Ecstasy, Яр, GUDA, Minsker Kapelye, Аляксандра і Канстанцін, Стары Ольса, Pete Paff, WZ-Orkiestra, Троіца, Восьмы дзень. Вёў усё гэта шчасьце Віктар Шалкевіч, якому моцна хацелася засьпяваць. Ён трымаўся, трымаўся... Не вядома, што ўсё ж такі паслужыла каталізатарам, але стрыманы і строгі Віктар, які пільна сачыў за маральным воблікам на сцэне і па-за, напрыканцы проста аджыгаў з высокамастацкай кампазыцыяй «Баброў».
Амаль на золку прыехала «Крамбамбуля». І пачалося! Гэта была безумоўная перамога сьвятла і пазытыву. «Гасьцей» выконваць дапамог Сяргей Левін – дэбют адбыўся. Адплясаўшы крамбамбульныя народныя, адсьпяваўшы іхнія ж сьвяточныя, дахаты ніхто ўжо і не зьбіраўся. Але, як у казцы пра Папялушку, баля скончылася. На шчасьце, не а поўначы, а значна пазьней.
Наступным днём сваімі ўражаньнямі з журналістамі падзяліўся Арцемій Троіцкі. Моцнага захапленьня наконт праграмы фэсту, канешне, зь ягонага боку не адчувалася. Зноўку вельмі цёпла выказаўся наконт атмасфэры «Вольнага Паветра», аб прыгажосьці тамтэйшых мясьцінаў ды духу свабоды, аўтэнтычнасьці і сяброўства. Вельмі мэтадычна Арцемій распавёў пра ўсіх, каго пачуў. Толькі вось на «Крамбамбулю» ён не патрапіў, што, канешне, вельмі шкада. Напрыклад, Арцемія зусім не ўразілі «Аляксандра і Канстанцін», але спадабаўся малады і не вельмі вядомы гурт «Восьмы дзень». Зьмітра Вайцюшкевіча параўнаў зь легендарным Пятром Мамонавым («Звукі Му»). «Троіца» - адзіны з прысутных на фэсьце гуртоў, які Арцемій чуў раней. Канешне, калектыў яму падабаецца, асабліва вылучыў Арцемій постаць Івана Кірчука. Гурт «Pete Paff» Троіцкі зьбіраецца паслухаць больш уважліва на плыце, таму што на фэсьце у гурта былі праблемы з гукам. Хаця, Арцемій шчыра прызнаў, што ён ня профі ў беларускай музыцы, таму і судзіць асабліва ня можа.
Тым, хто не патрапіў на «Вольнае Паветра», адчайвацца ня трэба. Сяргей Левін упэўніў, што наступным годам месцам дыслякацыі будзе буйны населены пункт, як і было мінулым годам. Зразумела ж, «Сяброўскі» завод невялічкі, на натоўп проста не пасьпелі б наварыць дастаткова піва. Таму, каб не было нараканьняў, запрасілі самых правераных. Адзіная неспадзяванка, нават тыя, каму піва ўвогуле не падабаецца, усё ж пачаставаліся, уцягнуліся... Напрыклад, Арцемій Троіцкі, у якога пасьля піва ў роце, як у сьметніцы, вельмі добра адазваўся аб новым гатунку. Чалавек непітушчы, Піт Паўлаў таксама зацаніў новае піва.
Афіцыйна Сяргей Левін заявіў, што фэст быў такі маленькі і зачынены, таму што месца, дзе ён праводзіўся, таксама невялічкае. Мінулым годам населены пункт быў адносна буйны – таму і маштабы былі іншыя. Але цікавасьць кампанія выказвае і да маленькіх вёсачак, больш самабытных. Таму так вось і атрымалася гэтым годам па-свойску.
Болей фотаздымкаў з «Вольнага паветра» глядзіце ў фотаблогу.