Арцемій Троіцкі: у РФ рок-музыку перамог рускі шансон

Вядомы расійскі журналіст і выкладчык Арцемій Троіцкі, які выступіў 15 студзеня ў Вільні ў межах Публічнай дыскусіі ЕГУ, верыць, што Беларусь і Украіна ў рэшце рэшт зробяцца «нармальнымі еўрапейскімі краінамі».

«[Беларусь] пройдзе даўжэйшы шлях за краіны Балтыі, мабыць, нават даўжэйшы за Украіну (якая – я ўпэўнены – таксама будзе еўрапейскай краінай), але ўрэшце – я ўпэўнены – з Беларуссю ўсё будзе добра. Я вельмі хачу, каб так было, і я ў гэтым не сумняюся».

Пра будучыню ж Расіі Троіцкі выказаўся зусім не аптымістычна: «Адзіная краіна, наконт якой я маю вялікія сумневы – гэта Расія. Я абсалютна не ўяўляю, што станецца з Расіяй. Для мяне гэта ўсё быццам ахутана вялізнай цёмнай хмарай». 

Славуты знаўца расійскай культуры, Троіцкі цяпер жыве ў Таліне і выкладае ў Хельсінкскім і Талінскім універсітэтах.

Дыскусія, якую мадэраваў прарэктар ЕГУ па развіцці і камунікацыі д-р Дарус Удрыс, была прысвечаная тэмам культурнага і палітычнага свету сучаснай Расіі, каранёў грамадскай падтрымкі ў Расіі, уплыву Расіі на краіны-суседкі і пазіцыі культурнай эліты Расіі.

«Я заўсёды быў аптымістам наконт Расіі, я думаў: шлях гэты доўгі і пакручасты, але рана ці позна Расія стане нармальнай краінай, заснаванай на нармальных еўрапейскіх прынцыпах: міры, свабодзе, радасці ад добрага жыцця, – сказаў Троіцкі. – Замест гэтага Расія зноў і зноў даводзіць, што яна асаблівая дзяржава. Таму я надоечы ператварыўся ў песіміста. Падобна на тое, што Расія – гэта краіна, якая ніколі напоўніцу не адаптуецца да нармальных еўрапейскіх правілаў».

На думку Троіцкага, найлепшымі спецыялістамі ў галіне расіязнаўства былі і застаюцца не палітолагі або аналітыкі, а хутчэй дзеячы мастацтва і пісьменнікі.

«Шмат у чым усё тое, што цяпер адбываецца ў Расіі, нават да драбніцаў, было прадказана ў аповесцях Уладзіміра Сарокіна, напрыклад, у "Дні апрычніка"».

Троіцкі прыгадвае: калі дзевяць гадоў таму выйшла кніга Сарокіна, яе ўспрынялі як гумарыстычны раман-антыўтопію. А сёння, адзначае Троіцкі, мы ёсць сведкамі таго, як гратэскныя ідэі кнігі ператвараюцца ў рэчаіснасць. 

«Тады людзі чыталі і смяяліся. А цяпер яна чытаецца як газета», – іранізуе ён. 

Троіцкі мяркуе, што цяперашняе забурэнне станоўча ўплывае на культуру і творчасць, гэтаксама як савецкі ўціск спарадзіў яскравае тэатральнае жыццё ў 70-х і расійскую рок-сцэну ў 80-х. 

«Я маю вялікі досвед як рок-крытык і музычны прамоўтар. Я магу сказаць дакладна: самым плённым перыядам для рускага року была першая палова 80-х. Гэта быў час, калі паўсталі найвялікшыя асобы ў рускай музыцы, найвялікшыя паэты свайго пакалення. Гэта таксама быў час самага моцнага ўціску рок-музыкі – калі гэтая музыка была фактычна пад забаронай. Людзей арыштоўвалі на канцэртах; прынамсі дзве ці тры вядомыя рок-зоркі патрапілі ў турму. Але адначасна для музыкі гэта быў час найвышэйшага натхнення».

Троіцкі лічыць, што больш-менш спакойнае і квітнеючае першае дзесяцігоддзе XXI стагоддзя для расійскай культуры сталася страчаным дзесяцігоддзем – няшмат вартых твораў мастацтва і культуры было створана. З прыходам цяперашняй палітычнай бязладзіцы ў краіне ўсё змянілася.

«Я вельмі рады, што тыя ж рок-ветэраны, хто зрабіў у Расіі спеўную рэвалюцыю ў 80-х – такія людзі, як Шаўчук, Грабеншчыкоў, нават Макарэвіч, – яны зноў на перадавой культурнага пратэсту. Я імі сапраўды ганаруся; я шчаслівы, што гэтыя хлопцы зноў паказалі, наколькі яны моцныя і таленавітыя», – сказаў Троіцкі.

Рок-музыка, джынсы ды іншыя атрыбуты заходняй поп-культуры гралі значную ролю ў распадзе Савецкага Саюза, аднак апошнім часам лад думак большасці насельніцтва Расіі змяніўся ў дыяметральна процілеглы бок. 

«Уплыў Захаду на Расію быў моцным, але неглыбокім, на маю думку. Пачынаючы ад Пятра I, ён заўжды закранаў вельмі тонкі пласт грамадства. У XVIII стагоддзі – арыстакратыю; у XIX ст. – дваранства і інтэлігенцыю, што заўсёды складала 10–15% грамадства. Джынсы – гэта добра, рок-музыка – таксама файна, але ў рэшце рэшт рок-музыку перамог рускі шансон, таму што ён апынуўся бліжэйшы простаму рускаму чалавеку». 

Адкрыта крытыкуючы цяперашні рэжым, Троіцкі не бачыць з'яўлення апазіцыі, якая б не проста крытыкавала, але і дзейнічала, каб змяніць сітуацыю. У сувязі з гэтым ён параўноўвае цяперашнюю сітуацыю ў Расіі з найноўшай гісторыяй Беларусі.

«У Расіі ёсць вельмі сур'ёзныя інтэлектуальныя рэсурсы. Я ў захапленні ад расійскіх палітычных і грамадскіх каментатараў. Цудоўныя тэксты, проста задавальненне чытаць. Але на гэтым усё і сканчаецца. Яны выказваюць свае думкі з Расіі і – штораз часцей – з-за мяжы; пішуць нешта разумнае і добрае, прасякнутае болем – яно ўражвае. Але штосьці зрабіць, каб гэта змяніць? Дык жа не».

Троіцкі, у саколцы ў падтрымку Алега Навальнага (асуджанага брата вядомага расійскага палітычнага актывіста Аляксея Навальнага), прызнаўся, што Аляксей Навальны здаецца яму адзіным, хто спрабуе нешта змяніць у Расіі.

«Скажам шчыра: Навальны – адзіны, хто цяпер спрабуе штосьці рабіць. З-пад хатняга арышту. Сапраўдны герой».

Што тычыцца яго самога – жыхара Эстоніі, які рэгулярна наведвае Расію – Троіцкі не турбуецца за сваю бяспеку. 

«У прынцыпе, я бесклапотны чалавек. Мне 59, мне давялося пажыць у розныя часы. Я ніколі асабліва не турбаваўся пра сваю бяспеку. Пакуль што ўсё добра. Я не лічу сябе небяспечным дысідэнтам. Зрэшты, я ж толькі выказваюся. І пішу».

Наступная Публічная дыскусія ЕГУ адбудзецца напрыканцы лютага. Яе госцем стане дацэнт ЕГУ Віктар Марціновіч, які падзеліцца новымі адкрыццямі з сваёй навукова-даследчай працы, прысвечанай беларускаму мастаку Марку Шагалу. 

Паводле прэс-службы ЕГУ


14:10, 20.01.2015 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0728 seconds.