Поўнагадовае Басовішча-2007: буйнейшы беларускі фэстываль прайшоў у тры дні

Дзевяць літараў у слове, дзевяць цытатаў з песень і дзевяць частак аднаго матэрыялу:

«Будзь разам з намі!» альбо Басовішча-2007 адбылося
«А ў бары-бары тры дарожанькі...» альбо жыцьцё намётавага гарадка
«Скора-скора-скора-скора канец!» альбо пераможцы «Фляўс і Кляйн»
«Ole-Ole-Ole-Ole, Беларусь жыве!» альбо колеры Басовішча
«Bось прыехалі ўсе – містэр, пані, гер, месье...» альбо госьці фэсту
«І цемра сьвятла ня згасіць!» альбо ночы на Басовішчы
«Што дапаможа нам – толькі рок-н-рол!» альбо музычныя стылі на фэсьце
«Чаканьне дастала!» альбо замінкі на Басовішчы
«А сэрца, нібы самалёт, так прагне палёту» ці пляны арганізатараў

«БУДЗЬ РАЗАМ З НАМІ!» альбо Басовішча-2007 адбылося

Усе верылі, маглі і перамаглі. Болей дзьвюх тысяч людзей сабраліся ў польскім лясным масіве на легендарным фэсьце музыкі маладой Беларусі Басовішча.

Заканчэньне трэцяга дня фэстывалю моцна нагадвала трэцяе студзеня. Вось ён, новы год, надышоў, заўтра на працу, а ў хатах бардакі, пад вачыма сінякі і нават не засталося ані кропелькі шампані, ані лыжачкі аліўе. Халодна, брудна і мярзотна. Вакол снуюць ужо смутна знаёмыя твары з мутнымі выразамі. Але разумееш – сьвята было, адарваўся на ўсе сто.

Людзей на фэсьце было ня болей, але й ня меней, чым у мінулыя гады. Але са зьменай кіраўніцтва БАСу зьявілася і шмат новаўвядзеньняў. Галоўным сюрпрызам стала тое, што фэсту дадаўся яшчэ адзін дзень. Рок-музыка розных гатункаў, бяссонныя ночы, танцы ў пылу і на сталох, сарваныя ўшчэнт галасы, гарачае сонейка, вясёлыя напоі – для многіх менавіта гэтыя тры дні і стануць адзіным летнім адпачынкам.

«А Ў БАРЫ-БАРЫ ТРЫ ДАРОЖАНЬКІ... » альбо жыцьцё намётавага гарадка

 

Насамрэч, уваход у намётавы гарадок быў адзін, што надавала бясьпекі і ўпэўненасьці.

Замалёўка з поля бою. Ноч, канец першага дня фэсту, раёнчык ля біяпрыбіральні: адзін добра падпіты хлопец радасна кажа свайму ня меней «добраму» таварышу: «а где-то тут есть палаточный городок...». Калі яшчэ для каго гэта стане сюрпрызам, паведамляем – гарадок быў, і ў ім былі людзі ды елкі. Прычым, елкі былі ня толькі ў лесе, але і на людзях – цішоткі з шэдэўрам Міхала Анемпадыстава разьляталіся хутка. Гэта вельмі ўскладніла пашуковую сыстэму: несфакусаваным позіркам вельмі цяжка было вылучыць патрэбную табе асобу, бо елкавая мода захлынула гарадок.

Прааналізаваўшы елкавы фэномэн (дарэчы, сам Міхал настойвае, што гэта сосны!), мы яшчэ болей упэўніліся ў лучнасьці людзей і елак (соснаў).

Істотным адрозьненьнем сёлетняга Басовішча стала акрэсьленая мяжа намётавага гарадку. Былі ўсталёваны мэталічныя сеткі, а за парадкам сачыла пільная ахова (якая, каб не паснуць, выпіла ўсю каву і гарбату з VIP-зоны). Таму акурат на тым месцы, дзе сталы музычнага закулісься і жыхароў гарадку колісь разьмяжоўвала толькі стужка, зараз стаялі краты. Псыхалягічна гэта было цяжка – п’еш ды еш, а за «кратамі» сядзяць людзі. Добра, што хоць таксама не сумуюць. Затое не было беспарадкаў. Залётных аматараў пашастаць у чужых намётах бачна не было.

Жыхарам намётавага гарадку ставілі адмысловыя штампікі, але яны вельмі хутка змываліся, таму ўзьнікалі праблемы зь вяртаньнем дахаты. Затое аматары бодзі-арту заштампілі свае бодзі адразу ў некалькіх месцах.

«СКОРА-СКОРА-СКОРА-СКОРА КАНЕЦ!» альбо пераможцы «Фляўс і Кляйн»

Нагадаем, што ў конкурснай частцы ўдзельнічала дзесяць беларускіх гуртоў, адабраных яшчэ ў Беларусі з 56 кандыдатаў. Гэта Фляўс і Кляйн, Indra, Lilith, RoStra, SKA!RB, Sok, Termin X, Unia, Weeping Twinlight, ZigZаg.

Конкурсная частка прайшла на адным дыханьні – то бок, дзесьці за куфлікам піва, чаму спрыяла надта сьпякотнае надвор’е. ZigZag вылучыўся тым, што вакаліст Загумёнаў назваў рэчы сваімі імёнамі – ўсе тры расейскія літары, якія не даюць спакою ўдзельнікам і прыхільнікам гурта, нарэшце былі вымаўлены ўслых. Эфэкт быў – народ ледзьве не падавіўся півам. Такім чынам, гурт прэзэнтаваў свой новы альбом.

Indra стала першым гуртом, паслухаць які народ спусьціўся з бара да сцэны. Своеасаблівы шчыры жаночы вакал, нейкая свая такая наіўнасьць, закрануў гледачоў, але не дастаткова ўразіў журы.

А выступ «Фляўс і Кляйн» хутчэй можна назваць выступам запрошаных гасьцей ці, прынамсі, хэдлайнэраў конкурснай часткі. Усё было цэльна, прафэсійна й запамінальна. Выйшаў гурт на сцэну з своеасаблівым пэрфомансам. Вакаліст нават ня выйшаў, а яго вынесьлі на сцэну ў зробленым з картону тэлевізары. На першыя гукі гурта пад сцэну пачаў зьбірацца народ.

Журы пайшло ў мясцовы лясок журыць, а мы запыталіся ў вядоўцы сёлетняга фэсту Аляксандра Памідорава, хто ягоныя фаварыты:

«Безумоўна, Sok і Ska!RB. А яшчэ, як ні дзіва, спадабаўся ZigZag. Гэта сапраўды гурт зь лідэрам. Што ні песьня, то новы стыль. Гэта не папса. Вось мае фаварыты. Спадабаліся гурты з вольнай сцэны – Заточка і Schody

Рашэньне журы кожнага фэстывалю Басовішча заўжды выклікае шмат абмеркаваньняў, абурэньняў ці згодаў. Зазвычай у Беларусі гурты адбірае беларускае журы, а на самім Басовішчы ў журы з большага мясцовыя, то бок з Польшчы. Сёлета ж з прапановы арганізатараў фэсту БАС беларускае журы ў поўным складзе было запрошанае пажурыць каманды і на заключным этапе выбару пераможцаў Басовішча-2007. Такім чынам, фэстываль сёлетняга году адрозьніваўся і рэкорднай колькасьцю сябраў журы – 14, палова зь якіх зь Беларусі.

Па сканчэньні конкурснай часткі за кулісамі пачаліся спрэчкі – погляды журы зь беларускага і польскага боку не супадалі істотна. Але якая б сыстэма галасаваньня не была – фляўсы перамаглі! І максымальна аб’ектыўна – кожны сябар журы абіраў тройку пераможцаў самастойна, а вынікі сумаваліся.

І вось яны, героі конкурснай часткі Басовішча-2007:

  • І месца: Фляўс і Кляйн
  • ІІ месца: Sok
  • ІІІ месца: Unia

 

 

 

Сяргей, вакаліст фляўсаў, запэўніў, што на фэсьце было «здорово» і ён такое «первый раз видит». Было нешта ў фэсьце, што гурту не спадабалася, але скардзіцца Сяргей адмовіўся. Пад канец фэсту Сяргей адчуў, што ўсе ўжо на сваіх хвалях, і ад гэтага яму было крыху ня ўтульна.

На агучваньні пераможцаў Фляўсу далі слова. Сяргей расчуліўся і пачаў усім дзякаваць. Па-расейску. На галёрцы пад сцэнаю пачаліся незадаволеныя хваляваньні. Але творцу хапіла ночы, каб на наступны дзень пасьля выступу (а сёлета пераможцы конкурсу мелі час на тое, каб яшчэ раз выступіць) павітаць усіх па-беларуску. Шчырыя памкненьні Фляўсаў віталі аплядысмэнтамі.

«ОЛЕ-ОЛЕ-ОЛЕ, БЕЛАРУСЬ ЖЫВЕ!» альбо колеры Басовішча

Адна з традыцыйных асаблівасьцяў Басовішчаў – гэта магчымасьць жыць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі (імі ж размахваць, у іх жа і апранацца), скандаваць да страты голасу «Жыве Беларусь!», гарланіць ва ўсю моц беларускія песьні.

Гэтым годам у першы дзень фэсту наведаўся Аляксандр Мілінкевіч з жонкай – трымаліся сьціпла й нават ня ўсімі былі заўважаныя. Як адзначыў Аляксандар:

«Прыехаў адпачыць на вечар, а заўтра – зноў за справы.»

Жыцьцё ў бела-чырвоных колерах стала настолькі натуральным і нават падзабылася, што бывае інакш.

Вакаліст «Фляўс і Кляйн» Сяргей лічыць, што гэта вельмі класна, калі ў фэсту ёсьць свая ідэалёгія, якую ён падзяляе з пункту гледжаньня свабоды. У розныя там палітычныя акалічнасьці гурт «Фляўс і Кляйн» не паглыбляўся.

«ВОСЬ ПРЫЕХАЛІ ЎСЕ: МІСТЭР, ПАНІ, ГЕР, МЕСЬЕ...» альбо госьці фэсту

Народ на Басы падцягваўся цягам усіх трох дзён. Але ўсё роўна асаблівага ажыятажу не было. Толькі падчас выступу N.R.M., аглядаючы басовішчныя палеткі, падумалася: адкуль яны ўсе павыпаўзалі? Намётавы гарадок спусьцеў ушчэнт, самотна гарэла сьвятло ў заціхлым піўбары.

Пад небам луналі збольшага бел-чырвона-белыя сьцягі, асноўная маса панаехаўшых была беларусамі, але былі і польскія, і чэскія сьцягі, быў народ з Расеі, Украіны, Нямеччыны і іншых краінаў.

Айк’юшнікі ехалі на Басы самастойна – яны якраз зьнялі новы кліп на песьню «Карыда». Па словах Сашы Ракаўца, там былі дзеўкі, лімузіны і басэйны. Мабыць, цяжка было апынуцца пасьля такога rich&beautiful у польскім лесе, але музыкам гэтага гурта не ўласьціва зорная хвароба.

Але самым жаданымі і любімымі з усіх гасьцей быў Вольскі Леанід Артуравіч, музыкі калектываў з ягоным удзелам і члены іх сем’яў. На другі дзень фэсту ансамбаль песьні і пляскі, які лёгкім узмахам рукі пераўтвараецца ў запальваючы бойз-бэнд, выклікаў неверагодны ажыятаж. Сам Вольскі не чакаў, што Крамбамбуля будзе мець такі посьпех на Басовішчы. Але чаго толькі не здараецца ў жыцьці – слэму застольнага гурта пазайздросьціў бы любы хэві-мэтал.

Ну а апошні дзень Басовішча цягнуўся бясконца і праляцеў незаўважна адначасова. Сонная раніца, вымершы гарадок – большасьць адправілася на возера. «Вольная сцэна» ня ўразіла зусім. Вельмі манатонна і аднастайна. Скандальная «Заточка» стала такой роднай і, дарэчы, адыграла вельмі прыстойна. Пры тым яшчэ «Заточка» сёлета была адзіным беларускім гуртом на вольнай сцэне. Астатнія – палякі. На наш уласны густ вельмі спадабаўся мясцовы гурт Schody, які варты выступу ў якасьці госьця. Спроба пагутарыць з удзельнікамі па сканчэньні фэсту посьпехам ня скончылася – гурт мы знайшлі ў піўбары. Хлопцы былі дужа вясёлая й усьмешлівыя, але па-беларуску не разумелі, здаецца – і па-польску ўжо зь цяжкасьцю. Дарэчы, яны выступалі ўжо на сцэне Басоў колькі год таму.

Гомельская «Раста», якая ўзяла галоўную Рок-карону 2006, выдала прафэсійны выступ. Тыя, хто стаяў ля сцэны, адзначалі неверагодна моцную энэргетыку гурта. Выступ «Расты» на Басовішчы паклаў канец хістаньням, ці вартыя яны былі кароны.

Усімі быў адзначаны інтэрнацыянальны склад гасьцей сёлетняга фэсту. Апроч беларусаў, былі польскія гурты «Błękitny Nosorożec», «Rima», «5set5», літоўскі гурт «Mountainside». Спадабаўся ўкраінскі «Тінь сонця», які акрамя ўласных кампазыцыяў падарыў і кавэр на легендарны «Gods Tower».

«І ЦЕМРА СЬВЯТЛА НЯ ЗГАСІЦЬ!» альбо ночы на Басовішчы

Беларускі рок раскінуў свае шчупальцы далёка за межы намётавага гарадку. У легендарным Killer бары на другі дзень папса была замененая на B:N.

Ганна Вольская распавядала, што Крамбамбуля возіць з сабой цэлы стос плытаў іх гурта адмыслова для памежнікаў, мытнікаў і даішнікаў. Прыйшлося істотна запасьціся перад вандроўкаю ва Ўкраіну (нагадаем, Крамбамбуля адразу па заканчэньні выступу N.R.M. выправілася ў Карпаты на фэстываль). Дарэчы, адзін з наведвальнікаў бачыў у польскага мытніка новы альбом N.R.M.:)

Біялягічныя гадзіньнікі хутка перайшлі на новы лад – днём спаць, а ў начы гуляць. Таму, натуральна, «цемра сьвятла не згасіла». Падавалася, што ўжо ніяк не дацягнеш да выступаў любімых гуртоў, якія ставіліся позна ўвечары, Але ў выніку і па заканчэньні, а другой ночы, спаць ужо ніхто не зьбіраўся.

 

Хэдлайн першага дня запоўніўся неверагодным выступам «Палацу». Алег Хаменка і сябры настолькі класна і запальваюча выступілі, што астатнія гурты неяк згубіліся на іх тле. Яшчэ не прызвычаіўшыся да такіх актыўных начных танцаў, каманда Generation.by пасьля перасунулася ў бар, у выніку там пачалося шоў, ня горшае, чым на сцэне. Моц уласных галасоў нават зьдзівіла – B:N і Сьцяну падтрымлівалі, як маглі. Потым пачаліся дзіўныя паганскія рытуалы: нейкі чалавек, магутны, як вікінг, ня кажучы ані слова, прайшоўся па ўсіх сталох, на кожным цалуючы бел-чырвона-белы сьцяг.

 

Як мы ўжо казалі, ансамбаль Крамбамбуля запаліў аж да нечаканасьці. Пелі-плясалі ва ўсіх накірунках – і паасобку, і парамі («Кавярня, прыцемкі, абсэнт...»), і ўсе разам (быў фірмовы крамбамбульны танец), народ нават слэміўся (а былі ж часы, калі Крамбамбулю раўнівыя фаны N.R.M. лічылі папсой).

 

На «Краму» ўжо проста не заставалася сілаў – натуральна, апэтыт вярнуўся падчас вячэры. Невядома якімі намаганьнямі народ пасьля «Крамы» і Farben Lehre дажыў да Neuro Dubel, а сам гурт – да свайго выступу. Але нічога, сабраліся, раскачаліся і дацягнулі да Zero-85, што аздобілі свой выступ праглядам нямога кіно – і гэта напачатку трэцяй гадзіны ночы!

 

«Б*я, будет солнце, б*я, будет море, б*я, будет солнце под потолком» – «Резиновый дом» сьпявалі нават калі дзюбеля былі ўжо за сцэнай. І вось усё сьціхла, а з боку намётавага гарадку данеслася дурным голасам: «Петрова, подай воды».

 

«Я Вас любіў, любоў яшчэ ў душы пагасла не вабшчэ, і апроч Вас яшчэ люблю ваду, і неба, і зямлю…» – пасьля выступу Крамбамбулі ўсеагульная любоў да ўнівэрсуму перадалася і N.R.M. «Мама, татка, я люблю неба, сонца і зямлю» – сьпявалі дзеткі N.R.M. Не было толькі маленькай Адэлькі Вольскай (пра што, дарэчы, конферансье Памідораў ня ведаў і пераблытаў усіх дзяцей). З Крамбамбулі ў N.R.M. былі перацягнуты таксама і ўлюблёныя лявонавыя чырвоныя нагавіцы з лампасамі, а таксама трамбаніст Косьцік, цудоўны хлапец і прафэсійны музыка. А ўвогуле, што пра N.R.M. пісаць? N.R.M. ёьць, быў і будзе! Ну а ў самым канцы хорам выканалі «Я нарадзіўся тут».

 

На ЧпБ народу было меней. Можа таму выступ Крова насуперак мінуламу году ня вельмі ўразіў. Затое народ прыхаваў сілы: сустракайце, IQ у хаце! Так, менавіта яны, «здаровыя лосі, IQ48». Гэтым годам разжыліся на яшчэ большыя марсіянскія строі. Плюс fire-show – выступ гурта быў сапраўды відовішчным, адзінае што нядоўгім.

«ШТО ДАПАМОЖА НАМ – ТОЛЬКІ РОК-Н-РОЛ!» альбо музычныя стылі на фэсьце

Размовы пра музычны фармат Басовішча не сьціхаюць мабыць ад моманту заснаваньня фэсту. За 18 год існаваньня фэсту цэлыя пакаленьні вырасьлі з музыкай Басовішча, таму пытаньне хвалюе многіх. І сярод заснавальнікаў фэсту – БАСу – ёсьць розныя меркаваньні, бо пакаленьні розныя. Адзін з заснавальнікаў Басовішча мастак Леон Тарасэвіч, нязьменны старшыня журы фэсту, бачыць Басовішча з адназначна цяжкой музыкай.

Сучаснае пакаленьне басаўцаў тлумачыць, што фэстываль ад пачатку мае назоў «Фэстываль музыкі маладой Беларусі Басовішча». Таму і фармат зразумелы – музыка маладой Беларусі. Але беларускамоўная альтэрнатыўная музыка заўжды мела больш рокавае адценьне, таму і фэст успрымаецца больш як рокавы. Але мeжы адчыненыя для любой беларускай альтэнатыўнай музыкі.

У апошнія гады на фэсьце стылёвая разнастайнасьць значна шырэйшая. Сёлета за тры дні фэсту на сцэне гучаў і рок у «розных вагавых катэгорыях», і фольк, і крыху гіп-гопа. Месца хапала ўсім. Неверагодны посьпех на Басовішчы-2007 Крамбубулі паказвае, што ня толькі хэві-мэталам жыве беларус.

Басовішча жыве, таму і фармат рэч не жорстка стацыянарная. Фэстываль – гэта хутчэй пляцоўка, люстэрка для адлюстраваньня сучаснай беларускай альтэрнатыўнай музыкі.

«ЧАКАНЬНЕ ДАСТАЛА!» альбо замінкі на Басовішчы

Чаканьне дастала адразу ж, яшчэ на подступах да Польшчы. Шэсьць гадзінаў аўтобусы з музыкамі і гасьцямі фэсту прастаялі на мяжы! Нават дзёрзкія напачатку маладыя музыкі стаміліся і прыціхлі. Асабліва вылучыліся беларускія мытнікі. Адныя толькі дэклярацыі два аўтобусы з музыкамі запаўнялі тры разы цягам некалькіх гадзінаў, а пасьля яшчэ столькі ж чакалі пашпартоў. Адпачыць так і не давялося – палякі папрасілі на выхад і з рэчамі. Разгрузіліся, зноўку пагрузіліся – хацелася проста паваляцца на траўцы, заплюшчыўшы вочкі.

Нават была думка раскласьціся адразу на мяжы – месца шмат, музыкі з інструмантамі ёсьць, наведвальнікі якраз пад’яжджалі. Забамбілі б «Мыцішча» – далі б форы Be2gether, які будзе адбывацца ў некалькіх мэтрах ад мяжы Літвы зь Беларусьсю. А тут – раўнюсенька на пераходзе з адной краіны ў другую.

Правёўшы за запаўненьнем дэклярацый тры гадзіны, ужо ніколі не забудземся, як гэта рабіць. Затое за гэты час беларускія мытнікі «заразіліся» і заразмаўлялі па-беларуску :)

У выніку, да Гарадку аўтобусы з музыкамі дабраліся толькі а дзевятай раніцы, выехаўшы напачатку адзінаццатай вечара папярэдняга дня.

А ў вечары ў чацьвер чакалі Таварыша Маўзэра, але зноўку чаканьне дастала – Янка з таварышамі на сцэне так і не зьявіўся. Затое зьявіўся за сцэнай – адразу Янку і не пазналі. Цяпер ён – бляндын. Вакол гурта заплялася сапраўдная закулісная інтрыга: да апошняга моманту трэцяга дня так і не было зразумелым, будзе Маўзэр выступаць або не. Арганізатары тлумачылі, што гурт запрасілі выступаць на чацьвер, але на сцэну апошнія так і ня выйшлі, хоць былі заўважаныя ў ваколіцах Гарадка. Самі ж Маўзэры распавядаюць, што напачатку іх выступ паставілі на апошні вечар у суботу, але потым перанесьлі на чацьвер. Такі варыянт колішніх пераможцаў Басовішча не задавальняў – усё ж круцей выступаць у апошнюю ноч – да таго ж пасьпелі фэнам распавесьці, што будуць хэдлайнэрамі.

У выніку, добрых лосяў IQ48 здорава падрэзалі – амаль на траціну. Бо менавіта Саша Ракавец, сьціплы чалавек, які ня любіць аніякіх пантоў, ды яшчэ на той момант і з сарваным голасам, мусіў вырашыць лёс Маўзэраў – і, зразумела, саступіў частку ўласнай праграмы гурта. Але, канешне, расстроіўся – народ толькі пачаў разагравацца пасьля таго, як адпачыў пасьля N.R.M. падчас выступу «Чырвоным па беламу».

А яшчэ, на Басах распачалася мэдыйная бойка. Адразу некалькі тэле і радыёканалаў супернічалі ў асьвятленьні палявых падзеяў.

Таксама ўсе чакалі чарговага сэту Памідораў-Кроў. Але два скандальных пэрсанажа нечакана знайшлі агульную мову. Нешта зусім хатнім і пакладзістым стаў Кроў.

«А СЭРЦА, НІБЫ САМАЛЁТ, ТАК ПРАГНЕ ПАЛЁТУ» альбо пляны арганізатараў

 

Радэк Дамброўскі можа глыбока ўздыхнуць і нарэшце расслабіцца – першае пад ягоным кіраўніцтвам Басовішча засталося ў гісторыі. Радэк ня можа назваць сябе задаволеным на ўсе сто адсоткаў, былі некаторыя праблемы, але зараз, гледзячы на спусьцелы гарадок і груды сьмецьця, нават ня верыцца, што яшчэ дзень таму жыцьцё тут віравала.

Радэк мае далёка ідучыя пляны. Наконт наступнага году пакуль нічога канкрэтнага ён сказаць ня можа, асноўныя сілы будуць накіраваны на падрыхтоўку 20-годзьдзя Басоў. Ёсьць дзёрзкая думка запрасіць на Басовішча 2009 гурт U2. У любым выпадку, фэстываль зьменіць свой твар, але па сутнасьці застанецца беларускім. Што тычыцца Адборышча, то выбар формы адбору кандыдатаў застанецца на сумленьні беларускага боку.

А наагул пра Басовішча ня трэба пісаць – яго трэба бачыць. Вытрымку часам фэстываль Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы прайшоў: 18 год – гэта ўжо сур’ёзна, хоць месцамі наіўна і дзёрзка. Але па-беларуску і на ўзроўні.

Фота: Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.096 seconds.