Лягатып Басовішча-2007 – «дровы» ад Міхала Анемпадыстава

Аматары фэстывалю музыкі маладой Беларусі, які ладзіцца ўжо 18-ы год, часта калекцыянуюць цішоткі з Басовішча розных гадоў, як пэўныя адзнакі, што «і я там быў, тусіў ды піва піў» :). У гэтым годзе кожны наведвальнік фэсту зможа прыдбаць сабе маечку, смыч ці значак з выявай двух дрэваў ад вядомага паэта і дызайнэра Міхала Анемпадыстава, які й атрымаў перамогу ў сёлетнім конкурсе на лепшы лягатып Басовішча-2007.

 

Як паведаміў сёньня Generation.by старшыня БАС Радаслаў Дамброўскі, да вырашэньня выбару лягатыпу сёлета басаўцы далучылі таксама і прадстаўнікоў папярэдніх пакаленьняў БАС:

«Лягатып Міхала Анемпадыстава найбольш перадае атмасфэру Басовішча. Мы задумваемся над тым, каб пакінуць тэкставую частку лягатыпа як сталы сымбаль Басовішча, а выяву можна будзе штогод зьмяняць ці мадэрнізаваць, што ўжо стала добрай традыцыяй фэстывалю.»

Міхал Анемпадыстаў распавёў, што яго натхніла на лягатып Басовішча:

«Для мяне галоўная графічная адметнасьць Басовішча – гэта тое, што фэстываль адбываецца ў лесе. Гэтыя дрэвы – гэта найбольш такая яркая візуальная адметнасьць. Яны зробленыя ў стылі выцінанак беларускіх – традыцыйная графіка, якая ў нас распаўсюджаная і ў Польшчы, і на Літве. Два дрэвы – гэта як беларусы па два бакі мяжы – беластоцкія беларусы й тутэйшыя. І можна было б трактаваць таксама – як Беларусь і Польшча, але мне здаецца што ня зараз, а вось з цягам часу можна было б, бо стасункі паміж беларусамі і палякамі нягледзячы ні на што, на маю думку, добрыя – не паміж дзяржавамі, а паміж звычайнымі людзьмі.»

Міхал сьвядома не ўжываў у лягатыпе выяваў наўпрост музычнай тэматыкі, бо «апроч гітары, усе астатнія музычныя сымбалі, інструманты альбо ня вельмі графічныя, альбо ня вельмі пазнавальныя», а гітара і так занадта часта выкарыстоўваецца ў розных аздабленьнях фэстаў. Таксама Міхал пагаджаецца, што многія аматары Басовішча едуць на фэст ня столькі непасрэдна за музыкай, як за ўнікальнай атмасфэрай.

Лягатып якога году найбольш запомніўся Міхалу Анемпадыставу за 18-гадовую гісторыю фэстывалю?

«Запомнілася аздабленьне Басовішча, якое Лёнік Тарасевіч рабіў – гэта белыя аблокі на блакітным фоне. Запомнілася, мабыць таму, што там, на самім фэсьце, быў джып, размаляваны такімі ж аблокамі. Гэта вельмі эфэктна выглядала.»

Лявон Вольскі таксама кажа, што лягатып 1993-га году «без усялякіх параўнаньняў» запомніўся найбольш:

«Там усё было зьвязана з гэтым небам. Потым там былі яшчэ такія непрыстойныя плякаты, якія віселі нават у напаўкаталіцкім Беластоку. На тле гэтага неба – мужчынскі полавы ворган ляцеў з крыламі. Сцэна таксама была аздобленая вялікімі палотнамі з намаляваным небам. Стары джып таксама быў размаляваны, а людзі ў ім ехалі ўсе ў чорным. Аздабленьнем тады займаўся Лёнік Тарасевіч – выбітны мастак з канцэптуальнымі падыходамі. А джып потым проста зламалі – нейкая мясцовая гапата. Джып пакінулі, а на раніцу ён увесь – у сьмятку, як кажуць :).»

А Міхал, натхніўшыся размовай і ўспамінамі, дадаў:

«Розныя гербы маюць свае назовы – «Пагоня» і іншыя. Дык я вось падумаў і даў назоў свайму лягатыпу – «Дровы»! :)»

Конкурс на лепшы лягатып да Басовішча сярод усіх ахвочых праводзіцца другі год. У мінулым годзе перамогу атрымала выява, прапанаваная рэклямнай групай Adліга.

У часе падрыхтоўкі мінулагодняга Басовішча, арганізатары беларускай часткі – каманда Studenty.by (Generation.by) прыдумалі для адборачнага туру Басовішча ў Беларусі назоў «Адборышча» і крыху мадыфікавалі да яго лягатып Басовішча-2006.


Так, выява ад «Аdлігі» адмыслова пад Адборышча займела стылізаваную гітару аўтарства актыўнага наведвальніка Generation.by Kvasir’а:

Узнагароджаньне пераможцы сёлетняга конкурсу лягатыпаў Міхала Анемпадыстава адбудзецца непасрэдна на фэсьце 20-21 ліпеня ў Гарадку (Польшча). Вядомы паэт і дызайнэр атрымае ад БАС грашовую ўзнагароду.

Гіторыя фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча» перадаецца з вуснаў у вусны музыкамі, аматарамі фэстывалю, рознымі пакаленьнямі сябраў БАС. Мы паспрабавалі зрабіць кароткі нарыс з тых плякатаў і лягатыпаў фэсту, якія ўдалося знайсьці.

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.