КУЛЬТурныя людзі: Міхал Анемпадыстаў

У дзяцінстве марыў стаць заолягам і скарбашукальнікам, але паступіў у мастацкую вучэльню і стаў мастаком і рок-паэтам. Аўтар "Народнага альбому" распавядае пра чучалкаў на гаўбцы, тройку па беларускай мове, піва "Аліварыя", мастацтва і музыку. 

Міхал Анемпадыстаў

Чучалкі на гаўбцы

Калі Вы былі маленькім хлопчыкам, то кім марылі стаць?

Калі дайшло да выбару прафэсіі, то я хацеў стаць біёлягам ці заолягам. Я зьбіраў розных інсэктаў: і матылькоў, і жукоў. Знаходзіў розных дохлых птушак, прыносіў іх дахаты. І ката нават аднойчы прынёс дохлага – прасіў бабулю, каб яна зрабіла зь яго чучала. У мяне жылі дома сьлімакі, палачнікі. Так мне ўсё гэта падабалася. Але ў рэшце рэшт я зразумеў, што мне нежывыя жывёлы больш падабаюцца, бо за жывымі трэба было глядзець. Я быў доўгі час упэўнены, што буду заолягам.

А прэпараваць гэтых дохлых жывёлаў Вы, часам, не спрабавалі?

Не, не спрабаваў. Я прыносіў і прасіў, каб бабуля гэтым займалася. А яна была вельмі добрым чалавекам і, мабыць, шкадавала мяне. Таму, не адразу выкідала тое, што я прыносіў, а казала, што зараз часу няма, а вось увечары будзе рабіць гэтае чучалка. Мы на гаўбцы гэта ўсё складвалі, а пазьней бабуля ўсё выкідала.

А чаму тады Вы не сталі біёлягам ці заолягам? Што так зьмяніла лёс?

Ведаеце, перад тым як я марыў стаць заолягам, я яшчэ хацеў быць вандроўнікам і скарбашукальнікам. І натуральна, шукаць скарбы было б самай лепшай прафэсіяй.

Я проста маляваў няблага заўсёды. І першыя мае малюнкі я зьмяшчаў ў энцыкляпэдыях пра жывёл, што рабіў сам. Там былі такія старонкі з намаляванымі малюскамі, іншымі рознымі жывёламі. Ўсё было падпісана. З памылкамі, канешне. Таму, маляваў я заўсёды. А пазьней, калі мы пачалі вывучаць гэтую біялёгію-заалёгію ў школе, то цікаўнасьць паступова зьнікла. А маляваньне засталося.

Пасьля я паступіў у мастацкую вучэльню. Мяне туды падбіла паступаць мая аднаклясьніца. Я паступіў, а яна сама – не. І пасьля гэтага ў мяне не было ўжо іншых плянаў. І я ніколі не шкадаваў, што паступіў туды, бо розьніца паміж мастацкай вучэльняй і школай была калясальная.

"Пераздаваў толькі аднойчы за ўсё сваё навучаньне – беларускую мову"

Чым Вам запомнілася студэнцкае жыцьцё? Якія яркія ўспаміны засталіся пасьля навучаньня?

Яркіх успамінаў шмат. Галоўнае, што навучаньне ў мастацкай вучэльні прынцыпова адрозьнівалася ад навучаньня ў школе. Там можна было адчуць свабоду, наколькі гэта мажліва было ў Савецкім Саюзе. Можна было насіць даўгія валасы, там вяліся свабодныя размовы, у якіх удзельнічалі і настаўнікі. Настаўнікі былі такімі людзьмі, якія свабодна выказвалі свае думкі.

А ці былі якія-небудзь нефармальныя групы моладзі ў вучэльні?

Не, не было. Відаць, не хапала людзей, каб згуртавацца. Тады толькі пачыналі зьяўляцца нефармальныя аб’яднаньні і першае, што тады ўзьнікла, гэта былі пацыфісты. А вельмі хутка пасьля гэтага зьявіліся аб‘яднаньні мэталістаў і крыху пазьней – “Майстроўня”.

Міхал Анемпадыстаў

А як бавілі вольны час у студэнцкія гады? Вы штосьці казалі пра тое, што недалёка тут на Сьвіслачы зьбіраліся зь сябрамі, пілі віно... 

Насамрэч мы пілі няшмат, але час ад часу, канешне, выпівалі. Увогуле, кожны з чатырох гадоў навучаньня мы праводзілі па-рознаму, бо з часам погляды зьмяняліся, мы самі сталелі. Першы год мы прыглядаліся адзін да аднаго, экспэрымэнтавалі з алькаголем, “шукаючы” сваю дозу. Гэта нехта сказаў, што п'яніцы - гэта тыя людзі, які яшчэ не знайшлі сваю дозу :). Вось так мы вывучалі жыцьцё. А пазьней мы ўжо сур’ёзна цікавіліся мастацтвам, шмат малявалі. Выходзілі на эцюды ў старым горадзе, малявалі шмат таго, што зараз ужо зьнесена і зруйнавана. А ў апошнія гады, калі ўзьніклі гэтыя розныя моладзевыя аб’яднаньні, то мы проста шмат часу “тусаваліся”. І ў хіпісцскай тусоўцы, і хадзілі на "Мастроўню", ды й проста знаёміліся з рознымі людзьмі. Гэта быў час, калі мы назапашвалі кантакты. Тады якраз адчынілася Траецкае прадмесьце і кавярня ў ім. І кавярня тады была такім гарадзкім цэнтрам, дзе зьбіралася абсалютна розная нефармальная моладзь.

Ці даводзілася пераздаваць якія прадметы пад час навучаньня?

Я пераздаваў толькі аднойчы за ўсё сваё навучаньне – беларускую мову. У мяне была тройка, але ў прынцыпе можна было ставіць цьвёрдую двойку. Ведаеце, мы ж у той час усе выхоўваліся па-расейску. А на трэцім курсе мы пачыталі Караткевіча зь сябрам. Пасьля пачалі шмат чытаць па-беларуску. А на чацьвертым курсе мне было няёмка, што ў мяне тройка і я папрасіў настаўніцу пераздаць іспыт. І пераздаў яго на пяцёрку.

А так я вучыўся даволі добра. З-за таго, што навучальная ўстанова гэтая была прафэсійная, асабліва ніхто не зьвяртаў увагі на агульнаадукацыйныя прадметы. Таму па іх былі часам і тройкі. Галоўным было здаваць спэцыяльныя прадметы. Я ня быў ніколі выдатнікам, але былі ў мяне пяцёркі і чацьверкі, а адзіную тройку я выправіў на пяць.

Што тычыцца спэцыяльных прадметаў, то першыя два гады я ня мог зразумець, што ад мяне хочуць выкладчыкі. Як кажуць: “Нельга навучыць, а можна навучыцца”. На трэці год навучаньня я стаў сам вучыцца, дзякуючы выкладчыкам, канешне, і крыху разумець што да чаго.

"Я, збольшага, мастак, таму што гэта – мая прафэсія, мой хлеб"

Калі АНЕМПАДЫСТАЎ стаў паэтам і мастаком, з чаго ўсё пачалося?

Я ўсё ж такі паэтам сябе ніколі не лічыў і зараз не лічу. І мне паэзія ў прынцыпе не падабаецца. Я вельмі спакойна стаўлюся да яе. Я вазьму чытаць, і мне так сумна становіцца, нецікава. І я проста адкладаю кніжку.

Спачатку я, натуральна, як мастак рэалізоўваўся. І зараз я, збольшага, мастак, таму што гэта – мая прафэсія, мой хлеб.

Міхал Анемпадыстаў у войску

Пайшоў у войска. З гэтага пачалася мая працоўная кар’ера. У краіне тады была перабудова, усё хуткімі тэмпамі зьмянялася. Так як у войску я быў мастаком, то ў "Ленінскім пакоі" я браў лязо, падскрабаў там цытаты Брэжнева і пісаў цытаты Чарненка. Пазьней Чарненка памёр, і я падскрабаў цытаты Чарненкі і пісаў цытаты Андропава. А калі памёр Андропаў, то мне наш зампаліт кажа: "Слухай, ты цытаты пакідай тыя ж самыя, толькі прозьвішчы зьмяняй."

З войска я вярнуўся ўжо ў новую краіну, і таму спачатку прыходзілася адаптавацца.

А так як мне падабаліся плякаты (у мяне і дыплёмная праца была па іх жа), то я рабіў плякаты. Некамэрцыйныя, што называецца "аўтарскія". Выстаўляўся з гэтымі плякатамі. Пазьней пэўны час я займаўся станковай графікай. А пасьля некалькі гадоў працаваў мастацкім рэдактарам у часопісе "Бярозка". На той час, думаю, гэта быў самы сьмелы часопіс на Беларусі. І хаця гэта быў часопіс для піянэраў і школьнікаў, але мы друкавалі тое, што ў дарослых часопісах не друкавалася. Там тады вельмі добрая рэдакцыя падабралася. Працавалі Глёбус, Валодзя Сіўчыкаў, Ігар Бабкоў, Максім Клімковіч, Алесь Бадак – моцная каманда.

А ці ёсьць у Вас у бліжэйшых плянах правядзеньне выставы?

Я прымаў удзел у калектыўных выставах плякатаў. Раней яны рабіліся час ад часу. А пэрсанальныя выставы ў мяне былі, але гэта былі выставы не плякатаў, а станковай графікі. Некалькі – ў Бэрліне і некалькі было ў Даніі, адна ў Польшчы.

А на Беларусі?

Пэрсанальных ніколі не было.

А хацелі б?

Я б хацеў. Але, думаю, гэта не выстава графікі ці плякатаў. Я б хацеў зрабіць выставу фатаграфіі.

Міхал Анемпадыстаў

Вы яшчэ й фатаграфіяй захапляецеся?

Апошнім часам так. Шмат здымаю. Апошнім часам – гэта значыць апошні год. У мяне фотаздымач заўсёды быў. Я там здымаў час ад часу. Але і фотаздымач непрафэсійны, і я ставіўся да гэтага непрафэсійна. А зараз я гляджу, што і непрафэсійным фотаздымачом можна рабіць нармальныя здымкі. Я на працягу апошняга году здымаю Менск. Мэтанакіравана, таму што ён са страшэннай хуткасьцю зьнішчаецца. І я спрабую па сьледзе фіксаваць тое, што яшчэ ўцалела. І думаю зрабіць выставу і напісаць кнігу таксама.

Цікава...А якога кшталту будзе гэтая кніга?

Альбо я зраблю такі працяг кнігі Артура Клінава (кніга “Менск – горад сонца” – рэд.), бо мне падабаецца гэтая ідэя. Мне здаецца, што калі б такіх кніг пра Менск, якія б з розных бакоў паказвалі горад і давалі аўтарскую ацэнку гораду, было некалькі альбо шмат, то тады такімі агульнымі намаганьнямі мы маглі б стварыць агульнагарадзкі “міт”. І сыходзячы з гэтага, мне здаецца, што варта было б у такім самым фармаце выдаць кнігу, падтрымаўшы гэты філязофскі жанр. Калі Клінаў сьцьвярджае, што “Менск – гэта горад сонца”, то ў мяне будзе іншы мэсэдж. Я, думаю, што Артур такі правакатар і правакуе ў гэтай кнізе. Я ня думаю, што ён абсалютна ўжо прапіў мазгі і думае, што Менск – гэта насамрэч горад сонца :). Альбо так, альбо гэта будзе такі слоўнік “Ад А да Я”, у якім будуць важныя рэчы. Менавіта для мяне. З гарадзкога асяродзьдзя, з гарадзкой гісторыі, жыцьця.

А сама кніга будзе выкананая ў чорна-белай ці каляровай тэхніцы?

:) Для мяне гэта ня так прынцыпова. Хаця, я здымаю на каляровую стужку. І колер для мяне мае вялікае значэньне, бо я люблю колер. Мне было б проста шкада, каб каляровыя фотаздымкі там не прысутнічалі, таму што колер стварае настрой. Пры гэтым, клясычнай фатаграфіяй лічыцца чорна-белая. Але ўсё ж такі гэта не прынцыпова. Больш прынцыпова сабрацца і гэта зрабіць:).

Ці ёсьць рэчы, якія мы можам сустрэць у штодзённым жыцьці, і якія сваім дызайнам абавязаныя Вам?

Так. Я шмат раблю аздабленьне CD-дыскаў. Я рабіў NRM, Партызанскую школу, Вайцюшкевіча рабіў некалькі дыскаў. Ужо і не памятаю... Шмат. Паштовак шмат зрабіў, таксама вокладкі для кнігаў. Яшчэ я распрацоўваў этыкеткі для гарэлкі. Гарэлка – гэта таксама частка нашай культуры. Ва ўсім сьвеце алькагольныя напоі зьяўляюцца культурнай спадчынай і нацыянальнай каштоўнасьцю, візытоўкай краіны. Фірма, зь якой я супрацоўнічаю, намагаецца ствараць менавіта беларускія брэнды, і людзі там інтэлігентныя і творчыя працуюць. Яны праўда намагаюцца ствараць якасны прадукт – ад зьмесьціва да назвы і этыкеткі.

"А піва ўжываю замест супа..."

У тэме сьпіртовых напояў узьнікае такое пытаньне: а Вы якому сьпіртоваму напою аддаеце перавагу?

:) Ну, хацелася б пажартаваць, што – усім. Але, насамрэч, гэта залежыць ад паравіны году, бо летам я аддаю перавагу піву. І мне падабаецца беларуская “Аліварыя”. Можа, у мяне нейкі дрэнны густ, можа, я мала пакаштаваў піва, каб зразумець, але мне падабаецца “Аліварыя”. І я, калі з Польшчы прыяжджаю, пасьля польскага, якое лічыцца добрым півам, заўсёды з задавальненьнем п’ю беларускае. Узімку (таксама не арыгінальна) мне падабаецца гарэлка і самагонка. Нават, мне самагонка больш падабаецца. Але я ніколі ня п’ю гарэлку, і тым больш самагонку, з рознымі там сокамі, газіроўкамі :).

І таксама ніколі ня п’ю без закускі. Мне падабаюцца такія напоі як частка гастранамічнай палітры. Мне падабаецца закусіць :).

І чым Вы звычайна закусваеце? Што лепш ідзе пад гарэлку, пад самагон?

І пад самагон, і пад гарэлку лепш пасуюць традыцыйныя закускі. Усё зьвязана: ў нас халодна ўзімку і таму мы мусім есьці шмат тлушчу, каб падтрымліваць жыцьцяздольнасьць арганізму. Гэтыя тлушчы трэба расчапляць. А сьпірт гэтую функцыю якраз і выконвае. Так што, тут ўсё зьвязана – гэта павінна быць, што называецца, калярыйная ежа :) – “острая і жырная пішча”. А я такі традыцыяналіст: я люблю бульбу зь селядцом, я люблю чорны хлеб. Я люблю сала, але каб яно было з маразілкі, каб было цьвёрдзенькае. Пажадана без мяса, можна, каб рознымі там прысмакамі было пасыпанае. Яшчэ капусту квашаную вельмі люблю, агуркі. Мне здаецца, што яно ўсё так згарманізаванае паміж сабой, пасуе адзін да аднаго і стварае смачныя пары... і трыо :). І пасуе і да гарэлкі, і да нашага клімату, і да нашага жыцьця.

А летам мяне заносіць, не сказаў бы што, у экзатычную, але ў больш здаровую ежу. Я ем шмат зеляніны, розных салатаў. А піва ўжываю замест супа, бо летам амаль ня ем гэтых супоў-баршчоў.

“Яічных дзел масьцер”

А вось дома Вы самі сабе гатуеце ці Вам гатуе жонка?

Раней жонка гатавала, бо я працаваў штодня, а яна была дома. А я тады ўжо па суботах-нядзелях. А зараз наадварот: я дома працую, а жонка ходзіць на працу. І баюся, што давядзецца мне гатаваць.

І што Вы ўмееце гатаваць? Альбо любіце найбольш гатаваць?

Я больш за ўсё люблю і ўмею гатаваць сaлату. Я магу зрабіць салату з чаго заўгодна! :)

Рэцэпціка ў мяне два. Я прыйшоў да такой высновы, што салаты існуе толькі два гатункі, а ўсё астатняе – гэта мадыфікацыі. Адзін гатунак – гэта “Загадка”. Гэта калі запраўка непразрыстая – альбо маянэз, альбо сьмятана. А другі – “Фантазія”, дзе запраўка – гэта алей ці воцат.

Яшчэ я люблю рабіць розныя стравы зь яек. І ў мяне ёсьць такая падпольная мянушка дома – “яічных дзел масьцер” :).

А самая любімая страва?

Мабыць, няма. У мяне няма любімага колеру, любімай песьні, любімай стравы, таму што мне больш падабаецца разнастайнасьць і спалучэньне. Можна самую шыкоўную страву ня ў тым месцы, ня ў той час і ня з тымі людзьмі і не пад тым соусам зьесьці і будзе кепска :). Я яшчэ дранікі страшэнна люблю. Каву вельмі люблю. Калі няма дома кавы, то гэта нават горш чым, калі няма цыгарэтаў.

"...я хачу пішу – хачу не пішу"

Шмат хто зь беларускіх музыкаў сьпявае песьні на вашы словы. А ці ёсьць такія людзі, для якіх Вы яшчэ ня пісалі песень, але вельмі хацелі б?

Не, няма. Я нават не магу растлумачыць.

А што натхняе Вас на напісаньне песень? Ці ёсьць нейкі пэўны мэханізм?

Наўрад ці можна гэты мэханізм апісаць. Кожны раз абсалютна па-рознаму. Да таго ж, я ня лічу сябе прафэсіяналам. Калі б я ім быў і зарабляў на гэтым грошы, то я б ведаў усю гэтую мэтадалёгію. А так як я не абцяжараны гэтым напісаньнем тэкстаў, то я хачу пішу – хачу не пішу. Часам бывае, што яны вельмі лёгка пішуцца, а часам бывае, што ўвогуле не пішуцца ніяк. Гэта нават залежыць ад таго, як я жыву, маё прыватнае жыцьцё – што яно зь сябе ўяўляе. Для творчасьці трэба быць вольным чалавекам, не абцяжараным праблемамі, адказнасьцю. Усё павінна быць “па барабану”. Але жыцьцё ўжо і ёсьць адказнасьць перад іншымі людзьмі, перад блізкімі. Гэта ўжо трэба быць абсалютна такім адмарожаным, каб займацца толькі сабой, тануць у алькаголі, цыгарэтным дыме і пісаць геніяльныя вершы. Альбо, як большасьць людзей, жыць нармаваным жыцьцём. Альбо трэба мець шмат вольнага часу і так элегантна папісваць: сядзець у кавярні, паліць, піць каву і пісаць геніяльныя рэчы.

Міхал Анемпадыстаў

Няма мэханізму. А “Народны альбом” вельмі лёгка пісаўся. Пры тым, што гэта быў час такі рэфэрэндуму, шоку, пэсымізму. Але было шмат месцаў, дзе можна было сабрацца і абменьвацца думкамі. А зараз такога месца няма, дзе можна было сабрацца, выпіць кавы, перакінуцца думкамі. А рок-музыка – яна шмат у чым калектыўная.

У апошнім выніковым галасаваньні на Тузіне Гітоў дзьве песьні на вашы словы выйшлі ў паўфінал. Што вы адчуваеце? Гонар? Задавальненьне?

Ну, каб я не адчуваў гонару і задавальненьня, я б быў алігафрэнам :)). Канешне, прыемна. Калі б адна была песьня, то можна было б сказаць – ну, гэта выпадкова. А тут – дзьве, і ўжо ніяк ня скажаш пра выпадковасьць. Прыемна. Хаця, я разумею, што адваротнае галасаваньне ўсё па-іншаму расклала. І ў той жа момант любое галасаваньне, любы гіт-парад – гэта рэч суб’ектыўная. Хаця, першы час людзі галасавалі, не прачытаўшы правілы. Ціснулі на "NRM", каб падтрымаць любімы гурт, а насамрэч "выбілі" яго. Гэта такі анэкдатычны выпадак. Але, калі б быў іншы расклад галасаваньня, то наўрад ці на першым месцы былі песьні з маімі тэкстамі.

А супраць якой з дзьвюх гэтых песень прагаласавалі Вы?

Супраць якой?... А я не скажу :)). 

А самі Вы якую музыку слухаеце?

У мяне няма нейкіх такіх прыярытэтаў стылёвых. Мне вельмі розная музыка падабаецца. Па-першае, гэта не mainstream, ня тая музыка, якая гучыць, якая папулярная. Гэта – музыка па-за стылем. Мне апошнім часам не падабаецца агрэсіўная музыка. Я магу паслухаць адзін-два разы – і мне хапае. І, збольшага, з задавальненьнем слухаю такую музыку, якая не напружвае сваёй агрэсіўнасьцю, але ў той жа час павольна і няўхільна зацягвае. Самае апошняе, што зьявілася ў маіх запісах, гэта адзін новы эстонскі праект, гітарная музыка разам з кантэле і ціхім-ціхім вакалам. Цяжка нават жанр акрэсьліць.

Якія Вашыя ўражаньні ад сёлетняга Басовішча?

Самае галоўнае, што сёлета былі прадстаўлены розныя фарматы. Усёткі “Басовішча” не стала такім “фэстывалем адной плыні”. І гэта вельмі істотна. І толькі з-за гэтага можна сказаць, што Басовішча было вельмі ўдалым. Зрэшты, на Адборышчы мы не дамовіліся падчас галасаваньня, але так падсьвядома ўсе выбіралі гурты розных стыляў. А публіка ў нейкім сэнсе ня была гатовая для такой “рознай” музыкі. Ну, зрэшты, публіка асабліва і ня слухала канкурсантаў, ня гледзячы на іх стылістыку. Халодна вельмі прымалі, што, на маю думку, ня зусім правільна. Нават не па-людзку: людзі там змагаюцца, каб прыехаць на гэтае Басовішча, а там пяць п’яных панкаў таньчаць перад сцэнай :) і сонца сьлепіць вочы. Мне тут нават шкада гэтых канкурсантаў: столькі чаканьняў, столькі намаганьняў, крыўдаў, каб туды прыехаць. Прыяжджаеш – а там невядома што. З гэтым нешта трэба рабіць.

Каштоўнасьць моманту

Можа, у Вас ёсьць якія-небудзь парады сучасным студэнтам? Такі своеасаблівы наказ ці пажаданьне?

Міхал Анемпадыстаў

Было б дзіўна нешта радзіць сучасным студэнтам, бо шмат што зьмянілася. Таму для студэнтаў у мяне няма ніякіх парадаў, а вось для моладзі ёсьць парада. У свой час, калі я мусіў сысьці ў войска, я зразумеў: “Вось, я сяджу каля Сьвіслачы (мы тады кожны дзень зьбіраліся). Такое кляснае надвор’е, сябры побач і ўсё так клясна. А праз месяц я пайду ў войска і нічога гэтага ня будзе. Таму мне трэба ўсё гэта запомніць”. Тады я пачаў усьведамляць каштоўнасьць моманту. Час ідзе вельмі хутка, і кожны момант непаўторны. І кожны момант трэба ня толькі пражыць, а пражыць і асэнсаваць ягоную каштоўнасьць.

 

Гэта ня толькі студэнтаў тычыцца, але нават і гэпэтэушнікаў, і асобаў без занятку. :)

14:42, 21/09/06
Яня Бурая
Тут павінен быў быць банэр, але ў вас старая вэрсія Flash-player. Аднавіце яе, каб бачыць сымпатычную анімацыю ;)

Камэнтары

Камэнтаваць могуць толькі аўтарызаваныя карыстальнікі.
Зарэгіструйцеся і ўвайдзіце на сайт, калі ласка.
 
In 0.3704 seconds.