Вялікі студэнцкі фотаальбом КУЛЬТурных людзей

«Ой, гэта ж так даўна было, трэба пашукаць фота ў бацькоў», — самы папулярны адказ на першы зварот Generation.by да вядомых людзей Беларусі, якія праходзяць у праекце пад брыфам «КУЛЬТурныя людзі». Усе некалі ды былі студэнтамі, здавалі курсавыя, адрываліся ды адпачывалі. Калі як не ў Дзень Студэнта сабраць разам рарытэтныя фота студэнцкага часу вядомых зараз людзей? З такой сьветлай ідэяй выправіліся мы на пошукі.

Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Сяргей Міхалок, Аляксандар Кульлінковіч, Ганна Вольская, Ігар Варашкевіч, Піт Паўлаў, Міхал Анемпадыстаў, Адам Глёбус, Кася Камоцкая, Зьміцер Падбярэскі, Саша Ракавец, Віталь Артыст, Каця Пытлева — усім ставім «выдатна»! ;)

Больш таго, напрыканцы фотаальбома чытачоў чакае асобны фотасюрпрыз.

­

Студэнт Алег да і пасьля паступленьня 

Малады, прыгожы, пэрспэктыўны хлопец з фота і не падазраваў, што вырасьце і стане самім Алегам Хаменкам, лідэрам вядомага ўсім пакаленьням сучасных беларусаў «Палацу». З Алегам мы прагледзелі цэлы альбом ягоных юнацкіх фота. Ведаем нават, як выглядала ягонае школьнае каханьне;). На першым здымку малады выпускнік школы Алег Хаменка праз тры месяцы стане студэнтам Інстытута Культуры.

Зорка рэклямы піва і сасісак Сяргей

Няцяжка здагадацца, хто з герояў нашага часу на гэтым здымку. Насамрэч гэта фота рабілася да рэклямы «Піва і сасіскі ў Тоўстага Мо» — кавярні ў Доме Культуры МТЗ, якой Сяргей Міхалок зь вядомым зараз прадусарам Калмыковым займаліся недзе ў 1994-1995 гг. Дарэчы, «Ляпіс Трубяцкой» быў заснаваны Міхалком якраз у вясёлы студэнцкі час.

Сам Міхалок грыз граніт навукі ў Інстытуце Культуры па спэцыяльнасьці «рэжысура масавых сьвятаў». Атрымаць у гэты фотаблог рарытэтнае фота Сяргея для нас таксама сьвята. Таму ставім «залік»! :)

Сантэхнік і журфакавец Саша

­

На першым фота малады пацыфіст Саша перад атрыманьнем пашпарту. На абодвух здымках хлопцу 16 год. А ўжо праз год ён створыць Нейра Дзюбель.

Лепшымі гадамі навучаньня Аляксандар Кульлінковіч лічыць ПТВ № 23, адкуль ён выйшаў сантэхнікам. «Вучыцца падабалася ня надта, але які антураж!..» — узгадвае музыка. Адразу пасьля гэтага падаўся у БДУ на журфак, так і не папрацаваўшы па атрыманай у ПТВ спэцыяльнасьці. Але на журфаку пратрымаўся лідэр Neuro Dubel толькі паўгады: «Аднойчы проста ўзяў і сышоў зь лекцыі па ангельскай мове — і не вярнуўся. Папрасіў таварыша забраць мой канспэкт.» Канспэкт вярнулі праз дзесяць год:).

Рамантычны «шпіён» Міхал 

­

«Ёсьць у мяне фота і пакруча, толькі не магу знайсьці», — распавядае рок-паэт, мастак Міхал Анемпадыстаў. На гэтым фота Міхал у Піцеры, падчас летняй практыкі ад Менскай Мастацкай вучэльні. Год недзе 1982. «Капялюш стары татаў, куртка бяз гузіка мая, валасы за каўнерам. Здымаў мой аднакурсьнік Аляксей. Ён быў таксама ў капелюшы. І мы выглядалі, напэўна, на праваленых шпіёнаў:)», — узгадвае Міхал.

Карацей, студэнты рабілі выгляд, што машына іхняя. Але колаў і фараў на ёй ня было, што радавала і весяліла хлопцаў. У іх было ўсё, ня было толькі грошаў:). Сябар Міхала Аляксей у свой час ледзь ня вылецеў з вучэльні з-за сваёй беларушчыны, а зараз піша абразы пры Менскай епархіі. 

Ігар ужо ў студэнцкія часы не разьвітваўся з гітарай

Гэты малады стыляга ўжо тады, будучы студэнтам менскага тэатральна-мастацкага інстытута, не разьвітваўся з гітараю. Стылёвае фота зробленае недзе ў 1982-1983 гадах аднакурсьнікам лідэра аднаго з самых выбітнейшых гуртоў Беларусі Ігара Варашкевіча. Да стварэньня «Крамы» было крыху меней дзесяці год, а многія з нас тады толькі нараджаліся.

Вясёлы студэнт-вандроўнік Зьміцер

Гісторыя яркага фота наступная. Гарачае лета 70-га году. Студэнтаў філфака БДУ накіравалі ў будатрад Казахстану. Было настолькі сьпякотна, што хлопцы вырашыліся пагаліцца налыса. Зьмітру было цяжка пайсьці на гэты крок, але скарыўся. На здымку ён цалуе свае любімыя шыкоўныя даўгія валасы.

Зьміцер атрымлівае ад нас асобны рэспэкт за колькасьць захаваных фота са студэнцкага часу. На фота ёсьць усё: будатрад, вандроўкі, сьвяткаваньні днёў народзінаў, пікнікі. На многіх фота ўжо ў той час Зьміцер не разьвітваецца з прыймачом. Мабыць, інтуіцыя падказвае будучаму вядомаму музычнаму журналісту Зьмітру Падбярэскаму шукаць хвалі Радыё Свабода.

Студэнтка гістфака Кася раіць вучыцца 

«Вучыся вучыцца», — аптымістычна нагадвае вясёлая прыгажуня на фота. Кася Камоцкая ў пачатку 80-х ня толькі вучыла гістрыю ў БДУ, а ўжо грала на гітары і сьпявала. А ў будучым яе чакала «Новае неба». Палазіўшчы па фотаархівах, Кася сама зьдзіўленая, што зь вясёлых студэнцкіх часоў у яе знайшлося так мала здымкаў.

Студэнт РТІ-шнік пачынае музычную кар'еру 

Пасьля першага курса Піт трапіў у будатрад зьбіраць памідоры. Сытуацыю ратавала толькі тое, што на 5 хлопцаў прыходзілася 100 дзяўчат з мэдычнай вучэльні. «Выспацца так і не давялося,» — узгадвае Піт Паўлаў. Дарэчы, на гэтым фота ён (справа) разам з будучым інжынэрам Алегам Піваварчыкам, зь якім яны разам пачыналі музычную кар'еру. На наступнае лета Піт у будатрад ня трапіў — выключылі. Затое ён стаў адным зь лепшых гітарыстаў Беларусі, лідэрам праекту Pete Paff і гітарыстам NRM.

Малады Адам

­

Прыгожы хлопец з аголеным торсам — пісьменьнік і мастак Адам Глёбус. Аўтарка шыкоўнага здымку — Алена Адамчык, якая сфатаграфавала студэнта Тэатральна-мастацкага інстытута (Акадэмія мастацтваў) у 1982 годзе. Другое фота 1984 года зь легендарнай імрэзы, размова пра якую ідзе напрыканцы нашага фотаальбому.

Тады Артыст яшчэ езьдзіў па ільготным

­ ­

­

На фота зьлева сучасны лідэр галоўных беларускіх «зайцаў» «Без Білета» Віталь Артыст на другім курсе ўнівэрсытэта культуры катэдры харавога дырыжаваньня. Здымак зроблены за кулісамі пасьля канцэрту ў Гомелі. На фота Віталік і Гары з Штудгарта. Тады Віталіка яшчэ не выключалі з унівэра…

Галасісты біёляг Каця

Калі ўжо на першым практычным занятку па анатоміі чалавека на біяфаку БДУ гэтая дзяўчынка схапіла ў свае рукі самы вялікі экспанат, відавочна, у жыцьці яна скарыць многае. Прыгажуня віджэй Першага музычнага каналу, вакалістка «Клёндайк» Каця Пытлева ў 2000 годзе думала не пра музычныя віэарэпартажы, а пра тое, як без стратаў здаць лабараторную.

Здаровы лось

­­­­­ ­

­Чалавек, для якога кожны дзень як Дзень студэнта, — гэта самы пазытыўны ўдзельнік нашага фотаальбому Саша Ракавец. Ад стылю вопраткі да жыцьцёвых прынцыпаў ён вечны студэнт. 

А во­сь на фота ён у Менскім палітэхнічным каледжы. Ня верыцца, што Саша і пінжак - рэчы сумяшчальныя:).

На здымку будучы «здаровы лось» не падазрае, што ў гэтым жа годзе ён далучыцца вакалістам да IQ48, што моцна паўплывае на яго жыцьцё.­

 

 

 

Прыгажуня-студэнтка Ганна

Студэнтка Інстытута Культуры, як і большасьць студэнтаў розных пакаленьняў, разумее, што выпраўляцца ў доўгую дарогу за перамогамі патрэбна на сыты страўнік:). Здаецца, калі й зараз зайсьці ў студэнцкі інтэрнат, ён будзе выглядаць так жа сама. Ды й прадусарку «Крамбамбулі» Ганну Вольскую найпрасьцей пазнаць на студэнцкіх фота з усіх удзельнікаў фотаальбому.

 Старанны студэнт Лявон «на бульбе»

Гледзячы на рэакцыю дзяўчатаў на заднім пляне фота, можна здагадацца, што ўжо тады малады студэнт мастацкай вучэльні імя Глебава Лявон Вольскі карыстаўся папулярнасьцю. Пакуль дзяўчаты зьбіраюць бульбу, хлопцы пазуюць будучым папараццы. Дарэчы, побач зь Лявонам ягоны аднакурсьнік, а ў будучым вядомы мастак Сяргей Рымашэўскі.

Апярэджваючы просьбу дадаць фота з больш выразным тварам Лявона, дадаем яшчэ адзін здымак. Тут лідэр NRM на занятках разам з аднагрупнікамі.

Так нараджалася «Мроя»

­ 

У пошуках здымкаў для гэтага фотаальбому Лявон езьдзіў да маці, дзе знайшоў, на наша шчасьце, не адно рарытэтнае фота. І гэты гістарычны здымак мы проста ня маем маральнага права не зьмясьціць на сайт. Чый канцэрт, здагадайцеся з адной спробы?  1984 год, «Тыдзень выяўленчага мастацтва». Гэта першы канцэрт культавай «Мроі», зь якога ў Лявона захавалася фота. А «мроеўцы» яшчэ зусім студэнты, але ўжо папулярныя. Углядзіцеся ў твары прыхільнікаў. Многіх можна пазнаць, калі памятаць, што здымку больш за 20 год.

Высновы няхай пішуць гісторыкі, біяграфіі — біёграфы. Я ж магу дадаць адно — захоўвайце фоткі свае дзіцячыя, юнацкія, студэнцкія. Хто ведае, якім посьпехам павернецца лёс. У любым выпадку, паглядзеўшы на свае старыя здымкі, настрой паднімаецца. Праверана!

­



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1132 seconds.