КУЛЬТурныя людзі: Аляксандар Кульлінковіч

Новы госьць рубрыкі «КУЛЬТурныя людзі» Аляксандар Кульлінковіч – лідэр гурта «Neuro Dubel», удзельнік «Крамбамбулі», харызматычны і неверагодна цікавы чалавек. Кася Сарокіна і Зьміцер Язьвінскі наведаліся ў госьці да Аляксандра, пазнаёміліся зь ягоным сынам Сашам, катом Васіліскам, даведаліся, колькі часу і як Кульлінковіч вучыўся на журфаку, ці падабалася вучыцца на сантэхніка, што "калі б Караткевіч быў музыкам, то быў бы панкам" і што Кульлінковіч — «чалавек з сабакамі нумар два».

­

Studenty.by – рэсурс студэнцкі, таму першае пытаньне адпаведнае і традыцыйнае: дзе Вы навучаліся, як навучаліся і наколькі навучацца падабалася?

– Спачатку я вучыўся ў школе №99, пасьля ў сорак пятай – бо кватэру зьмянілі. Ну а лепшыя тры гады майго жыцьця – калі навучаўся ў ПТВ №23. Я пэтэвушнік. Сантэхнік. “Кароль г..на і пара”. Вучыцца падабалася ня надта, але які антураж!..

– А колькі гадоў працавалі па спэцыяльнасьці? 

– Папрацаваць не давялося – адразу пасьля ПТВ паступіў у БДУ на журналістыку. Той пэрыяд, калі там навучаўся, быў абсалютна недарэчны! Правучыўся паўгады. А аднойчы проста ўзяў і сышоў зь лекцыі па ангельскай мове – і не вярнуўся. Папрасіў таварыша забраць мой канспэкт. І ня так даўна – празь дзесяць год пасьля гэтага – ва ўрачыстых абставінах ён-такі вярнуў мне мой канспэкт.

– Як судачыняліся савецкая ідэалёгія (камсамол) са студэнтам Кульлінковічам? Як лічыце, чым адрозьніваецца камсамол і БРСМ?

– О! Я быў у камсамоле 2 тыдні, потым мяне выключылі. За нядобрыя паводзіны. Правільна зрабілі, сапраўды жыў ідыётам. БэРэСэМэ моцна адрозьніваецца ад камсамола, да камсамола ўсе ставіліся як да кіначасопісу перад фільмам, у БэРэСэМэ уступаюць ад раўнадушнага дыбілізму, альбо ідэйна, але гэта адно і тое ж.

– У студэнцкія гады Вы былі такім жа адыёзным і непрадказальным?

– Дзіўна, а мне здаецца, я вельмі нават прадказальны. Калі навучаўся, на сцэне яшчэ не выступаў. Але, насамрэч, чалавек на сцэне і чалавек у жыцьці – гэта зусім розныя людзі.

– (жартам): Вы ў жыцьці зусім іншы? Гэта супакойвае!

– Сцэна – гэта тэатар. Ніхто ж ня думае, што актор, які грае Поньція Пілата, у рэяльным жыцьці – цэрбер, жудасны чалавек. 

А сваю ролю я прыдумаў сабе сам, тым яна і каштоўная. 

– Імідж гурта на працягу гадоў зьмяняўся?

– Толькі ў пляне нецэнзурных словаў – іх станавілася меней, а зараз няма ўвогуле.

– Ці ўзгадаеце зараз якія-небудзь найбольш адметныя вычварэньні часоў свайго студэнцтва?

– Ведаеце, мне пашанцавала зь дзяцінствам. Я нарадзіўся ў Смалявічах (у Менску - зь пяці год). Мы жылі ў маленькай такой хатцы – сем чалавекаў на чатырнацаць мэтраў. Гэткая “вялікая камуналка”. Была яблыня. Былі месцы, дзе можна было пабегаць і што-небудзь пападрываць...
А у студэнцкія гады... Ня ведаю. 

– Чым займаліся ў студэнцкія гады акрамя музыкі і, магчыма, непасрэднага навучаньня?

– Дык я і музыкай не займаўся! Быў нейкі “левы” інтарэс. Журналістыка, насамрэч, не цікавіла. У васемнаццаць цяжка чым-небудзь сур’ёзным займацца – гармоны бурляць. Я жанчынамі займаўся (усьміхаецца), а не сантэхнікай, журналістыкай альбо музыкай.

 

– Зараз Вам трыццаць тры, ND – напалову маладзейшы. Разумею, што Вы пра гэта сто разоў распавядалі, але агучце, калі ласка, у сто першы: як ствараўся гурт?

– Шчыра кажучы, граць хацелася зь дзяцінства. У шэсьць год вырашыў, што буду музыкам. А пасьля – пасьля проста час прыйшоў.

– Ці праўда, што граць пачыналі ледзь не на рондалях?

– Праўда, мой першы гурт называўся “Псыхадром”. На жаль, не захаваліся запісы таго часу: пральная машына, дакладней рухавік ад яе, выварка літраў на пяцьдзесят і нашыя крыкі – сьпявалі! Гэта быў восемдзесят шосты год.

– Ці гэта праўда, што назоў Neuro Dubel зьявіўся у пэрыяд Вашага актыўнага “закоса” ад войска?

– Час, калі ствараўся гурт, быў пэрыядам дзікага захапленьня Sex Pistols. І, канешне, хацелася назвацца як-небудзь так, каб быў – як і ў іх – нейкі фалічны сымбаль. Сэкс-слуп ці як яшчэ – неяк нязручна. І раптам прыйшло ў галаву – дзюбель! У той час я ня тое, каб касіў ад войска, але аб’ектыўна так – ляжаў у Навінках. А там паўсюдна “нэйра” – нэйрахірургія і іншае. Так і вызначыўся – Neuro Dubel, так мовіць, “шуруп у мазгах”. 

Але назоў гэты я ненавіжу. Калі мы былі ў Варшаве, з намі граў гурт Big Cyc – “вялікая с..кі” – мужыкам па сорак год, а гурту ўжо семнаццаць – дык яны гэтак жа ненавідзяць свой назоў. Чаму – зразумела. Але зьмяняць ужо няма куды.

– У адным зь інтэрвію Вы зазначылі: “Кожны мае права паслаць і быць пасланым. Але я пасылаю далей за ўсіх”. Са дня стварэньня гурта неаднаразова мяняўся ягоны склад. Адно з другім неяк зьвязана?

– Склад калектыва зьмяняўся ня гэтак часта. Але каардынальна – калі рыхтавалі “Танкі”. І для мяне сымбалічна, што альбом атрымаў такое прызнаньне на Рок-каранацыі. Вельмі радасна ад таго, што прызналі ня толькі наш пераход на беларускую мову, але і новы склад гурта.
Канешне, ня часта, але людзям прыходзілася сыходзіць. 

– Прычыны?

– Усе абсалютна аб’ектыўныя. Наш гітарыст – вялікі добры чалавек, якога мы і зараз не выключаем са складу, ягонае прозьвішча ёсьць і ў сьпісе гурта на нашым сайце – Максім Паравой (Паравоз) – зараз працуе ў Маскве. Ён ня мог ня зьехаць – на тое былі свае прычыны. Макс – выдатны архітэктар, у яго свая фірма. Але заўсёды, калі мы бываем у Расеі, ён грае з намі. Максім Івашын – наш клявішнік зь дзевяноста чацьвертага года – зьехаў у Канаду. Было цяжка: засталіся я, бэк-вакаліст і бубнач Андрэй Сьцепанюк. Ён ные, але грае :) А тое, што мы зноўку сабралі гурт – гэта вялікае дасягненьне. А першае дасягненьне Neuro Dubel у новым складзе – “Танкі”. 

 

– Вы згодныя зь меркаваньнем, што папулярнасьць Neuro Dubel перш за ўсё трымаецца на энэргетыцы і харызматычнасьці ягонага франтмэна, тобок на Вашай?

– (АК задумаўся) Можа гэта і будзе нясьціпла, але я згодны. Тым ня менш, я ўсіх дзюбелей падрыхтоўваю – калі памру, не спыняйце працу. Бярыце каго іншага – і працуйце!  Ізноў нясьціпла скажу, але тыя праекты, за якія бяруся я – ці то справа ў голасе, ці то ў падачы – атрымоўваюцца на 100%. Людзям патрэбна, каб да іх зьвярталіся. Як да Вас зараз – і Вам цікава – бачу ж, вочы блішчаць!..

– Раскажыце, калі ласка, як Вы трапілі ў “Крамбамбулю”? Ці не лічыце яе занадта глямурнай для Вас?

– Проста – патэлефанаваў Лявон  і прапанаваў: “Сашка, давай сьпяем!” Прыйшоў – і прасьпяваў. І цікава было. Я асабіста лічу, што “Марская” – адна зь лепшых песьняў у маім жыцьці.

– Чула, што Вы захапляецеся відэа і вельмі адказна ставіцеся да працэсу стварэньня кліпаў. Вы самі прыдумляеце сюжэты і праводзіце кастынг?

– Ні ў якім разе! Калі Бог дараваў людзям пачуцьцё прыгажосьці і пачуцьцё графікі,  выяў, я, мабыць, стаяў у чарзе за партвэйнам. У гэтым я абсалютна нічога не разумею! Відэа – толькі Толік Вечар, ён зрабіў Dubel адсоткаў на пяцьдзесят. Менавіта ён робіць для нас кліпы. Прычым за зусім сымбалічную плату. Сумы называць ня буду – не паверыце.

– Вы неаднаразова казалі, што на Вашае жаданьне займацца музыкай паўплывала захапленьне творчасьцю Sex Pistols, KISS, Макарэвіча. Паўплывалі яны і на вызначэньне музычнай накіраванасьці ND. А як Вы прыйшлі да свайго фірмовага і непаўторнага – нэйрадзюбелеўскага – стыля?

– Стыль паводзінаў – толькі ад Dead Kennedis. Гэта амэрыканскі гурт. Іхні саліст Jello Biafra – чалавек, які “зрабіў” усяго мяне. “Я і сам – чалавек з сабакамі” – галоўнае, што я прачытаў у сваім жыцьці – гэта інтэрвію з Biafra.

У ім ён распавядае: калі быў маленькі, любіў грэбацца на сьметніку за музычнай крамай, куды выкідвалі старыя, непатрэбныя і бракаваныя кружэлкі. І аднойчы ён знайшоў там альбом Джэферсана “Аэраплян”. І толькі ўзяў у рукі – а за сьпіной: “Не чапай! Гэта маё!” Ён павярнуўся і ўбачыў чалавека. Рыжага. А на павадках у яго – зграя сабакаў. Ён аддаў яму кружэлку, а праз некаторы час заўважыў, што гэта чалавек з сабакамі яго перасьледуе. Было жудасна – дзе быў ён, там зьяўляўся і чалавек з сабакамі. А пасьля хлопец зразумеў: чалавек з сабакамі проста сьцябаўся зь яго – з нармалоіда, нармальнага чалавека. Рыжаму сьмешна было бачыць, як той баіцца.

І з таго часу маё жыцьцё рэзка зьмянілася, –  піша Biafra. – Зьмянілася, калі я зразумеў, што ён лічыць мяне нармальным чалавекам, нармалоідам”.

Гэтак і маё жыцьцё зьмянілася, калі я прачытаў ягонае інтэрвію. Зразумеў, што я – нармалоід. Нельга быць такім. Нельга гэтак жыць. Нельга баяцца.

Інтэрвію скончвалася наступнымі словамі: “Мабыць я і сам – чалавек з сабакамі”. А я – чалавек з сабакамі нумар два. Я спрабую сьмяяца з нармалоідаў. Са сцэны. 

Чаму праз столькі год пасьля стварэньня гурта Вы засьпявалі па-беларуску?

– Гэта доўгая гісторыя. Алесь Суша вырашыў зрабіць музычны праект – сьпевы на вершы Караткевіча. Паклікаў і мяне. Мы з NRM запісалі "Папараць-кветку".

Вось тады і нарадзілася нашая "Скрыпка дрыгвы". Усе шукаюць у Караткевіча верш з гэткім назовам, і ніхто ня можа знайсьці. А чаму? Таму што ніякі гэта ня верш, гэта прамова да казкі, што складаецца з чатырох частак. Яна так і называецца – "Скрыпка дрыгвы". 

Гэта песьня – мой гонар: я “зрабіў” яе разам з Караткевічам. І настолькі быў уражаны ягонай творчасьцю, што сьпярша проста ўзяў у Лявона кніжку пачытаць, а пасьля сказаў яму: "Прабачай, але не вярну".

Я ня надта добра ведаю беларускую паэзію, але ўпэўнены: Караткевіч – лепшы! А яшчэ веру: калі б ён быў музыкам, ён, безумоўна, быў бы панкам. 

І ўсё гэта мяне так "торкнула", што я пачаў пісаць па-беларуску. І дагэтуль не магу спыніцца.  Шкада толькі, што той альбом так і ня выйшаў.

– Вы і далей зьбіраецеся пісаць па-беларуску?

– Я і ня супраць пісаць па-расейску, але не магу! Нічога ў галаву не прыходзіць. Пачынаю пісаць – атрымліваецца толькі па-беларуску.

– Распавядзіце, калі ласка, пра пляны Беларускай Уніі Музыкаў, створанай пасьля сумных падзеяў ліпеня 2004-ага.

– Шкада – усё разьбіваецца аб побыт. І зараз кожны працуе за сябе. Але ўсе мы – забароненыя музыкі – падтрымліваем адзін аднаго. Калі першы раз забаранілі мой канцэрт – 1 красавіка 2005-ага – мне патэлефанавалі Алег Хаменка, Лявон Вольскі і іншыя добрыя людзі і сказалі: "Саша, калі што – мы за цябе!".

– У працэсе змаганьня за свае правы як музыкі Лявон Вольскі паабяцаў дайсьці да кабінэта Міністра Культуры. А на якія радыкальныя крокі гатовыя пайсьці Вы?

Калі б было магчыма, і я пайшоў бы да міністра. Але ж гэта бяз сэнсу. Шмат куды хадзілі. "Якія забароны?! Няма ніякіх забаронаў!"

Я абажаю закон. Я хачу кіравацца законам. Але няма яго. Ёсьць "тэлефонае права".

Дарэчы, адна вядомая беларуская сьпявачка неяк сказала мне: "Саша, зразумела, што прэзыдэнт забараняе твае канцэрты – ты ж яго ня любіш!" Уяўляеце?

Зараз шмат хто з выканаўцаў кажа: "Мы па-за палітыкай!" А хіба я ў палітыцы? Мяне зрабілі такім. Хто знойдзе ў мяне хоць адну палітычную песьню – я таму падарунак рыхтую! 

– Аднойчы Вы сказалі: “Польшча – краіна, дзе адчуваеш сябе амаль як дома”. Вы часта выступаеце ў Польшчы? 

– Даволі часта. Вось аднойчы ў Польшчы плакаў. Я ў прынцыпе чалавек сэнтымэнтальны. У Варшаве паказвалі фільмы пра Беларусь на вялікім экране. І я пачаў равець, як дзевачка ў кіназалі. Я, насамрэч, не жалезны. Гэта я на сцэне такі.

А 12 сакавіка там быў цікавы канцэрт. Мы сьпявалі ў цэнтры Варшавы на плошчы. Музыкі адныя і тыя ж, а вакалісты ўвесь час зьмяняліся – я, Вольскі, Варашкевіч, Кася, Руся – і выконваліся песьні Свабоды. Сьпевы эпохі Салідарнасьці, перакладзеныя на беларускую мову. Неверагоднае пачуцьцё, салідарнасьць, мноства нашых сьцягоў, сапраўдных. Проста захапленьне. Уразілі палякі, іх добрае стаўленьне да нас… Я лічу іх сапраўды нашымі братамі і сябрамі.

– На канцэрце “Океан Ельзі” у Менску іхнія беларускія фанаты гучна папрасілі Вакарчука перайсьці на ўкраінскую мову, калі той павітаўся па-расейску. У Варшаве Вас просяць размаўляць па-беларуску?

– Я да палякаў і зьвяртаюся па-беларуску.

 

– На ўваходнай старонцы neurodubel.com пазначана: "Для асобаў, што спачуваюць амэрыканскаму ладу жыцьця, уваход непажаданы". За што Вы так ня любіце Амэрыку?

– А за што яе любіць?! Амэрыка – фашысцкая дзяржава. І супраць гэтага цяжка што-небудзь казаць. Людзі нармальныя, а дзяржава – жудасная.

Ведаеце показку? Французы ўвесь час думаюць, каго б гэта па.. пакахаць. Ангельцы – дзе б гэта яшчэ выпіць, у якім пабе. І толькі Амэрыка думае глябальна: на каго б гэта яшчэ ськінуць бомбу?
А я – чалавек мірны. За што разбамбілі Югаславію? Ведаеце за што? І я ня ведаю. А ў мяне там сябры былі... А што думаеце наконт касэтных бомбаў, якія сама Амэрыка і забараніла? А пасьля падкідвала югаслаўскім дзецям баскетбольныя мячы, за якія бярэшся – і ў цябе няма рук. А за што?

Тое самае і ў Іраку. Мне сябры распавядалі: такога зьверства яны ня бачылі і ў галівудзкіх баевіках.
Амэрыка ваюе супраць усіх. І гэтая вайна нават ня супраць людзей – яна супраць чалавецтва. Ненавіжу Амэрыку. Як можна любіць фашыстаў? У іх нават сьцяг увесь у крыві!

– Чула, што апошнім часам нейкія гады спамяць на Вашым сайце. Як лічыце, гэта звычайныя інтэрнэт-хуліганы ці добраарганізаваная каманда дывэрсантаў?

– Гэта дывэрсіі. Мы правяралі. За чысьцінёй на сайце сочым я, наш гітарыст і адзін наш таварыш зь Літвы. А распрацоўваў яго такі добры чалавек Саша Якаўлеў. Па-мойму, сайт выдатны атрымаўся.

– Дарэчы, Вы ў курсе таго, што прадаецца складанка “Лепшыя альбомы ND” у MP3 фармаце? 

– Канешне. Усё абсалютна ліцэнзійна. Прычым я сам настаяў на тым, каб кошты былі нізкія – усяго сем тысячаў, максымальна – дзесяць. Раней некаторыя выдаўцы хацелі ставіць нашмат большыя, але я абурыўся: ну адкуль у нашага сярэднестатычнага прыхільніка 10$ на дыск?

– Разумею, што для Вас не ўпершыню, але не магу не запытацца: што Вы адчулі, атрымаўшы карону за Лепшы Альбом Года – за “Танкі”?

– Neuro Dubel – лепшы гурт! Мы ж стварылі "Лепшы Альбом Года"! Мы – адзіны гурт, які атрымаў "Альбом Года" тры разы: "Охотник и Сайгак", "Ворсинки и катышки",  і вось нарэшце - "Танкі". Лепей за "Танкі” нічога няма. Гэта аб’ектыўна.

– На Вашую думку, ці справядліва, што J-Mors прызналі на РОК-каранацыі лепшым гуртом?

– Справядліва і аб’ектыўна. Гэта насамрэч “Гурт года”. Але паступілі яны ня як каралі. Як конюхі. Каралi так сябе не паводзяць.

 

– Вядома, што Вы зь дзяцінства зьбіраеце показкі. Узгадайце, калі ласка, якую-небудзь добрую студэнцкую показку. Спэцыяльна для studenty.by :).

– Пра студэнцтва? Ох, звычайна показкі распавядаюцца сытуацыйна: “Во! Дарэчы, ёсьць анэкдот на гэтую тэму!

Але, добра, распавяду адзін, калі просіце:

17 лістапада – Дзень студэнта. А 23 лютага – Дзень студэнта, якому моцна не пашанцавала :)

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.