Топ-10 мэтадаў адкосу ад разьмеркаваньня. Частка 1: магістратура

Можна колькі заўгодна казаць аб незаконнасьці прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў, яго архаічнасьці і, нарэшце, недарэчнасьці. Аднак выпускнікам-бясплатнікам рана ці позна прыйдзецца мець справу з камісіяй па разьмеркаваньні. А яна законы ведае добра! Дык ведай жа й ты іх, каб не ўкляпацца ў лужыну і абараніць свае правы годна. Глядзіце першую нашага частку ТОПу найбольш зручных мэтадаў сыходу ад прымусовага разьмеркаваньня.

1. Паступіць у магістратуру ў Беларусі

Адзін з самых надзейных мэтадаў сысьці ад разьмеркаваньня ў гэтым сэзоне — паступіць на навучаньне на вышэйшую ступень навучаньня: дзённую магістратуру альбо асьпірантуру. Прычым зрабіць гэта можна ў год сканчэньня ўнівэрсытэту — то бок ужо ў час разьмеркаваньня. І як толькі ты атрымаеш дакумэнты аб залічэньні ў ВНУ, твой працадаўца абавязаны цябе звольніць.

Адзіны нюанс — магістратура мусіць быць платнай, інакш прыйдзецца адпрацоўваць ужо за навучаньне ў ёй. Вельмі важна давучыцца да канца магістратуры.

Але новы Кодэкс аб адукацыі, што будзе кіраваць працэсам разьмеркаваньня з 1 верасьня 2011, ужо зьнішчае магчымасьць паступленьня ў магістратуру, бо абавязвае адпрацоўваць два гады нават пасьля атрыманьня дыплёму магістра, калі дагэтуль навучаўся на бясплатным аддзяленьні. Хаця выйсьце ёсьць і тут — паступленьне ў асьпірантуру (але тады прыйдзецца працаваць у ВНУ). Таму сьпяшайцеся — дзьверы хутка зачыняюцца!

Колькі адпрацоўваць

Разьмеркаваньне — гэта не на ўсё жыцьцё. Праўда, у некаторых выпадках яно можа зацягнуцца.

  • Маладыя людзі, што атрымалі прафэсійна-тэхнічную адукацыю, мусяць адпрацаваць 1 год;
  • Асобы, што атрымалі вышэйшую адукацыю, мусяць адпрацаваць два гады;
  • Выпускнікі вышэйшых мэдыцынскіх навучальных устаноў накіроўваюцца на працу па разьмеркаваньні пасьля стажыроўкі і абавязаныя адпрацаваць два гады пасьля яе;
  • Мэтавікі (тыя, хто вучыўся па дамоўленасьці паміж арганізацыяй і ВНУ) адпрацоўваюць пяць гадоў.

2. Паступіць у магістратуру за мяжой

Калі раптам пасьля разьмеркаваньня цябе «занесла» ў магістратуру, гэта яшчэ ня значыць, што ўсё скончана і разьмеркаваньня ня будзе. Асаблівыя праблемы могуць узьнікнуць у тым выпадку, калі магістратура аказалася «забугорскай»: у Расеі, Украіне ці, крый божа, у варожай Польшчы. Хаця ў апошнім выпадку, як у сытуацыі з «роднай» беларускай магістратурай, ты абсалютна чысты перад законам і дэканам. Закон так і кажа, што малады спэцыяліст, які да пачатку адпрацоўкі паступіў у асьпірантуру альбо магістратуру, абавязаны на працягу трох дзён пасьля залічэньня пісьмова паведаміць аб гэтым наймальніку і ўстанове адукацыі, а таксама вярнуць пасьведчаньне аб накіраваньні на працу.

І нічога аб месцы знаходжаньня навучальнай установы не ўдакладняецца. Але ў некаторых ВНУ у студэнтаў узьнікаюць праблемы: на Факультэце міжнародных адносінаў БДУ, напрыклад, ёсьць таемны ліміт на колькасьць бюджэтнікаў, якіх «адпускаюць» вучыцца ў замежную магістратуру. А на некаторых факультэтах БНТУ дык увогуле наўпрост кажуць: «нельга! Плаці за пяць гадоў — і едзь вучыся».

«То бок тэндэнцыя: на больш высокіх узроўнях кажуць вусна-напаўвусна, што можна. А на ніжэйшых — катэгарычна нельга», — кажа студэнт-выпускнік аднаго з тэхнічных ВНУ Менску, які цяпер спрабуе паступіць у замежную магістратуру і заадно адстаяць свае правы на навучаньне ў ёй бяз выплаты кампэнсацыі дзяржаве.

Але праз звароты ў Міністэрства адукацыі, а таксама праз практычны вопыт студэнты пераканаліся: разьмеркаваньне ў выпадку паступленьня ў замежную магістратуру «адмяняецца».

Афіцыйна

Асобаў, што падпадаюць пад разьмеркаваньне, датычацца два важныя юрыдычныя дакумэнты: «Палажэньне аб разьмеркаваньні выпускнікоў (…)» (10.12.2007 № 1702) і «Палажэньне аб вяртаньні грошаў (…)» (23.09.2006 № 1255). У апошнім прапісана, што выпускнік вызваляецца ад выплатаў, калі ён у год сканчэньня навучаньня быў залічаны ў магістратуру (пункт 4). І тут не пазначана, якую магістратуру і ў якой краіне. Адным радком гэтага палажэньня прапісана гэтая магчымасьць вучыцца без наступстваў за мяжой, і таму для яго разуменьня многія студэнты зьвяртаюцца па парады да спэцыялістаў, бо шмат што ў ім вельмі не празрыста.

Юрыдычную падтрымку бясплатна можна атрымаць празь вялікі форум аб разьмеркаваньні.

Распавядае выпускніца Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Ганна, якая ўжо другі год вучыцца ў бясплатнай магістратуры ў Нямеччыне:

«Я ведала, што навучаньне ў магістратуры пасьля сканчэньня навучаньня залічваецца ў тэрмін разьмеркаваньня. Прычым гэткая магчымасьць распаўсюджвалася як на магістратуру беларускіх, гэтак і замежных ўнівэрсытэтаў. Таму я вырашыла падаваць дакумэнты ў замежную ВНУ. Але сам працэс разьмеркаваньня мне прыйшлося прайсьці, нават нейкі час папрацаваць па разьмеркаваньні, пакуль я не атрымала ліст з паведамленьнем аб афіцыйным залічэньні ў будучы ўнівэр.

Залічэньне ў шматлікіх замежных унівэрсытэтах на магістэрскія праграмы адбываецца нашмат пазьней за нашыя. Гэтае паведамленьне я прадставіла на працы па месцы разьмеркаваньня, і яно стала падставай для звальненьня. Паперы аб звальненьні і залічэньні ў магістратуру я перадала ў свой унівэр. Зь яго атрымала адказ, што мушу па сканчэньні магістратуры прадставіць дакумэнт, што пацьвярджае, што я ўсё ж магістратуру скончыла».

Болей ад Ганны МДЛУ нічога не пажадаў — і выплочваць сродкі за 5 гадоў навучаньня альбо дапрацоўваць пасьля магістратуры ня прыйдзецца.

Што цікава, паводле новага Кодэксу аб адукацыі, які зьмяняе правілы разьмеркаваньня, паступаць у замежныя магістратуры не забаронена. «Момант не адрэгуляваны», — кажуць распрацоўшчыкі Кодэксу і спасылаюцца на рашэньне Беларусі ўступаць у Балоньскі працэс. «Трэба заахвочваць мабільнасьць», — кажуць заканадаўцы.

Аднак Кодэкс, які пачне дзейнічаць з 1 верасьня 2011 году, прымушае выпуснікоў-бясплатнікаў адпрацоўваць нават пасьля сканчэньня магістратуры. Замежнай ці беларускай — не істотна. Ня мае значэньня і форма навучаньня ў магістратуры — платная ці бясплатная.

Таму ў выпускнікоў 2012 году прасторы для манэўраў, каб, як кажуць выпускнікі, «вырвацца з гэтай сыстэмы як з калючага дроту», будзе яшчэ меней.

Лічбы

Болей за 3 тысячы выпускнікоў з 21 тысячы, што мусілі быць разьмеркаванымі ў мінулым годзе, здолелі гэтага пазьбегнуць. Пры гэтым 15% менскіх выпускнікоў-бюджэтнікаў атрымалі права на вольнае працаўладкаваньне. Самым папулярным «адкосам» ад разьмеркаваньня стала паступленьне ў магістратуру. Самым незайздросным — служба ў войску. І толькі 69 чалавек проста не прыйшлі на першае месца працы: цяпер ім пагражае суд.

Болей лічбаў

Пра іншыя мэтады законнага сыходу ад разьмеркаваньня чытайце на Generation.bY у частцы 2 і 3.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0876 seconds.