ТОП-10 мэтадаў адкосу ад разьмеркаваньня. Частка 2: жыцьцё пасьля разьмеркаваньня

Чарговае прымусовае разьмеркаваньне ўжо «пракацілася» па беларускіх унівэрсытэтах, але гэта не нагода апускаць рукі і адпраўляцца ў далёкія аграгарадкі рэспублікі. Мы падрыхтавалі чарговую порцыю варыянтаў адкосу ад разьмеркаваньня нават пасьля самога разьмеркаваньня.

***пачатак чытаем тут

3. Перавод з аднаго месца ў іншае

Іру, выпускніцу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры, пасьля сканчэньня спэцыяльнасьці, зьвязанай з народнымі рамёствамі, разьмеркавалі ў дзіцячы садок выхавацелем у прадлёнцы першага кляса. Папрацаваўшы там пару месяцаў, Іра адчула вялікі дыскамфорт:

«Не магла звыкнуцца зь вялікай колькасьцю рухаў і гуку малых дзяцей, і з пачуцьцём бездапаможнасьці, уласным маральным канфліктам, — кажа Іра. — Не хацелася загадваць і настойліва патрабаваць ад усіх парадку».

Зразумеўшы, што праца «не яе», дзяўчына зьвярнулася да свайго шэфа:

«Сказала загадчыцы садка, што хацела б сысьці. Яна спачатку адмовіла. Але здарыўся выпадак, калі дзеці ў нейкую сажу ўлезьлі, павымазваліся… Бацькі пачалі пужацца: „глядзіце, на каго дзеці пакідаюцца!“ Дык мяне ад граху падалей па ўзгадненьні бакоў і звольнілі».

Іра лічыць, што ёй пашэнціла. Пасьля звальненьня яна пайшла ў цэнтар занятасьці насельніцтва, і там ёй прапанавалі месца кіраўніка гуртка па кераміцы у аддзяленьне дзённага знаходжаньня інвалідаў.

«Можа мне шанцавала, бо я сама, не узгадняючы свае дзеяньні з дэканатам, уладкавалася на працу. Спачатку на мяне лаяліся ў дэканаце, бо мусіла да іх ад пачатку ісьці яшчэ да звальненьня. Але я не жадала іх дапамогі ў пошуку працы. Праверкі ўнівэрсытэту ўжо прайшлі і мяне ў выніку „задняй лічбай“ упісалі ў патрэбныя дакумэнты як быццам я пераразьмеркавалася».

Такі варыянт сыходу ад прымусовага разьмеркаваньня можна ўжыць толькі ў тым выпадку, калі разьмеркаваньне ўжо адбылося і малады спэцыяліст выйшаў на працу. Падыходзіць яно і для тых, хто ўжо адпрацаваў пэўную частку тэрміну, але далей не хапае цярплівасьці заставацца на цяперашнім месцы: у магістратуру, напрыклад, праз год пасьля выпуску паступіць ужо не атрымаецца.

Напрыклад, у БДУ выпускнікоў пераразьмяркоўваюць «амаль кожны тыдзень», — так, прынамсі, кажуць ва ўпраўленьні кадрамі ўнівэрсытэту. Самая частая прычына — пераход на іншае, лепшае месца працы.

Дзеля пасьпяховага пераразьмеркаваньня неабходна, каб папярэдні наймальнік пайшоў насустрач і згадзіўся аформіць звальненьне пераводам. Таксама пераразьмеркавацца можна ў сувязі з пагаршэньнем стану здароўя бацькоў ці мужа альбо жонкі, ці ў сувязі зь цяжарнасьцю. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Як кажа выпускніца БДУК Іра, у дэканаце «лёгка было дамовіцца. Хаця шмат залежыць ад якасьцяў асобы. Галоўнае любіць людзей і быць шчырым — жывёлаў нідзе няма», — усьміхаецца дзяўчына.

Добрыя навіны

Калі так атрымалася, што цябе ўжо разьмеркавалі, наступныя факты могуць хоць троху суцешыць.

  • Перад адпрацоўкай выпускніку даецца месяц на адпачынак (а пэдагогам цэлых 45 дзён);
  • Маладым спэцыялістам выплочваецца грашовая дапамога ў памеры апошняй стыпэндыі (калі стэпухі не было, дапамога выплочваецца ў памеры сацыяльнай стыпэндыі);
  • Маладыя пэдагогі дадаткова атрымліваюцца даплаты ў 118 000 рублёў (адной тарыфнай стаўкі першага разраду);
  • Тыя, каму «пашэнціла» трапіць па разьмеркаваньні ў вёску, атрымліваюць аклады на 50% болей, чым іх гарадзкія калегі, а таксама даплаты, аналягічныя сумам пэдагогаў — 118 тысячаў;
  • Звольніцца зь месца адпрацоўкі можна за 15 дзён да сканчэньня тэрміну разьмеркаваньня — выплочваць нічога ўжо ня прыйдзецца.

4. Стварыць уласную фірму

Гэта працяг першага варыянту, але для тых, хто адчувае ў сабе «прадпрымальніцкую жылку». Можна стаць уладальнікам ці ідэйным натхняльнікам невялікай фірмы: якога-небудзь ПУП альбо ТАА і разьмеркавацца туды, а заадно палову групы за сабой уцягнуць.

Тым больш цяпер зарэгістраваць уласную фірму ў Беларусі каштуе меней за $60, і цягнецца гэта працэдура ня болей за 5 дзён. (інструкцыі тут)

Як варыянт, фірму можна зарэгістраваць на аднаго з бацькоў, а яны ўжо могуць даслаць заяўку на разьмеркаваньне сына ці дачкі. Канешне, ПУП будзе вымушанае займацца пэўнай эканамічнай дзейнасьцю. Зрэшты, хуткае банкруцтва вырашыць шмат пытаньняў:) .

Важна памятаць, што разьмяркоўваць да індывідуальных прадпрымальнікаў цяперашняе заканадаўства не дазваляе.

Дрэнныя навіны

Як высьвятляецца, разьмеркаваньне — гэта яшчэ ня самае жудаснае, што можа адбывацца з выпускніком

  • Часта ў прадпрыемстваў, куды разьмяркоўваюць іншагародніх выпускнікоў, жытла няма. Але гэта не вызваляе маладога спэцыяліста ад адпрацоўкі. Магчыма, яму самому прыйдзецца шукаць і здымаць пакой: у гэткім выпадку ня выключаныя надзвычайныя сытуацыі. Карыстальнік фэйсбуку нядаўна распавёў у камэнтарах на Generation.bY аб бабулі, якая прыставала да маладога разьмеркаванага спэцыяліста, што здымаў пакой у яе хаце;
  • Калі разьмеркаваны студэнт прыехаў, напрыклад, на МАЗ, а на заводзе крызыс і ніхто не працуе, рана радавацца: афіцыйную працу адразу будзе знайсьці вельмі цяжка, бо ўсе фірмы і прадпрыемствы будуць патрабаваць накіраваньне на працу альбо даведку аб вольным дыплёме. Прыйдзецца вяртацца ва ўнівер, дзе могуць і пераразьмеркаваць…
  • Калі ты вырашыш «адкасіць» ад разьмеркаваньня, і замест Хойнікаў адправіцца ў аўтаспынную вандроўку ў Куала-Лумпур, ёсьць верагоднасьць, што па вяртаньне на родную зямельку цябе будзе чакаць позва ў суд: праз тры дні пасьля няяўкі маладога спэцыяліста па месцы разьмеркаваньня без паважлівай прычыны наймальнік дасылае адпаведны запыт ва ўнівэрсытэт і запускаецца мэханізм «пошуку». На жаль, не праз Google…

5. Салдат сьпіць — адпрацоўка ідзе

Мэтад для экстрымалаў — пайсьці ў войска і так «адпрацаваць год» — менавіта столькі цягнецца тэрміновая служба ў тых, хто мае вышэйшую адукацыю. Мінусы: выпаданьне з жыцьця на цэлы год, немагчымасьць практыкавацца ў спэцыяльнасьці.

Калі салдат па сканчэньні службы ня хоча адпрацоўваць у месцы разьмеркаваньня, ён у праве зьвярнуцца ў сваё ВНУ за пераразьмеркаваньнем і ці «вольным дыплёмам». Апошняе магчыма, калі салдат не зьбіраецца пераразьмяркоўвацца ці вяртацца на старое месца працы.

Дарэчы, з гэтага году прызыў у беларускае войска распачынацца будзе зь лістападу, а не амаль адразу пасьля атрыманьня дыплёму, як было раней. Зьявіцца час паступіць і ў замежныя магістратуры.

Пра іншыя мэтады законнага сыходу ад разьмеркаваньня неўзабаве чытайце на Generation.bY

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.