ТОП-10 мэтадаў адкосу ад разьмеркаваньня. Частка 3: місія выкананая

Чытачы Generation.bY ужо прасяклі, што з новага навучальнага году разьмяркоўваць будуць паводле новых правілаў, таму адкасіць ад прымусовага разьмеркаваньня стане яшчэ цяжэй, чым дагэтуль. Але для беларускага студэнта няма нічога немагчымага. Завяршаючы наш ТОП-10 найбольш удалых мэтадаў сыходу ад разьмеркаваньня, мы прапануем азнаёміцца з найбольш экстрэмальнымі шляхамі пераадоленьня прыгоннага права 21 стагодзьдзя.

Мой деканат, взгляни на меня:
Я ставлю вопрос свой ребром,
И если заявок нет – то дайте мне
Свободный диплом...

(Песенка студэнта перад разьмеркаваньнем па матывах кампазыцыі «Кукушка» гурта «Кіно»)

***пачатак чытаем: 1-2, 3-5

6. Апэрацыя «Мёртвыя душы»

«Надыходзіў час разьмеркаваньня. Зь Менску прыстойных прапановаў не было. Катэдра прапаноўвала працаўладкаваньне на пэрыфэрыі, была мажлівасьць знайсьці самому які ЧУП ці зарэгістраваць сваё ІП і пайсьці туды працаваць, — кажа выпускніца БНТУ Ксенія. — Абставіны склаліся так, што я да дня разьмеркаваньня сапраўднай працы не знайшла».

«Угаварыла знаёмага дзядзьку, каб ён даў фэйкавы гарантыйны ліст, што ён бярэ мяне на працу, абяцала яму да часу, пакуль пачнецца разьмеркаваньне знайсьці што-небудзь іншае. Але не знайшла».

У выніку Ксенію разьмеркавалі на дзядзькаву «фэйкавую працу». Мэтад стандартны і мае назоў «мёртвыя душы». Сутнасьць яго ў тым, каб знайсьці прадпрыемства, фірму ці нейкі іншы афіцыйна працуючы суб’ект, які б згадзіўся даслаць на цябе запыт ва ўнівэрсытэт. У выпадку посьпеху студэнта разьмяркоўваюць на гэткую працу, хаця сам ён там проста лічыцца ў сьпісах, але не працуе.

«Мой ратавальнік ад вёскі — вельмі файны, — распавядае Ксенія. — Калі я паехала да яго афармляць дакумэнты, я думала, што ён мяне маральна зьнішчыць. А ён такі на пазытыве: усё клясна, усе супэр — аформім, шукайце іншую працу!»

Цяпер у выпускніцы ёсьць працоўная кніжка, але ў тым месцы, дзе яна ляжыць працаваць дзяўчына ніколі ня будзе. Далей ёсьць два варыянты: альбо два гады так і праходзіць у статусе «мёртвай душы» (пры ўмове ўладкаваньня пытаньня  з падаткамі), альбо знайсьці новае месца працы і пераразьмеркавацца туды. Апошнім шляхам і скарысталася Ксенія.

«Напрыканцы месяца сыду на сваё новае месца працы. Адзінае што добра: можна разьмеркавацца на 0.5 стаўкі і яшчэ падпрацоўваць, што я і пляную зрабіць», — кажа Ксенія і прыгадвае гісторыю сына рэктара БНТУ, які сканчаў унівэрсытэт у той самы год, што і яна. У яго з разьмеркаваньнем праблем не было: «паступіў у магістратуру і зваліў па абмене ў Нямеччыну».

Добрыя навіны

Пазьбегнуць разьмеркаваньня, а заадно і войска можна шляхам «бясконцага навучаньня»: пасьля пяці гадоў унівэрсытэту пайсьці ў магістратуру, а затым падацца ў асьпірантуру. Пасьля яе, праўда, таксама прыйдзецца адпрацоўваць. Але цяпер ужо ня тры гады, як было раней, а толькі два.

7. Звальненьне са скандалам

Калі дырэктар калгасу, дзе ты адпрацоўваеш, даў маху: сышоў у запой ці зьехаў у Крым, папярэдне забыўшыся выплаціць заробак, — то ты, як кемлівы малады спэцыяліст (не дарэмна ж пяць гадоў па заліках хадзіў?), можаш лічыць гэты выпадак добрым шанцам з таго калгасу зваліць. Бо парушэньне сваіх абавязкаў наймальнікам — падстава для патрабаваньня звальненьня.

У гэткім выпадку па вяртаньні дырэктара юрысты прафсаюзаў раяць пісаць адпаведную заяву на імя ўласнага кіраўніцтва. Калі яна ня будзе задаволеная, можна ісьці ў суд і спрабаваць ужо там давесьці: працоўнае заканадаўства парушаецца, заробак не выплочваецца ў тэрмін. Але да рашэньня суду ўсё роўна прыйдзецца папрацаваць.

8. Завесьці сям’ю

Калі выпускнік мае мужа ці жонку, разьмеркаваньне адбываецца «па жаданьні выпускніка». Але жаданьне абмяжоўваецца населенымі пунктамі, дзе муж ці жонка працуюць альбо жывуць.

Цяжарныя жанчыны, а таксама маці і бацька, калі ў іх ёсьць дзіцё да трох гадоў, могуць па разьмеркаваньні ня ехаць. Аднак разьмеркаваць іх могуць па месцы жыхарства. Калі ж такой працы ня знойдуць — вольны дыплём забясьпечаны.

Таму многія выпускнікі нечакана для саміх сябе заводзяць сем'і якраз напярэдадні паседжаньняў камісій па разьмеркаваньні.

Іра, тады яшчэ пяцікурсьніца Ўнівэрсытэту культуры, як тое звычайна бывае, пачала турбавацца аб будучым разьмеркаваньні ў апошні год навучаньня. Над ёй завісла пэрспэктыва адправіцца на два гады ў правінцыйны дом культуры, што ня надта супадала зь яе плянамі на жыцьцё. Але раптам падвярнуўся менскі хлопец з працай і Іра сказала сабе: «час ісьці замуж!».

«Вясельле было па ўсіх правілах: я ў белым, жаніх у прыгожым гарнітуры, у ЗАГСе нас віншавалі і пасьля мы яшчэ гулялі па цэнтры Менску, фатаграфаваліся, — кажа Іра. — Толькі пасьля я зразумела, што можна было без усяго гэтага — расьпісаць маглі і без шыкоўных гарнітураў».

У выніку Іру разьмеркавалі ў Менск, а фіктыўны шлюб дзейсны дагэтуль. Праўда, маладыя пасьля цырымоніі бачыліся толькі некалькі разоў.

Дарэчы, калі твой муж ці жонка ўжо працуе, то месца разьмеркаваньня так ці інакш мусіць супасьці зь месцам жыхарства ці працы мужа ці жонкі. Тое, дзе жывеш ты, камісію па разьмеркаваньні турбаваць ня мусіць. А калі ты ажаніўся ці выйшла замуж ужо пасьля разьмеркаваньня, то маеш права патрабаваць працаўладкаваньня па месцы жыхарства ці працы жонкі ці мужа альбо вольны дыплём, калі працы няма.

Калі Амур стрэліў не халастымі стрэламі, і надзейная пара ўжо ёсьць, можна падумаць і аб павялічэньні сямейства. Некаторыя выпускніцы плянуюць цяжарнасьць, каб пару месяцаў папрацаваць, атрымаць выплаты і сысьці ў доўгі адпачынак па даглядзе за дзіцёнкам.

А вось варыянт «шлюб з замежнікам» можа не дапамагчы, а наадварот, нашкодзіць: разьмяркоўваць у Італію ці Францыі «па месцы жыхарства замежнай жонкі ці мужа» ніхто ня будзе. Таму ў выпадку шлюбу з замежнікам ёсьць верагоднасьць, што выпускнік ці выпускніца адправіцца не ў замежную вандроўку, а па месцы разьмеркаваньня, на два гады згубіўшы і суджанага, і замежжа.

Дрэнныя навіны

Вольны дыплём — даведку аб свабодным працаўладкаваньні пасьля бясплатнага аддзяленьня — з кожным годам атрымаць усё цяжэй. Як піша «СБ», калі ў 2002 годзе цэлых 8 тысячаў выпускнікоў атрымалі такія даведкі, то ў 2010 іх было толькі 1 118 (меней на 400 у параўнаньні з 2009 годам). Зрэшты, каля 100 выпускнікоў штогод губляюцца па дарозе да месца адпрацоўкі без паважлівых прычын на тое.

9. Стаць дэпутатам

Гэта, мабыць, найбольш экстрэмальны мэтад у нашым ТОПе, асабліва карысны для палітычна актыўных грамадзян.

Маладыя спэцыялісты, якіх выбралі на дэпутацкую пасаду, вызваляюцца ад выплаты сродкаў дзяржаве за навучаньне ў выпадку нежаданьня адпрацоўваць. Нагадаем, наступныя парлямэнцкія выбары ў нашай краіне будуць у 2012 годзе. Праўда, замест дэпутацкага крэсла можна трапіць за краты. Ці трэба адпрацоўваць пасьля турмы, закон не тлумачыць…

10. Скасаваць разьмеркаваньне

У гэтым пункце замест парадаў можна было б прыгадаць гісторыю змаганьня студэнтаў з разьмеркаваньнем, якая такая ж даўняя, як і сама практыка разьмеркаваньня. Не адно пакаленьне беларускіх студэнтаў ламала коп’і ў спробе супрацьстаяць карысьлівым дэканам, нязломным прарэктарам і самой машыне Міністэрства адукацыі. Але ж пакуль практыка разьмеркаваньня толькі ўзмацнялася.

Ці атрымаецца ў цяперашніх студэнтаў дамагчыся зьменаў у ганебнай практыцы?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.