Па беларускай адукацыі прайшліся Кодэксам

Кодэкс аб адукацыі, разьмеркаваньне

З прыняцьцем Кодэксу аб адукацыі беларускія студэнты пазбавіліся апошніх легальных шляхоў сыходу ад разьмеркаваньня. Адлічыць з унівэрсытэта цяпер могуць і за спазьненьне, і за паленьне, а вось аднавіцца будзе ня так лёгка. Кодэкс пачынае дзейнічаць з 1 верасьня, але, магчыма, распаўсюджвацца ён будзе не на ўсіх студэнтаў.

Кодэкс аб адукацыі пісалі і перапісвалі пяць гадоў. Яго прынялі ў першым чытаньні болей як год таму, але толькі цяпер Лукашэнка паставіў пад ім подпіс. Што зьменіцца ў беларускай адукацыі з пачаткам дзеяньня гэтага дакумэнту?

Апошняя шчыліна

Цяпер выпускніку, што адвучыўся больш за палову тэрміну навучаньня на дзённым бясплатным аддзяленьні, амаль немагчыма пазьбегнуць разьмеркаваньня, нават калі ён сканчае ўнівэрсытэт як завочнік. Хаця, калі студэнт ужо працуе па спэцыяльнасьці (неістотна колькі, і няважна, колькі яшчэ так прапрацуе пасьля выпуску), то разьмеркаваць усё ж такі яго ня змогуць. Але працаваць на выпускным курсе трэба абавязкова па спэцыяльнасьці.

Не атрымаецца сысьці ад разьмеркаваньня і цераз паступленьне ў магістратуру. Два гады папрацаваць па прымусовым разьмеркаваньні прыйдзецца так ці інакш, толькі ўжо пасьля атрыманьня ступені магістра.

Тэрміны разьмеркаваньня пакінулі тымі ж самымі: 2 гады для выпускнікоў ВНУ, што правучыліся 4 ці 5 гадоў (1 ступень адукацыі), і адзін год для магістрантаў і выпускнікоў ПТВ.

Частку (альбо ўсё разьмеркаваньне) можна правесьці, напрыклад, у войску ці ў адпачынку па даглядзе за дзіцём, якому яшчэ ня споўнілася трох гадоў. Па-ранейшаму разьмяркоўваюць «па жаданьні» выпускнікоў, якія пасьпелі абзавесьціся працуючымі ў Беларусі мужам ці жонкай. Калі муж і жонка скончылі ўнівэрсытэт у адзін год, іх разьмяркуюць у адзін горад (калі месцы будуць).

Каго не разьмяркуюць?

Разьмяркуюць усіх, акрамя платнікаў, калі тыя раптам самі не пажадалі атрымаць разьмеркаваньне і не вучыліся раней на бясплатным, завочнікаў і вячэрнікаў, тых, хто мае пэўныя льготы (як у выпадку мужа з жонкай ці сіраты), а таксама тых, хто вырашыў «пакрыць» кошт навучаньня з уласных сродкаў. У Кодэксе асабліва адзначаецца, што калі ВНУ працу для выпускніка знайсьці ня можа, дзяржава яго не разьмяркуе.

Вучыцца можна будзе і чатыры гады

Вышэйшую адукацыі Беларусі падзялілі па прыкладу эўрапейскай, дадаўшы крыху мясцовага калярыту. Паводле Кодэксу, у Беларусі будуць асобна існаваць сыстэмы «вышэйшай адукацыі» і «пасьлядыплёмнай адукацыі». Паводле галоўнага ідэоляга Кодэксу, старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Ўладзіміра Здановіча, тое крок да Балоньскай сыстэмы. Хаця, да прыкладу, слова «бакаляўр» у Кодэксе ніводнага разу не прыгадваецца. Зрэшты, у дакумэнце адзначана, што атрымаць дыплём можна цяпер і за 4 гады.

Сыстэму «пасьлядыплёмнай» адукацыі падзеляць на асьпірантуру і дактарантуру. Прычым няўдачлівы ў сваіх дасьледаваньнях асьпірант зможа разьлічваць на ступень «дасьледчыка» пасьля заканчэньня навучаньня («дасьледчыкам» ён так і застанецца, калі не абароніць «кандыдацкую»).

Адлічыць студэнта стане лягчэй

Студэнтаў змогуць адлічыць за акадэмічную запазычанасьць, непасьпяховасьць па трох і болей дысцыплінах, няяўку на іспыт, пропуск заняткаў без паважнай прычыны больш за 30 дзён у год, неўнясеньне платы за навучаньне.

Пазбавіць студэнцкага статусу цяпер могуць проста за «неадпаведнае выкананьне абавязкаў навучэнцам, калі раней да яго ўжываліся меры дысцыплінарнага спагнаньня». Атрымліваецца, пакараць, а пасьля і адлічыць могуць літаральна за ўсё: ад спазьненьня на заняткі да паленьня на ганку ўнівэрсытэту.

Пасьля прыняцьця Кодэксу аднавіцца ва ўнівэрсытэце можна будзе на працягу трох гадоў з моманту адлічэньня, але не раней, чым праз 10 месяцаў. Таксама пашыраецца сьпіс падставаў для сыходу ў акадэмічны адпачынак (цалкам падставы не пералічаныя, атрымліваецца, «адпачыць» можна па любой «паважлівай» прычыне, галоўнае дамовіцца з дэканам).

БРСМ забароняць?

Кодэкс забараняе ва ўнівэрсытэтах дзейнасьць палітычных партый і іншых грамадзкіх арганізацый, якія перасьледуюць палітычныя мэты, а таксама «ананімную дзейнасьць» рэлігійных арганізацый. Цікава, ці перасьледуе БРСМ на думку заканадаўцаў нейкія «палітычныя» мэты, і што можа здарыцца з гэтай паважанай дзяржавай арганізацыяй пасьля ўступленьня Кодэксу ў сілу?

Калі пачынае дзейнічаць?

У дзеяньне новы Кодэкс уступіць толькі з 1 верасьня 2011 году, то бок цяперашнія студэнты апошняга курсу — хутчэй за ўсё апошняе пакаленьне беларускіх студэнтаў, што будуць давучвацца па старых правілах. Але ўжо і ў іх хутчэй за ўсё не атрымаецца пазьбегнуць разьмеркаваньня праз магістратуру ці перавод у апошні момант на завочнае.

Урад у шасьцімесячны тэрмін мусіць заняцца падрыхтоўкай нарматыўнай базы для новага заканадаўства. Ужо адзін гэты факт абвяргае шматлікія заявы дэпутата Ўладзіміра Здановіча аб адсутнасьці новаўвядзеньняў у Кодэксе.

Дарэчы, на меркаваньне таго ж дэпутату Здановіча, Кодэкс будзе распаўсюджвацца толькі на тых студэнтаў, якія паступяць у ВНУ з 1 верасьня 2011. Па яго словах, закон ня мае адваротнай сілы. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.