Студэнты-бюджэтнікі болей не будуць падпісваць дамовы на навучанне

Мінадукацыі прызналася ў немагчымасці забяспечыць выкананне некаторых патрабаванняў Кодэксу аб адукацыі. Верагодна, з яго хуткім часам выключаць узгадкі пра дамову на навучанне, якую ўпершыню з гэтага году абавязалі падпісваць студэнтаў бюджэтнага.

Сёлета пачаў дзейнічаць артыкул 55 Кодэксу аб адукацыі, згодна з якім абітурыент, які паступіў на «бюджэт», павінен заключыць дамову з установай адукацыі. Для непаўналетніх абітурыентаў яго падпісваюць бацькі або законныя прадстаўнікі.

«На афармленне дамовы застаецца літаральна адзін дзень. Гэта выклікала шэраг нараканняў з боку грамадзян, бо прыехаць з усіх куткоў краіны ў вызначаны дзень для многіх цяжка, ды і нагрузка на ВНУ вялізная. Акрамя гэтага, дадзеная норма прыводзіць да дадатковых матэрыяльных выдаткаў, — заявіў нядаўна спікер вышэйшай палаты парламенту Анатоль Рубінаў.

«Таму ў наступным годзе трэба пазбавіцца ад гэтага дагавора. Тым больш у ім няма нічога такога, чаго б не было прапісана ў нашай заканадаўчай базе», — дадаў Рубінаў.

У дамовах на навучанне пазначаюцца правы, абавязкі і адказнасць студэнта і ўніверсітэту. Таксама ў іх прапісваюць прозвішча студэнта, яго спецыяльнасць і форму навучання, кваліфікацыю на выхадзе з ВНУ, тэрмін навучання і перыяд адпрацоўкі па размеркаванню.

Дзеля таго, каб падпісаць дамовы, усіх залічаных студэнтаў і іх бацькоў абавязалі адначасова прыехаць на адмысловыя цырымоніі, дзе пад даглядам дэканаў тысячы новаспечаных студэнтаў мусілі паставіць подпісы пад дакументамі. Аднак у працоўныя дні прыехаць здолелі не ўсе. Між іншым, без дамовы студэнта нават ва ўніверсітэцкую аўдыторыю пускаць не маюць права.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0664 seconds.