5 галоўных пераменаў, якія прынёс Кодэкс аб адукацыі

Зь першага верасьня набывае моц Кодэкс аб адукацыі, які зьменіць жыцьцё кожнага студэнта і выкладчыка. Безь якога дакумэнту студэнта нават ня пусьцяць у аўдыторыю і за што цяпер могуць адлічыць з унівэрсытэту — чытайце ў нашым аглядзе.

Дамова на навучаньне

Згодна з дакумэнтам, усе студэнты ВНУ, навучэнцы ССНУ і ПТВ падпішуць дамовы на навучаньне, дзе будуць названыя правы, абавязкі і адказнасьць студэнта і ўнівэрсытэтаў.

Дамовы абавяжуць падпісаць усіх першакурсьнікаў — дзённага, завочнага, бюджэтнага і платнага аддзяленьняў. У іх пазначаць прозьвішча студэнта, яго спэцыяльнасьць і форму навучаньня, кваліфікацыю на выхадзе з ВНУ, тэрмін навучаньня і пэрыяд адпрацоўкі па разьмеркаваньню. Дамовы на навучаньне будуць падпісвацца пад наглядам дэканатаў.

Але ніводны беларускі ўнівэрсытэт да канца мінулага тыдня так і ня здолеў падрыхтаваць гэткую дамову: Мінадукацыі не спраўляецца з распрацоўкай адпаведных паперак. А між іншым, безь дамовы студэнта нават ва ўнівэрсытэцкую аўдыторыю пускаць ня маюць права.

Вывучыцца можна будзе і за чатыры гады

Кодэкс, прыняты болей за паўгода таму, задоўга да гучных заяваў Лукашэнкі аб неабходнасьці скараціць тэрмін навучаньня да 25%, дазваляе атрымліваць дыплём аб вышэйшай адукацыі і за тры гады, і за чатыры.

Фармальна новаўвядзеньне нагадвае прынятую ў Балоньскім працэсе схему бакаляўр за 4 гады плюс магістар за два. Хаця, да прыкладу, слова «бакаляўр» у Кодэксе ніводнага разу ня ўзгадваецца. Дарэчы, паводле словаў чыноўнікаў, Кодэкс паскорыць далучэньні Беларусі да Балоньскай сыстэмы.

Вышэйшую адукацыю падзялілі таксама па прыкладу эўрапейскай, дадаўшы крыху мясцовага калярыту. Цяпер у нас будуць асобна існаваць сыстэмы «вышэйшай адукацыі» і «пасьлядыплёмнай адукацыі». Сыстэму «пасьлядыплёмнай» адукацыі падзеляць на асьпірантуру і дактарантуру. Прычым няўдачлівы ў сваіх дасьледаваньнях асьпірант зможа разьлічваць на ступень «дасьледчыка» пасьля заканчэньня навучаньня («дасьледчыкам» ён так і застанецца, калі не абароніць «кандыдацкую»). Затое «дасьледчыкі» атрымаюць права выкладаць ва ўнівэрсытэтах.

Адлічыць змогуць і за дзьве цыгарэты ва ўнівэрсытэце…

Цяпер выкладчыкі атрымалі вялікія магчымасьці па адлічэньні студэнтаў. Нагодай для гэтага можа стаць двухразовае атрыманьне вымовы альбо заўвагі на працягу навучальнага году.

«Два разы — гэта ўжо сыстэматычнае парушэньне, — кажа адзін з распрацоўшчыкаў Кодэксу Ўладзімір Здановіч. — Да прыкладу, усе ўстановы адукацыі абвешчаныя зонай па-за паленьнем. За гэтым будуць сачыць дзяжурныя. Калі вучань трапляецца за гэтым заняткам, то гэта ўжо падстава для вынясеньня дысцыплінарнага спагнаньня. Калі ён маладзейшы за 16 гадоў, пакараньне панясуць бацькі, калі старэйшы — то можна ставіць пытаньне аб адлічэньні яго з установы адукацыі».

Такім чынам, тэарэтычна студэнт можа вылецець з унівэрсытэцкай лавы за дзьве выпаленыя ў сьценах навучальнага корпусу цыгарэты. І ня толькі за цыгарэты. Напрыклад, адлічыць могуць на падставе ліста зь міліцыі ці КДБ, калі там палічаць, што навучэнец зрабіў нешта непрыстойнае (лаяўся матам ці пляскаў дзе ня трэба :) ).

…ці за фоткі ў Vkontakte

Вымову могуць абвясьціць нават за «зьнявагу ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу». То бок, калі выкладчык палічыць аргумэнты студэнта аб несправядлівасьці выстаўленай адзнакі за абразу, на навучэнца могуць накласьці спагнаньне. А калі ж стасункі з выкладчыкам цалкам не складуцца, то студэнту магчыма прыйдзецца падумаць над працягам адукацыі ў іншым месцы.

Чыноўнікі прыводзяць такі прыклад інтэрнэт-зьнявагі: выкладаньне ў сацыяльныя сеткі фотаздымкаў, што «зьневажаюць гонар і годнасьць чалавека». Зрэшты, выпадкі пакараньня студэнтаў за «зьнявагу ў Сеціве» ўжо былі. Гэтак улетку некалькі пяцікурсьнікаў Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту «на разьвітаньне» атрымалі вымовы за стварэньне фальшывай старонкі свайго выкладчыка ў сацыяльнай сетцы Vkontakte.

За што цяпер таксама могуць адлічыць студэнта?

  • Адсутнасьць на занятках без уважлівых прычынаў болей за 30 дзён у год;
  • Двухразовае спазьненьне на заняткі;
  • Сыстэматычны распаўсюд інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю навучэнцам;
  • Сыстэматычнае псаваньне будынкаў, збудаваньняў, абсталяваньня ці іншай маёмасьці ўстановы адукацыі;
  • Калі студэнт два разы будзе заўважаны зь півам альбо ў п’яным выглядзе ва ўнівэрсытэце ці інтэрнаце;
  • Любыя іншыя дзеяньні альбо бязьдзеяньні, што парушаюць закон.

Вярнуцца ва ўнівэрсытэт пасьля адлічэньня можна на працягу трох гадоў

З 1 верасьня аднавіцца ва ўнівэрсытэце можна будзе на працягу трох гадоў з моманту адлічэньня, але не раней, чым праз 10 месяцаў. Таксама пашыраецца сьпіс падставаў для сыходу ў акадэмічны адпачынак (цалкам падставы не пералічаныя, атрымліваецца, «адпачыць» можна па любой «паважлівай» прычыне, галоўнае дамовіцца з дэканам).

«Жэстачайшае» разьмеркаваньне

Цяпер выпускніку, што адвучыўся больш за палову тэрміну навучаньня на дзённым бясплатным аддзяленьні, амаль немагчыма пазьбегнуць разьмеркаваньня, нават калі ён сканчае ўнівэрсытэт як завочнік. Хаця, калі студэнт ужо працуе па спэцыяльнасьці (неістотна колькі, і няважна, колькі яшчэ так прапрацуе пасьля выпуску), то разьмеркаваць усё ж такі яго ня змогуць. Але працаваць на выпускным курсе трэба абавязкова па спэцыяльнасьці.

Не атрымаецца сысьці ад разьмеркаваньня і цераз паступленьне ў магістратуру. Два гады папрацаваць па прымусовым разьмеркаваньні прыйдзецца так ці інакш, толькі ўжо пасьля атрыманьня ступені магістра.

Тэрміны разьмеркаваньня пакінулі тымі ж самымі: 2 гады для выпускнікоў ВНУ, што правучыліся 4 ці 5 гадоў (1 ступень адукацыі), і адзін год для магістрантаў і выпускнікоў ПТВ.

Частку (альбо ўсё разьмеркаваньне) можна правесьці, напрыклад, у войску ці ў адпачынку па даглядзе за дзіцём, якому яшчэ ня споўнілася трох гадоў. Па-ранейшаму разьмяркоўваюць «па жаданьні» выпускнікоў, якія пасьпелі абзавесьціся працуючымі ў Беларусі мужам ці жонкай. Калі муж і жонка скончылі ўнівэрсытэт у адзін год, іх разьмяркуюць у адзін горад (калі месцы будуць).

І гэта яшчэ не канец…

Кодэкс аб адукацыі, насуперак папярэднім запэўніваньням, — гэта не завяршэньне рэформаў, а толькі іх пачатак. Як кажа міністар адукацыі Сяргей Маскевіч «у адпаведнасьці з прынятымі рашэньнямі наступны навучальны год адводзіцца на тэставаньне Кодэксу. Будзе створаная брыгада спэцыялістаў для маніторынгу яго ўкараненьня. На працягу гэтага часу, безумоўна, будуць выяўленыя аспэкты, якія маюць патрэбу ў дапрацоўцы. Будуць сфармуляваныя прапановы, таму наступны год мы разглядаем як у нейкай ступені экспэрымэнтальны».

Раней ужо было абвешчана аб плянах па карэнным пераглядзе правілаў паступленьня ў ВНУ (льготнікаў зусім ці амаль ня будзе, асобных конкурсаў таксама), скарачэньні тэрмінаў навучаньня, «адпраўцы студэнтаў у вёскі» і на вытворчасьць на апошні год навучаньня).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0797 seconds.