Па праграме Каліноўскага паедуць толькі «некалькі дзесяткаў» + ТОП гучных адлічэньняў

21 сакавіка распачынаецца «пазачарговы» этап адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, які дазволіць некалькім дзесяткам адлічаных зь беларускіх ВНУ студэнтаў паступіць на навучаньне ў польскія ўнівэрсытэты. Навучацца ў Польшчы змогуць ня толькі адлічэнцы, але і тыя, хто баіцца вяртацца ў Беларусь з-за мяжы.

Паводле словаў старшыні Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іны Кулей, лік адлічаных зь беларускіх унівэрсытэтаў студэнтаў пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 годзе ідзе не на сотні, як у мінулым годзе, а «на дзесяткі»:

«Мы шчасьлівыя, што лік ідзе на самой справе на дзясяткі. Але там прымуць удзел ня толькі маладыя людзі, якія былі выключаныя з унівэрсытэтаў, іх ня так шмат — усяго каля дваццаці. Але гэта і тыя, хто хацеў бы вучыцца і зараз проста вымушаныя хавацца за межамі краіны. І таму гэтыя людзі нарэшце змогуць распачаць сваю адукацыю ў эўрапейскіх унівэрсытэтах», — кажа спадарыня Кулей.

Як перадае Радыё Свабода, урад Польшчы зацьвердзіў на гэты год 150 стыпэндыяў для студэнтаў, 50 стыпэндыяў для дактарантаў і 10 навуковых стыпэндыяў для выкладчыкаў. Пакуль для праграмы адабраныя два былых выкладчыкі беларускіх ВНУ.

Праграма прадугледжвае атрыманьне вышэйшай адукацыі і вучобы ў асьпірантуры для людзей, якія зазналі арышты, затрыманьні, адлічэньні зь сярэдне-спэцыяльных і вышэйшых навучальных установаў; у каго былі ператрусы альбо штрафы, а таксама дзецям рэпрэсаваных палітыкаў, сябрам грамадзкіх арганізацыяў і кампаніяў, якія цярпелі перасьлед з боку ўлады.

Кулей тлумачыць: «Умовы такія: тыя студэнты, якія ў дастатковай ступені валодаюць польскай мовай і па акадэмічных даведках і параўнаньні прадметаў маглі б наўпрост зараз працягнуць адукацыю, яны будуць скіраваныя ва ўнівэрсытэты адразу пасьля сумоўя з кваліфікацыйнай камісіяй. Але я думаю, што такіх, на жаль, будзе няшмат, таму што большасьць у дастатковай ступені мовай не валодае. І гэтыя студэнты папросту пройдуць падрыхтоўчы курс польскай мовы. Ён будзе значна даўжэйшы, чым звычайны. Бо звычайны — гэта толькі два месяцы, а гэтая група зможа вывучаць польскую мову, пачынаючы ад сакавіка і да кастрычніка месяца».

ТОП-5 найбольш гучных адлічэньняў выбараў-2010

  • Алег Ануфрыенка, навучаўся на 5-м курсе на бюджэтным аддзяленьні Белдзяржунівэрсытэту на факультэце журналістыкі. Стаў вядомы дзякуючы ролі «Унуку» з роліку «Схавай пашпарт бабулі», які разышоўся перад выбарамі па беларускім Сеціве. Адлічаны яшчэ да выбараў. Рэжысёр відэа Яўген Шапчыц быў, дарэчы, звольнены з Белтэлерадыёкампаніі пасьля зьяўленьня роліка.
  • Алесь Крот, былы студэнт 2-га курсу будаўнічага факультэту БНТУ. Сябра прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада». Зазнаў вобшук. Быў адлічаны за «акадэмічную непасьпяховасьць».
  • Каця Клімко, студэнтка апошняга курсу журналісцкага факультэту БДУ. Прайшла праз 10 сутак арышту пасьля 19 сьнежня. Адлічаная «за акадэмічную непасьпяховасьць».
  • Андрэй Лугін, студэнт апошняга курсу БДПУ. Андрэю «не пашчасьціла» здаць адзін з залікаў пасьля дзесяцісуткавага арышту.
  • Уладзімір Кумец, былы пяцікурсьнік Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута. Паспрабаваў дамагчыся аднаўленьня праз суд. Безвынікова. Вядомы тым, што зьвярнуўся да Кэтрын Эштан з просьбаў далучыць да сьпісу неўязных у Эўразьвяз некаторых кіранікоў свайго інстытуту.

Адметна, што ўсе гучныя адлічэньні адбыліся менавіта з выпускнікамі ўнівэрсытэтаў. Агулам адлічылі каля 20 студэнтаў, па ранейшых дадзеных «чэмпіёнам» па колькасьці адлічаных стаў БДУІР.

Кулей прызнае, што ў параўнаньні з кампаніяй 2006 году, зь беларускіх ВНУ адлічанага ня так і шмат людзей. Пяць гадоў таму лік ішоў на сотні:

«Тады гэта было амаль 500 чалавек — гэта людзі, якія былі скіраваныя на розныя праграмы. У гэтым годзе мы кажам толькі аб дзясятках. І гэта якраз вынік добрай працы праграмы імя Кастуся Каліноўскага, іншых праграмаў, салідарных зь беларусамі, стыпэндыяльных праграмаў іншых краінаў. Трэба разумець, што ўлады не выключаюць студэнтаў яшчэ і таму, што для навучэнцаў ёсьць шлях працягу вучобы».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.