«Унука» з роліку «Схавай пашпарт бабулі» адлічылі з унівэрсытэту

Загад рэктара аб адлічэньні падпісаны 15 кастрычніка. Увесь гэты час студэнт ня ведаў, што ён ужо ня мае права наведваць заняткі.


Кадр з роліка „Схавай пашпарт бабулі“

Пра адлічэньне яму паведамілі толькі ўчора. Паводле афіцыйнае вэрсіі, якую пацьвердзілі ў дэканаце, прычына адлічэньня — пропускі заняткаў. У дэканаце адмовіліся камэнтаваць, колькі пропускаў маюць іншыя студэнты, ці не зьяўляецца адлічэньне Алега Ануфрыенкі палітычным і дыскрымінацыйным.

Студэнт навучаўся на 5-м курсе на бюджэтным аддзяленьні Белдзяржунівэрсытэту на факультэце журналістыкі. Усе сэсіі здаваў пасьпяхова, атрымліваў стыпэндыю.

«Зьняцца ў роліку „Схавай пашпарт бабулі“ мяне папрасіў сябра, рэжысёр роліку — Яўген Шапчыц, гэта была ягоная дыплёмная праца, і я ня бачыў нічога дрэннага ў тым, каб дапамагчы яму», — кажа Алег Ануфрыенка.

Былы студэнт мае намер найбліжэйшым часам дамагчыся ад унівэрсытэту адказу, чаму пра адлічэньне яму не паведамілі своечасова, а таксама не выключае, што абскардзіць рашэньне ў судзе.

Сам Алег працуе на Белдзяржтэлерадыёкампаніі, на тэлеканале «Лад».

«У кіраўніцтва каналу таксама былі да мяне пытаньні, хацелі звольніць, але калектыў мяне «адстаяў», — распавядае журналіст.

Паводле belsat.eu

12:00, 16/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.