Разведка боем: як інтэрнэт-супольнасць сустрэла першую афіцыйную і адкрытую блакіроўку медыя

Раніцай 18 чэрвеня вераломна, але з афіцыйным аб'яўленнем была распачатая вайна Міністэрства інфармацыі супраць сайту Kyky.org. Перыядычныя блакіроўкі рэсурсаў у Беларусі даўно сталі мэйнстрымам. Але ўпершыню гэта было зроблена не метадам «ветлівых зялёных узброеных чалавечкаў» па формуле «гэта не мы», а цалкам афіцыйна і адкрыта з выхадам адпаведнай публікацыі на сайце Мінінфармацыі і нават на сайце БелТА.

Першыя гадзіны бою выйшлі для беларускіх цэнзараў пераможнымі: сайт Kyky.org зламаўся сам і перастаў працаваць на некаторы час нават для замежных наведнікаў. Але бліжэй да вечару сітуацыя змянілася.

Калі быць больш дакладным, то першай афіцыйнай блакіроўкай трэба лічыць прыпыненне ААЦ дамена сайта onliner.by з падачы МінГандлю ў снежні мінулага году, але афіцыйным повадам для той гісторыі стаў сервіс на сайце (каталог), а не медыя-кантэнт. За блакіроўку з тэрыторыі Беларусі шэрагу незалежных медыя, якая адбывалася ў той жа перыяд, ніхто так і не ўзяў на сябе адказнасці. 

Ад першай блакіроўкі інтэрнэт-сайтаў у Беларусі, што была праведзеная ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 09.09.2001, да афіцыйнага зацверджання законам такой працэдуры беларускія ўлады прайшлі шлях амаль у 14 год.

Пасля імклівага прыняцця адпаведнага закону ў лютым 2015 Байнэт чакаў, хто стане першым. Ластаўкамі сталі інфармацыйныя лісты-папярэджанні, што атрымалі шэраг сайтаў: «Радыё Рацыя», «Тузін Гітоў» і «Kyky.org».

Аб'ект першай афіцыйнай і адкрытай атакі беларускіх цэнзараў можа выглядаць нечаканым, бо існуе нямала больш папулярных і больш рэзкіх у сваіх ацэнках сайтаў. Але блакіроўка Kyky.org нагадвае разведку боем, каб ацаніць рэакцыю беларускай інтэрнэт-супольнасці на новы віток аўтарытарнай рэальнасці. 

#KykyЖиви: рэакцыя медыя-актывістаў і сацыяльных сетак

Самым хуткім сёння стаў фатограф Антон Матолька. Ужо а 10 раніцы ён змясціў у сваім блогу вялікі пост, дзе напісаў пра блакіроўку Kyky.org. Цягам дня Антон абнаўляе інармацыю і дадае ў каментах навіны з развіцця сітуацыі. Там жа блогер змясціў і той самы тэкст, на які паскардзіўся ў Мінінфармацыі В. Дыянаў, і які стаў фармальным повадам для блакіроўкі Kyky.org.

Акрамя ЖЖ Антон Матолька актыўна піша ў твітэры, дзе цягам дня беларускі «чацік» абмяркоўваў падзеі і магчымую рэакцыю на іх. Менавіта ў твітэры ад @1863x першай з'явілася інфармацыя пра нядаўні пост Дыянава, у якім ён абяцаў паскардзіцца на Kyky.org.

Вялікая колькасць пастоў пра блакіроўку Kyky.org аднак не былі аб'яднаныя агульным рухам. Беларуская твітэр-супольнасць паспрабавала раскруціць тэг салідарнасці #KykyЖиви па аналогіі з #onlinerживи, але справа не пайшла.

Пафас і шок, якія былі б дарэчнымі да гэтай сітуацыі, амаль не прысутнічаюць у пастах і каментах наконт першай адкрытай афіцыйнай блакіроўкі медыя-рэсурса ў Беларусі. Ёсць хіба некалькі панурых адсылак да Канстытуцыі ды таксама словы «Мы шакаваныя» ў ацэнцы падзеяў з боку Дар'і Мацявінай, дырэктаркі заблакаванага сайта.

Словы пра магчымыя акцыі салідарнасці, што ўзнікалі ў першай палове дня ў некалькіх актыўных каментатараў, згубіліся сярод абмеркавання спроб разабрацца ў тэхнічных асаблівасцях блакіроўкі.

К 18-й гадзіне 18 чэрвеня замест сайту kyky.org большасць беларускіх інтэрнэт-правайдэраў выдаюць старонку з словамі «Ресурс заблокирован в соответствии с законодательством Республики Беларусь».

Як зрэагавалі некаторыя найбуйнейшыя сайты

Партал Tut.by аператыўна адрэагаваў на падзею і апублікаваў некалькі навін пра блакіроўку Kyky.org, размяшчаючы іх у прэстыжным блоку «Навіна дня». Ні адна з публікацый аднак не змяшчае гіперспаслылак на сайт-герой гэтых матэрыялаў. Tut.by таксама назваў адзін з сваіх матэрыялаў «Скандал вакол kyky.org» і ўзяў каментары ў «бакоў канфлікту». Сярод гэтых бакоў няма Міністэрства інфармацыі, а з публікацыі напрошваецца выснова, што «скандал» адбыўся праз звычайнае непаразуменне Дыянава, рэдакцыі Kyky і аўтара крамольнай публікацыі, бізнесоўца Аляксандра Кныровіча. 

Onliner.by, рэсурс байнэта №2, сёння ставіць гарачую навіну пра тое, што «Расіі неабходны нацыянальны меседжар» і захапляльную гісторыю пра тое, як два рыбака лавілі карпа ў возеры пад Лідай. Тэма пра блакіроўку Kyky.org у рэдакцыі сайта, які сам перажыў некалькі месяцаў таму падобныя праблемы, не знайшла ўвагі.

Самы вядомы беларускі апазіцыйны сайт Charter97.org у першай палове дня ставіў перадрукоўкі з іншых рэсурсаў, але ўвечары навіна пра першую поўнамаштабную афіцыйную блакіроўку медыйнага рэсурса ў Беларусі сышла з-пад ўвагі супрацоўнікаў сайту.

Выданні Nn.by і Naviny.by увесь дзень адсочваюць тэму і ставяць матэрыялы, дзе не шкадуюць гіперлінкаў на сайт-герой тэмы дня.

Тым часам рэдакцыя Kyky пачынае раскручваць новы дамен для свайго рэсурса – Kyky.io, які на гэты момант вольна адкрываецца з Беларусі без дапамогі адмысловых проці-цэнзурных сервісаў. 


Юра Сідун 21:21, 18.06.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0441 seconds.