Студэнтку адлічылі з апошняга курсу БДУ пасьля арышту за Плошчу

Студэнтку апошняга курсу журналісцкага факультэту БДУ Кацю Клімко адлічылі з афіцыйнай фармулёўкай «за акадэмічную непасьпяховасьць». Па яе словах, на сэсіі адбывалася «нешта дзіўнае», а адлічэньне адбылося з-за адсутнасьці фармальных папер, раней якіх ніхто не патрабаваў. Сваё выключэньне дзяўчына зьвязвае зь дзесяцісуткавым арыштам, празь які яна прайшла пасьля 19 сьнежня.

У чэрвені 2011 году Каця Клімко мусіла атрымаць дыплём з рук дэкана Інстыту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту: для гэтага заставалася здаць некалькі іспытаў і залікаў. Але ў час апошняй сэсіі Каця сутыкнулася зь дзіўным стаўленьнем да сябе з боку выкладчыкаў: нехта нечакана прапанаваў сьпісаць іспыт, а нехта наадварот, як лічыць дзяўчына, нематывавана адмовіў у допуску да здачы. Яшчэ больш фантастычна завяршылася сэсія: 2 лютага Каця Клімко атрымала ліст з унівэрсытэту, у якім ёй паведамілі аб тым, што болей у БДУ яна ня вучыцца.

«Вы ведаеце, што ў вас праблемы, што вам будзе цяжка здаваць гэту сэсію?» — пачула Каця ад выкладчыка, калі прыехала на сэсію ў сярэдзіне студзеня. Дзяўчына вучылася ў БДУ на платным завочным аддзяленьні, што давала ёй спадзевы застацца ў ліку студэнтаў нават пасьля дзесяцісуткавага арышту 19 сьнежня, які яна, як і дзесяткі іншых студэнтаў БДУ, адбыла з-за ўдзелу ў акцыях пратэсту. — «Я, шчыра, ня думала, што завочка такая штука, якую яны таксама «прабіваюць». Але сэсія аказалася вельмі цяжкай. У першую чаргу, псіхалагічна. Некалькі разоў выкладчыкі падыходзілі да мяне і казалі: «вы ведаеце, што ў вас праблемы, таму рыхтуйцеся да іспытаў лепей».

«Я пабачыла на іспытах нейкае дзіўнае стаўленьне да сябе, — кажа Каця. — Адна выкладчыца пасьля іспыту папрасіла нібыта дапамагчы паднесьці паперы ў кабінэт кафедры. І калі завяла да сябе, то паклала перада мной паперу і сказала: «сьпісвай. Я хачу, каб ты здала».

13 адлічэнцаў

У выніку Каця не здала два іспыты і залік, а таксама не пасьпела абараніць навучальную практыку (якраз у час яе Каця і сядзела ў турме). Адна з запазычанасьцяў зьявілася, калі студэнтку не дапусьціў да іспыту з-за адсутнасьці на выніковых лекцыях прафэсар Іўчанкаў. Выкладаньне на журфаку прафэсар сумяшчае з пасадай дарадцы міністра адукацыі Маскевіча.

Апошні ня раз, як і рэктар БДУ Сяргей Абламейка, заяўляў, што палітычна матываваных адліэньняў зь беларускіх ВНУ ня будзе. Але ў канцы лютага камітэт абароны правоў рэпрэсаваных «Салідарнасьць» налічыў 13 студэнтаў, адлічаных у выніку пратэстаў. Каця Клімко стала трэцяй студэнткай БДУ, адлічанай, як лічаць у камітэце, з-за палітыкі. Сам рэктар БДУ ня раз казаў, што ў адміністрацыі ўнівэрсытэту маюцца сьпісы ўсіх затрыманых 19 сьнежня студэнтаў. Але максымум, што ім пагражае — вымова за парушэньне правілаў унутранага распарадку.

«Вы ж усё разумееце!»

Пабачыць лекцыі прафэсара Іўчанкава ў пачатку студзеня 2011 году ў Каці не атрымалася, бо яна папросту баялася вяртацца ў Беларусь зь Вільні, дзе таксама здавала апошнюю сэсію ў бакалярыяце Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

«У кватэру, дзе я прапісаная, прыходзілі невядомыя людзі, але бацькі не адкрылі, — кажа Каця. — Позвы дасылалі ў РАУС, тэлефанавалі, выклікалі на розныя размовы. У мяне была пэўная параноя, бо тэлефанавалі зь мільярду незнаёмых нумароў».

«Таму мне ўсе казалі: ня едзь, ня едзь у Беларусь. Але я ўсё роўна паехала».

Пасьля сэсіі нягледзячы на акадэмічныя запазычанасьці, Каця зь лёгкім сэрцам вярнулася ў Вільню: паводле правілаў у яе былі яшчэ дзьве магчымасьці пераздаць іспыты.

«Я ўсё ж такі ня першы год вучуся, і ведаю, як усё гэта робіцца. У дзень здачы запазычанасьцяў прыходзіш і здаеш іспыты». Але ліст аб адлічэньні з БДУ прыйшоў Каці за некалькі тыдняў да пераздачы. «Вы выключаныя за акадэмічную непасьпяховасьць, можаце забраць дакумэнты», — гаварылася ў лісьце.

«У дэканаце мне сказалі, што ўсё ўжо вырашана, і я не магу ніяк паўплываць на абставіны. На ўсе мае аргумэнты, мне адказалі, што ёсьць такая адмысловая працэдура, што я павінна была атрымаць дазвол на пераздачу. Раней такога мы не рабілі — ні я, ні мае аднагрупнікі. За 5 гадоў навучаньня».

Усе спробы аспрэчыць дзіўнае адлічэньне ў дэканаце сутыкнуліся з каменным «Вы ж усё разумееце!».

Акрамя Каці, якая была ня лепшай, але і не найгоршай студэнткай, з плыні ў прыкладна 80 чалавек выключылі яшчэ 2 студэнтаў. Яны ўвогуле не зьявіліся на сэсіі.

«Мне сказалі, што магу аднавіцца праз год. А магу і не аднавіцца — як вырашыць адміністрацыя».

Цяпер дзяўчына ў разгубленасьці. У камітэце «Салідарнасьць» ёй прапанавалі на чатыры гады паехаць вучыцца ў Польшчу. Наноў. Але апошні год Каця рыхтавалася да паступленьне ў магістратуру, а не вяртаньня ў бакаляўрыят.

«Ня ведаю, што буду далей рабіць. Вельмі шкада сілаў, энэргіі, часу, якія патраціла за пяць гадоў, і гэта ўсё — дарэмна».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.