Адлічаны студэнт просіць унесьці ў сьпісы неўязных свайго рэктара

Былы студэнт Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута Ўладзімір Кумец накіраваў у Эўразьвяз просьбу далучыць да ліку неўязных свайго рэктара. Студэнт быў адлічаны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў за акадэмічную непасьпяховасьць. Здадзены ім на «9» прадмет у ведамасьці пасьля пераўтварыўся ў «тройку».

Уладзімір Кумец быў адлічаны з пятага курса пасьля арганізацыі сходу мясцовых жыхароў па вылучэньні Някляева на Ўсебеларускі сход.

Як распавядае былы студэнт, станоўчая адзнака 9 за іспыт па замежнай мове, пастаўленая ў залікоўку, ва ўнівэрсытэцкай ведамасьці была зьмененая на 3. Кумец пасьля адлічэньня зьвярнуўся ў суд. Там, на паседжаньнях высьветлілася, што адміністрацыя сфальсыфікавала ведамасьць яшчэ раз — там зноўку зьявілася адзнака 9. А прычыну адлічэньня інстытут перафармуляваў на перавышэньне колькасьці пропускаў заняткаў.

«Улічваючы, што рэктар БДУ Сяргей Абламейка быў улучаны ў чорны сьпіс па падобных прычынах, я заклікаў Кэтрын Эштан падняць пытаньне і дадаць туды і іншых адказных унівэрсытэцкіх чыноўнікаў», — тлумачыць студэнт.

У сваім лісьце Кумец просіць далучыць да «чорнага сьпісу» гендырэктара інстытута Аляксандра Алпеева, рэктара Тамару Алпееву і старшыню аддзела кадраў Алену Сталярову, якія «кіравалі працэсамі адлічэньня, падмянялі ведамасьці і давалі ілжывыя паказаньні ў судзе».

«Я хачу зьвярнуцца да іншых адлічаных студэнтаў па палітычных матывах з просьбай накіраваць такія ж звароты ў інстанцыі Эўразьвязу. Людзі парушаюць закон і мусяць несьці пакараньне», — зьвяртаецца Ўладзімір Кумец.

Уні Вера 07:50, 24/02/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.