TOP-20 публікацыяў Generation.bY 2008 году
З мандарынамі ці без, з сапраўднай елкай ці не, у ганарлівай адзіноце ці ў шумнай кампаніі сяброў, але Новы год непазьбежны! Як і агляд самых топавых публікацыяў Generation.bY 2008 году і вакацыі для каманды праекту.
TOP-20 матэрыялаў Generation.bY 2008 году
Рэйтынг паводле колькасьці праглядаў публікацыяў
- Фэстываль Басовішча-2008 адбыўся (21.07.2008)
Самае непрадказальнае Басовішча прайшло 18-19 ліпеня ў Гарадку (Польшча). Generation.bY адсочваў усе жарсьці падрыхтоўкі фэсту, сюрпрызы правядзеньня і падрыхтаваў самую поўную фотасправаздачу з фэсту: 283 фотаздымкі ў 20 тэматычных фотарэпартажах.
- «Пароль у лета» — інтэрнэт-прэзэнтацыя першага запісу гурта Rahis (17.06.2008)
Rahis стаў вядомы яшчэ некалькі год таму праз запісаныя з «хатняй» якасьцю акустычныя песьні. Цяпер гурт прэзэнтаваў на Generation.bY свой першы студыйны запіс у электрычным фармаце.
- Ганна Вольская: «Каб у нас тут быць культурным чалавекам, спачатку трэба адчуць сябе беларусам» (
14.01.2008 )
У сталай рубрыцы «КУЛЬТурныя людзі» прадусарка Ганна Вольская з расповедам пра дзяцінства, студэнцтва, знаёмства з Вольскім, працу і бізнэс, філязофскае стаўленьне да рэчаіснасьці і ўпэўненасьць у тым, што ўсё будзе добра.
- Лявон Вольскі: у Менску рыхтуецца новы супольны музычны праект (
5.11.2008 )
Адным словам — інтрыга. Лявон Вольскі задумаў зрабіць супольны музычны праект у стылі 60-х гадоў. А нам удалося прашыцца ў каманду новага праекту. Такім чынам, на Generation.bY унікальныя фотарэпартажы з першага дня працы музыкаў у гуказапісвальнай студыі, а таксама два рэпартажы з «бурнай ночы ў стылі 60-х», калі кансьпіратыўная каманда ўмудрылася за адну ноч адзьняць усе кліпы да праекту.
- «Хто ваш кумір?» — пыталіся ў патэнцыйных журналістаў на прафсумоўі (
5.04.2008 )
2008 год — яшчэ й год увядзеньня прафэсійных сумоўяў для абітурыентаў — зьява, якую мы на сайце сярод іншых пазначаем цэтлікам «клініка». У артыкуле расповед пра сумоўе ў БДУ, дзе будучых журналістаў правяралі на адпаведнасьць абранай спэцыльнасьці.
- Рэктар БДЭУ на міжнароднай канфэрэнцыі ў Вене апраўдваўся за выключэньне Тацяны Хомы (
28.03.2008 )
Скандальнавядомы рэктар БДЭУ Уладзімер Шымаў, які тры гады таму адлічыў з унівэрсытэта выдатніцу Тацяну Хому за “несанкцыяваны” выезд за мяжу, дзе дзяўчыну абралі ў кіраўніцтва эўрапейскай студэнцкай арганізацыі, быў запрошаны ўвесну на міжнародную эканамічную канфэрэнцыю ў Вену. Але прыём яму быў болей чым гарачы – венскія студэнты сустрэлі яго акцыяй пратэсту і адпаведным выступам на канфэрэнцыі. Да таго ж мясцовы студэнт запісаў для Generation.bY відэа-запіс з канфэрэнцыі, дзе Шымаў вымушаны апраўдвацца перад эўрапейскімі калегамі за выключэньне студэнткі.
- У Менску зьнесьлі «Сьцяну Цоя» (
7.09.2008 )
Культавая Сьцяна, прысьвечаная Віктару Цою, болей не існуе ў Менску. На тэрыторыі, дзе яна знаходзілася, плянуецца пабудаваць высокі гатэль. На Generation.bY матэрыял пра сустрэчу сучасных маладых прыхільнікаў «Кіно» ля парэшткаў Сьцяны і ўнікальныя фота з падзеяў.
- Стратэгія белай плямы. Куды ідзе беларуская адукацыя? (
22.01.2008 )
Аналітычны артыкул пра сучасны стан беларускай сыстэмы адукацыі, а таксама камэнтары ад старшыні Эўрапейскага зьвязу студэнтаў.
- Арганізатары Be2gether 2008 распавялі беларусам пра фэст: 70 гуртоў, 5 сцэнаў, бясплатныя візы (
23.05.2008 )
Арганізатары Be2gether не губляюць надзеі правесьці фэст 2009-га году са сцэнай на тэрыторыі Беларусі, а ў публікацыі – сустрэча з шэфам фэстывалю Гедрыюсам Клімкявічусам у Літоўскай амбасадзе ў Менску.
- Трэба дапамагчы Рыгору Барадуліну! (
27.10.2008 )
Дзядзька Рыгор трапіў у шпіталь. Ягоныя сябры й дабразычліўцы наладзілі акцыю падтрымкі выбітнаму пісьменьніку праз продаж кніг. Толькі за першы дзень публікацыі матэрыялу на Generation.bY паступіла болей 70 зваротаў ад прыхільнікаў Народнага Паэту.
- Андрэй Рамашэўскі пра самую піўную партыю Беларусі і моладзевую тусоўку 90-х (
15.09.2008 )
Андрэя Рамашэўскага можна назваць адным з тых, пра каго легенды ходзяць яшчэ дагэтуль, хоць ён ужо даўно жыве зь сям’ёй у чэскай вёсачцы і працуе праграмістам. Яшчэ 15 год таму яго ведала ці ня ўся нефармальная менская тусоўка й палова міліцыі. Інтэрвію з старшынём культавай Беларускай партыі аматараў піва.
- Ігар Маханёк: «Кампутар без інтэрнэту мяне зацікавіць ня больш, чым на 5 хвілінаў» (
21.02.2008 )
Сёлета на Generation.bY рэкордная колькасьць інтэрвію, што для нас цалкам у брыфе:) Герой новай рубрыкі «Людзі Y» – выпускнік БДУ, а зараз праграміст Google у Швайцарыі Ігар Маханёк. У інтэрвію распавядае пра ананімнасьць у Сеціве, працу ў Цюрыху, тайммэнэджмэнт, выхаваньне і наагул жыцьцё.
- А цябе ўжо зафрэндзілі твае бацькі? (
01.02.2008 )
Прагрэс і разьвіцьцё тэхналёгіяў непазьбежныя. Мы жывем у час, калі нядзіўна атрымаць камэнт ад маці ці бацькі «+1, але пазвані дадому!».
- Беларускае Рыо-дэ-Жанэйра — Іўе (
13.08.2008 )
У гэтым годзе зьявілася ў нас аўтарская сэкцыя «ПраДарожжы» – пазнавальныя вандроўкі па беларускіх маршрутах. Як даехаць, што паглядзець, мапы і каштарыс дадаюцца. За год у ПраДарожжы артыкулы з ужо 10 гарадоў і мястэчак. У плянах – уся Беларусь ;)
- Generation Belarus: італійскі фатограф апублікаваў фотарэпартаж пра сучаснае беларускае пакаленьне (
31.10.2008 )
Італійскі фатограф Масіміляна Клаўзі наведаўся ў Беларусь пасьля Косава і М’янмы, выйшаўшы на нас праз ангельскамоўны блог logbook.generation.by. У фотарэпартажы – людзі нашага пакаленьня, якія, на думку аўтара, адлюстроўваюць сучасную Беларусь.
- Культавы абсэнт: гісторыя, «галюцынагенны ген» і кепскія хлопцы (
02.05.2008)
Міты і праўда пра культавы напой, зь гісторыяй, гатункамі й рэцэптамі ўжываньня.
- 60 кілямэтраў на байдарках па Нёмане: цішэй вады, ніжэй травы (05.08.2008)
Для ўдзельнікаў гэтай авантурнай вандроўкі гэта ці не найгалоўнейшая падзея году, а для чытачоў – нагода натхніцца і прыкінуць, як гэта: упершыню сесьці ў байдарку і пайсьці па свавольным Нёмане.
- Аўтаспынам па Эўропе: 3000 кілямэтраў за 54 эўра (11.09.2008)
А Алесь Герасіменка і Кацярына Безмацерных вырашылі скарыць Эўропу за 24 дні: шэнген і аўтаспын — лепшыя памагатыя ў дзёрзкай задумцы. Іншыя ж сябры каманды Generation.bY, можна сказаць, сачылі онлайн за прыгодамі вандроўнікаў. Карысныя занатоўкі пра эўрапейскі аўтаспын і ўласныя адкрыцьці ад сустрэтых людзей, гарадоў, дарог — у аповедзе.
- Сам сабе рэжысэр ці Як стаць супэрстар (18.09.2008)
Час новых тэхналёгіяў дапамагае стаць супэрстар сусьветнага маштабу, не выходзячы з дому. Матэрыял распавядае пра новую моду ў інтэрнэце — вілогінг — і некаторых зорак інтэрнэт-відэа. Тацяна Хома расказвае і паказвае, з чаго можна пачаць. Глядзіш, 2009-ы год стане ў Беларусі годам вілогераў ;)
Generation.by у 2008-м — гэта 585 публікацыяў, 95 фотарэпартажаў і 26 аўторкаў добрых людзей. У Новы год з новымі ідэямі, актуальнымі матэрыяламі й цікавымі людзьмі!
Каментары праз FACEBOOK