Сам сабе рэжысэр ці Як стаць супэрстар

 

Ангельскае слова «celebrity» азначае «знакамітасьць», «зорка» і выкарыстоўваецца адносна знакамітых людзей, пра якіх асабліва часта ўзгадваюць сродкі масавай інфармацыі. Для таго, каб стаць «celebrity», не абавязкова быць багатым. Для гэтага неабходна зрабіць штосьці, каб пра цябе пачалі пісаць газэты. Напрыклад, Рычард Брэнсан, стваральнік аднаго з найбуйнейшых брэндаў Virgin, быў знакаміты дзякуючы свайму брэнду, але статус celebrity атрымаў толькі тады, як паспрабаваў абляцець сьвет на паветраным шары.

Час новых тэхналёгіяў дапамагае стаць супэрстар сусьветнага маштабу, не выходзячы з дому. Матэрыял распавядае пра новую моду ў інтэрнэце — вілогінг — і некаторых зорак інтэрнэт-відэа.

Эпатаж і Выпендрожніцтва

Эпоха інтэрнэту і новых мэдыяў адкрывае новых герояў. Адной з апошніх новых celebrity гісторыяў зьяўляецца Крыс Крокер — 20-ці гадовы прывабны выразна гомасэксуальны хлопец, які год назад стварыў свой канал на YouTube і стаў знакамітым праз відэа, якія там выкладаў.


Кадры з відэа-допісаў Крыса Крокера.

Статус celebrity яму прынесла відэа «Leave Britney Alone», у якім Крыс са сьлязьмі на вачах прасіў спыніць нападкі на праблемную поп-дзіву пасьля яе няўдалага вяртаньня на сцэну напачатку верасьня 2007-га году. У першую чаргу з-за папулярнасьці Брытні ў Амэрыцы і з-за гучнасьці яе правалу відэа Крыса на YouTube было прагледзенае 2 мільёны разоў толькі за першыя суткі і 8 мільёнаў разоў за першы тыдзень.

Пасьля гэтага відэа Крыс Крокер стаў Internet-superstar міжнароднага маштабу. Новы ягоны фанат, дызайнэр ювэлірных упрыгожваньняў Onch, запрасіў Крыса для рэклямы сваёй прадукцыі.

Папулярнасьць выступаў Крыса ў інтэрнэце неаднаразова абмяркоўвалася на тэлебачаньні, часта з крытыкай адносна яго выразнай гомасэксуальнасьці. Зьяўленьне Крыса Крокера справакавала хвалю водгукаў на яго дзейнасьць і ролікаў-клёнаў на YouTube. Сёньня ўвага да яго асобы троху паменела, і самы папулярны карыстальнік YouTube перайшоў на ўласны сайт, рассварыўшыся з гэтай плятформай для абмену відэа. Але celebrіty ён застаўся і часта прыгадваецца пры неабходнасьці.

Простасьць і майстэрства

Зусім адваротны прыклад відэа-інтэрнэт-славы — Lauren Luke. Каб стаць мэга-зоркай брытанскага інтэрнэту, ёй не спатрэбілася ствараць нейкі скандал, альбо «выпендрывацца» перад камэрай.

Panacea81 — простая брытанская дзяўчына, не мадэль і не актрыса. Але яна ўмее накладаць макіяж і вырашыла ў нэце выкладаць тое, як яна гэта робіць, з парадамі. Асаблівы фурор выклікалі відэа, дзе яна паказвае, як накладаецца макіяж зорак у розных фільмах ці кліпах.


Кадры з відэа-допісаў Panacea81.

За вельмі кароткі час Lauren стала другой па вядомасьці карыстальніцай YouTube у Злучаным Каралеўстве. Пра яе зьнялі сюжэт на ВВС, яна сустрэлася са знакамітымі візажыстамі, і тут паехала….Скажаце — несур’ёзна?! Значыць, вы — хлопец. Сакрэт вілогу Lauren — карыснасьць яе постынгу для дакладна вызначанай буйной мэтавай аўдыторыі — жанчыны! Яна сама распавядае ВВС, як ўсё жыцьцё саромелася сваёй зьнешнасьці і была сарамлівай дзяўчынкай, а блог пачала весьці фактычна выпадкова. Але ідэя, як усё геніяльнае — простая і заўсёды ляжала на паверхні. Яе проста трэба было ажыцьцявіць.

Хто такія вілогеры?

Разам з разьвіцьцём інтэрнэту і паляпшэньнем умоваў доступу да яго і хуткасьці канэкту шалёнымі тэмпамі разьвіваецца і набывае папулярнасьці відэаблогінг. Лічыцца, што праз відэа інфармацыя ўспрымаецца лепей, чым праз напісаныя тэксты. Гэта і зьяўляецца важкай падтрымкай для разьвіцьця новага руху ў інтэрнэце.

Магчымасьць рабіць відэа стала цяпер як-ніколі дасягальная. Для гэтага хапае звычайнай лічбавай фота-камэры і кампутара. Узьнікненьне відэа-сайту YouTube у 2005-м годзе стала пачаткам зорнага часу вілогераў (Vloggers), бо значна спрасьціла працэс выкладаньня відэа ў інтэрнэт і яго прамоцыі сярод іншых карыстальнікаў. У лістападзе 2006-га года ў Сан-Францыска была праведзеная першая цырымонія ўзнагародаў ві-логераў Vloggies.

Беларускі інтэрнэт пакуль што толькі адкрывае для сябе відэаблогінг. Узьнікненьню мясцовых вілогераў перашкаджае, у асноўным, абмежаваны доступ да інтэрнэту. Хоць dial-up у Беларусі памірае, аднак праз хуткасныя злучэньні трафік усё яшчэ вельмі дарагі, што часта прымушае адмаўляцца ад прагляду відэа.

Бадай, адзінымі вядомымі беларускімі інтэрнэт-асобамі, якія адпавядаюць панятку вілогераў, зьяўляюцца Саша і Сірожа і праект sa-si.tv. Аднак узьнікненьне вілогераў, як зьявы ў беларускім інтэрнэце, проста непазьбежнае. Застаецца толькі чакаць, хто стане самым першым і найбольш крэатыўным. Памятайце: ідэі ляжаць на паверхні, іх проста трэба ажыцьцявіць!

P.S. Каб паказаць, што паспрабаваць можа кожны, я вырашылася на журналісцкі экспэрымэнт :) Трэба зазначыць, што натхняюча распавядаць нешта на камэру не такая лёгкая справа, але напрактыкавацца можна. Відэа зьнятае на ўжо немаладую вэб-камэру, таму рэкамэндуецца праглядаць у маленькім фармаце. Не судзіце строга!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.