60 кілямэтраў на байдарках па Нёмане: цішэй вады, ніжэй травы

Калі сябар прапанаваў выправіцца ў шматдзённую вандроўку на байдарках па Нёмане, я пагадзілася без ваганьняў, уявіўшы экстрым, смажанае сала на вогнішчы, песьні пад гітару, загарэлую ад летняга сонца скуру і ўласны выраз твару, зь якім я буду распавядаць сябрам, што прайшла 60 кілямэтраў на байдарцы па Нёмане. Было адно але: я ішла ўпершыню.

Калі вы таксама аматар прыгодаў, чулі пра байдаркі, але не хадзілі — чытайце, як гэта і да чаго рыхтавацца. Да таго ж сам Нёман — гэта само па сабе незабыўна. ­

Было яшчэ дзьве вельмі важкія прычыны, якія падштурхнулі мяне на гэтую авантуру. Першая — ліпеньскія сьвяты ў Менску. Традыцыйна стараюся зьбегчы за горад ад гэтага вэрхалу. Так што ў час выбухаў у Менску мы сядзелі пад Нясьвіжам на Нёмане. Другая — з намі ехаў экспэрт па байдарках, які ходзіць даволі часта. Нёман ведае як свае пяць пальцаў.

Дзень першы: Менск-Нясьвіж, сядзіба Наркевіча-Ёдкі, падрыхтоўка

Менск — электрацыя — Гарадзея — Нясьвіж — Пясочнае. Гэты шлях мы прайшлі электрычкаю, аўтобусам і на аўто.

Стартавалі ад маёнтку знанага беларускага навукоўцы Якуба Наркевіча-Ёдкі (1847–1905), які быў і мэдыкам, і стваральнікам мэтэаралягічнай станцыі, і вынаходнікам бяздротавага прыёму электра-магнітных сыгналаў. Наркевіч-Ёдка быў прызнаным навукоўцам у Эўропе і Расеі, хоць жыў, лічы, на вёсцы. Зараз маёнтак «ахоўваецца дзяржаваю» і ад яго амаль нічога не засталося.

Ад пачатку мне чамусьці ўяўлялася, што байдаркі плястыкавыя. Так, ёсьць і такія. Але часьцей беларускія байдарачнікі ходзяць на раскладных жалезных, з брэзэнтовым корпусам. Пакуль мы гатавалі вячэру, наш гід Алесь Язьвінскі па-майстэрску складаў нашы будучыя «лодкі». Калі гэты цуд быў гатовы, цяжка было ўявіць, што я сяду ў гэта, не перакулюся адразу ж у ваду і буду яшчэ пасьпяваць жартаваць з суседнімі байдаркамі. Але гэта будзе толькі заўтра. А сёньня я гляджу і мужаюся.

Дзень другі: пасадка, матросы, тэхніка ў вандроўцы, першыя 20 км

Раніцай мы стартанулі. Тры трохмясцовыя байдаркі. Рэчы пагружаныя, прывязаныя, накрытыя кляёнкаю на выпадак дажджу. «Сядзіш вышэй за ўсіх — глядзі не перакуліся», — пажаданьне ў дарогу ад Алеся Язьвінскага бударажыць. Але хваляваньне было першыя паўгадзіны. Едзеш, углядаесься ў ваду і прыглядаеш зручныя месцы, каб нырнуць, калі што:)

Дарэчы, яшчэ пры выезьдзе з дому душа мітусілася ў выбары: браць ці ня браць фотаздымач, бо вада як ніяк — і можа намокнуць тэхніка. Але па тым, што матэрыял аздоблены фота, вы ўжо можаце зрабіць выснову, што фотаздымач мы ўзялі. А зь ім — дзесяць пакетаў, скотч, нажнічкі, і цэляфанавую плёнку, сапраўднае прызначэньне якой накрываць мэблю ад пылу. Але яна вельмі дапамагала ў вандроўцы. Перад кожнай пасадкай у байдарку мы закручвалі тэхніку, у тым ліку і мабільныя тэлефоны, у цэляфан і замацоўвалі скотчам. А яшчэ адзін «дзяжурны» фотаздымач проста трымалі ў невялікім пакеціку і рабілі здымкі ў дарозе. Спальнікі таксама абгортвалі ў вялікія пакеты, каб у выпадку чаго не замачыць жыцьцёва неабходныя для вандроўкі рэчы. І так, усе нарыхтоўкі зробленыя. Едзем.

Я несла ганаровае званьне матроса — сядзела пасярэдзіне, і мая задача заключалася ў тым, каб грэбсьці ў такт з накіроўваючым — гэта той, хто сядзіць наперадзе байдаркі і грабе з усёй моцы. А самая адказная пасада — рулявы — гэта той, хто сядзіць ззаду. Не заехаць у камышы, абмінуць «таплякі» — дрэвы ў вадзе, правільна і своечасова павярнуць — усё гэта на плячох, ці правільней сказаць, у рукох рулявога. Самае важнае — гэта рытм. Бо будзеш грэбсьці хутка — хутка стомісься. Досьвед паказаў, што чым разьмераней грабеш — тым хутчэй ідзеш і амаль не стамляесься, а атрымліваеш асалоду ад зладжанай грэблі ўсёй каманды. Хоць, канешне, грэбсьці — гэта не з клявіятурай і мышкай працаваць, таму прыходзілася трымаць марку і не адставаць.

Натхненьня дадавалі краявіды вакол. Мы праплывалі цэлыя затокі, запоўненыя белымі лілеямі, а гарлачыкі суправаджалі нас увесь шлях. Статак кароваў таксама натхніўся сустрэчы з намі і актыўна суправаджаў байдаркі, бягучы за намі па беразе, пакуль іх ня спыніў пастух.

Агулам у вандроўцы мы былі чатыры дні: першы падрыхтоўчы ля сядзібы Наркевіча-Ёдкі, наступныя тры — на байдарках. Падавалася, што мы на іншай плянэце, бо вырвацца з шумнага пыльнага Менску на Нёман з зарослымі берагамі, высачэзнымі дубамі, бабрынымі плацінамі падавалася казкай. Другую начоўку мы прыгледзелі ў старым дубовым гаі, што вабіў высокім берагам. А вогнішча расклалі наўпрост на абрыве. Эмацыйных размоваў на ноч дадаў заўважаны непадалёк статак дзікоў, што беглі да вады.

Дзень трэці: дождж, балота і бабры

Раніцай падавалася, што прырода ў курсе, што мы на байдарках упершыню, таму падрыхтавала нам яшчэ выпрабаваньняў. Уночы пачаўся дождж і няспынна ішоў увесь дзень. Але да пяці вечара мы ўсё ж выправіліся ў дарогу, апрануўшыся лёгка і схаваўшы цёплыя рэчы пад кляёнку. Насамрэч, ісьці ў дождж на байдарцы — цёпла. Праўда, мы папярэдне паўкручваліся ў «плёнку для мэблі» і дажджавічкі, хоць па дарозе іх і паздымалі. Наступным разам прыдбаю сабе лёгкую непрамакальную куртачку.

Мы заплянавалі прыпынак на начлег на Прыстаньцы — гэта гістарычнае месца на высокім беразе Нёмана, схаванае сярод шматгадовых дрэваў. Менавіта там 9 ліпеня 1906 года прайшоў нелегальны зьезд беларускіх настаўнікаў з удзелам Якуба Коласа. Але датуль яшчэ трэба было даплыць.

Краявіды мяняліся вельмі хутка, а пазьней Нёман пачаў жартаваць з нас. Рака паварочвалася ледзь не на 180 градусаў, пакідаючы на месцы старых руслаў затокі зь лілеямі і гарлачыкамі. Прыгажосьць і пэўная невядомасьць, што ж будзе далей, вабілі.

Уражаньні ад Нёмана непараўнальныя ні з чым, бо ня ты кіруеш сытуацыяй — цябе вядзе рака. А ў байдарцы ты настолькі блізка да вады, што здаецца ляціш па самым краю ракі — на ледзь улоўнай мяжы між вадой і паветрам. Асаблівая асалода, калі ўсе спыняюць грэбсьці, і байдарка без адзінага гуку нясецца па вадзе. У такія хвіліны баісься дыхаць, каб не парушыць спакой нёманскіх мясьцінаў. Так мы напужалі бабра і напужаліся самі:)

Былі ўжо прыцемкі. Нават наш бывалы байдарачнік зьдзіўляўся і не пазнаваў берагоў. Прыкметаў Прыстанькі бачна не было. Так мы апынуліся ў балоце. Бо гаспадараць на Нёмане бабры, якія нарабілі плацінаў, што рацэ нічога не заставалася, як мяняць русла і ісьці балотамі. Нашыя тры байдаркі аддаліся плыні і ўжо ў паўцемры ішлі ў пошуках стаянкі.

Да прызначанага месца мы дайшлі, але поўныя незабыўных уражаньняў лягер разьбівалі ўжо ноччу. Уражаньняў дадаў сустрэты сярод начных дубоў здаравенны павук, памеры павуціньня якога не зьдзівілі б, калі б ён паляваў і на нас. Сон пасьля такога быў моцны.

Дзень чацьверты: згарэлыя на сонцы каленкі і паркоўка ў Стоўбцах

Раніца апошняга нашага вандроўнага дня выдалася вельмі сьпякотнаю, ад учорашняга дажджу не было й успамінаў. Але сум ад разуменьня таго, што ўвечары ўжо дадому, нават падбіваў ком да горла. І мы стараліся ўзяць ад вандроўкі ўсё.

А па дарозе да Стоўбцаў мы сустрэлі здаравеннага шчупака, што лічыцца вялікай удачай. Віталі нас і вясковыя статкі казлоў ля Мікалаеўшчыны. І «рыбнадзор» на крутой хондаўскай маторцы, хвалі ад якой ледзь не падарылі нам яшчэ адно выпрабаваньне — перакуліцца. Хоць я ўжо была гатовая нырнуць, але мы пратрымаліся.

Пэйзаж і надвор’е ў час нашай апошняй паркоўкі мы ўспрынялі дакладна як запрашэньне ад Нёману вярнуцца сюды яшчэ раз. А можа й ня раз. Бо кожны год Нёман розны, і ў залежнасьці выключна ад уласнага характару мяняе свой шлях і гуляе з вандроўнікамі.

Загарэлыя каленкі яшчэ доўга будуць нагадваць пра сьпякотнае сонца над Нёманам. А я доўга буду сумаваць па зарослых нёманскіх берагох, кашы з тушонкаю, гарачым вандроўным супе, па вадзе, празь якую лёгка бачны залацісты пясок на дне. І па гарлачыках, і нават па «тапляках», якія ўмела абміналі. Бо толькі на байдарцы можна так зьліцца з ракою, прайсьці па самых вузкіх і мелкіх затоках. «Цішэй вады, ніжэй травы» — мабыць, гэта таксама пра байдаркі. І толькі на байдарцы адчуваеш, як важна быць камандай. Тады будзе і хуткасьць, і мабільнасьць, і гатоўнасьць ісьці хоць па балотах, хоць па горных рэках.

Фотаблог «На байдарках па Нёмане»


Воля Кузьміч 17:40, 05.08.2008 | Першы раз |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0476 seconds.