Культавы абсэнт: гісторыя, «галюцынагенны ген» і кепскія хлопцы

Калі я даведалася, што навукоўцы дасьледвалі абсэнт, каб рассакрэціць нарэшце ягоны «галюцынагенны ген», я яшчэ не падазравала, як уцягнуся ў гэты культавы напой. Не-не, сама я яго спрабавала толькі два разы ў жыцьці, першы раз пачуўшы пра яго існаваньне з той самай песьні Крамбамбулі. Што гэта за напой, чаму шмат дзе забаронены, як яго правільна піць і іншыя цікавыя факты — у матэрыяле.

Абсэнт — моцны алькагольны напой, які зазвычай утрымлівае ля 60–75% алькаголю. Важнейшы кампанэнт абсэнту — экстракт горкага палыну, у эфірных маслах якога ўтрымліваецца вялікая частка туёна. Менавіта туёну прыпісваюць галюцынагенны эфэкт, дзякуючы якому абсэнт найбольш вядомы. Таксама ў складзе напою: аніс, фэнхель, аер, мята, мэліса, саладкакорань, дзягіль і іншыя травы. У чыстым выглядзе абсэнт не ўжываюць з-за надта высокага градусу алькаголю і існуюць адмысловыя цырымоніі, як трэба піць абсэнт. А многія людзі адзначаюць, што абсэнтавае ап’яненьне суправаджаецца размытым зрокам, зьмененым колераўспрыманьнем і іншымі эфэктамі.

Гісторыя «Зялёнай феі»

Абсэнт пілі яшчэ за паўтары тысячы год да нашай эры. Эгіпцяне выкарыстоўвалі напой як лекі. Лісты палыну тады проста вымочвалі ў віне ці сьпірце. Піфагор верыў, што абсэнт дапамагае павелічэньню нараджальнасьці, а Гіпакрат раіў яго ад усіх хваробаў.

Камэрцыйную жылку ў вытворчасьці абсэнту зразумелі ў Эўропе. Першы «абсэнтавы» завод быў адчынены ў 1792 годзе ў Швэйцарыі, а ў 1805 годзе ў Францыі запрацавала вялікая фабрыка — адтуль напой пастаўлялі ва ўвесь сьвет.

Пік папулярнасьці абсэнту прыходзіцца на канец XIX — пачатак XX стагодзьдзя, спачатку ў Эўропе, а адтуль і ў ЗША. Тады абсэнт быў модны і элітны напой — ён асацыяваўся з арыстакратыяй. Сярод «кепскіх хлопчыкаў», якія ўжывалі абсэнт, Рэмбранд, Ван Гог, Оскар Уайлд і іншыя. Парыскія багемныя мастакі і пісьменьнікі называлі яго сваёй «Зялёнай музай» і «Зялёнай феяй», бо ён «пашыраў сьвядомасьць». І ўсе тамтэйшыя тусоўкі суправаджаліся актыўным расьпіцьцём абсэнту.

Пазьней у абсэнт «уцягнуўся» й народ. На фоне агульнага алькагалізму, некалі багемны напой пачалі зьвязваць з шызафрэніяй, прыдуркаватасьцю, успышкамі гвалту і нават масавымі забойствамі. Як вынік — напой забаранілі ў многіх краінах, і толькі ў нашыя дні — на мяжы XX–XXI стагодзьдзяў абсэнт стаў зноўку вяртаць пазыцыі і ў некаторых краінах цяпер выпускаецца легальна.

Эфэкт наркотыка — найперш празь яго многія чулі пра абсэнт. Хоць чаканы «прыход» атрымліваюць ня ўсе. Насамрэч у дачыненьні да дакладнага складу і ўзьдзеяньня абсэнту існуе шмат баек і забабонаў, чым правераных фактаў.

Навукоўцы расшыфроўваюць «галюцынагенны ген» абсэнту

Што ёсьць такога ў абсэнце, што ён можа выклікаць галюцынацыі? Найбольшае падозраньне падае на туён. Гэта рэчыва, якое ёсьць у тым ліку ў горкім палыне — асноўным складніку абсэнта. Раней меркавалася, што туён нечым падобны да канаплі, а ў вялікіх дозах выклікае непрадказальныя дзеяньні і наагул кепска ўплывае на галаўны мозг. Якраз з-за туёну абсэнт і забаронены, а там, дзе ён дазволены, ёсьць заканадаўчае абмежаваньне на яконую колькасьць.

Навукоўцы ня раз спрабавалі дасьледваць абсэнт, каб рассакрэціць нарэшце, галюцынагенны ён ці не. Зусім нядаўна хімікі з Эўропы і ЗША наноў узяліся за расшыфроўку «галюцынагеннага гену». Удалося знайсьці самы натуральны абсэнт, можна сказаць — гістарычны, выраблены ў Францыі да 1915 году — якраз у той час, калі ён быў пад забаронай і па ідэі мусіў быць вельмі наркатычным.

Дасьледнікі прааналізавалі 13 пробаў са старых закаркаваных бутэлек. Паводле гэтых дасьледваньняў, утрыманьне туёну ў старым абсэнце такое ж, як і ў сучасным, які выпускаецца з 1988 году (Эўразьвяз легалізаваў напой з абмежаваньнем утрыманьня туёну да 10 мг/кг). Як высьветлілася, колькасьць туёну недастатковая, каб патлумачыць усе эфэкты ад ужываньня абсэнту. У лічбах вынікі апошняга дасьледваньня значаць наступнае: у параўнаньні з ранейшымі высновамі, туёну ў напоі ў 5 разоў меней, чым раней лічылася (ад 0,5 да 48,3 міліграма на літар, раней казалі — 260 міліграмаў на літар).

Простымі словамі: абвінавачанага туёну там столькі, што ня можа ён выклікаць ніякіх глюкаў. Ня знойдзена там ніякіх іншых спалучэньняў, якія могуць выклікаць моцныя галюцынацыі. Высновы хімікаў простыя: адказ трэба шукаць у этаноле (ці па-просту сьпірце) і алькагалізьме.

Бо непадрыхтаваны арганізм і пасьля 100 грам 75-градуснага сьпірту можа ня толькі зоркі перад вачыма пабачыць. Ды й на розныя травы розныя арганізмы рэагуюць па-рознаму. На ўласныя вочы бачыла, як хлопцы наеліся супэр-вострага беларускага перцу — глючыла яшчэ як :)

Багемны і традыцыйны абсэнты і як іх піць

 

Калі я першы раз піла абсэнт, рыхтавалі мы яго, як мне паказалі ў свой час у адной славацкай кавярні. Для большай упэўненасьці, мы пашукалі яшчэ парадаў у Сеціве. Сабраліся з сябрамі, узброіліся шкляначкамі, відэльцамі з цукрам і запальнічкамі. Ледзь хату не спалілі. Наступны раз ставілі побач з сабой вялікую талерку з вадой — на выпадак ЧП:) Таму шукальнікам вострых пачуцьцяў адразу раю — будзьце пільныя!

Ужо зараз я даведалася, што мы пілі так званы «багемны» абсэнт. Дык вось традыцыйны ці арыгінальны абсэнт п’юць інакш — яго зьмешваюць з цукрам і ледзяной вадой, пакуль уся вадкасьць не памутнее. А багемны п’юць эфэктна — падпальваючы цукар і абсэнт, каб пасьпелі апрацавацца эфірныя алеі. Хоць некаторыя кажуць, што падпальваньне — гэта ўсё маркетынгавыя хітрыкі чэскіх вытворцаў. Я ж веру, што без гэтай казачнай працэдуры ніяк. Праўда, цяпер я пры нагодзе буду шукаць у замежных крамах самы традыцыйны й арыгінальны абсэнт. Што распавядаць — лепш паглядзець відэа, як п'юць абсэнт іншыя.


Прыклад падрыхтоўкі да ўжытку традыцыйнага абсэнту.


Прыклад падрыхтоўкі да ўжытку багемнага абсэнту.
«Багемны стыль» абсэнту альбо «чэскі» — гэта напой без анісу і зазвычай называецца «Аbsinth» (без е напрыканцы ў параўнаньні з традыцыйным «Аbsinthe»). Зазвычай ён больш горкі, чым традыцыйны абсэнт, бо ўтрымлівае больш палыну. Вырабляюць яго без дысцыляцыі: гэта высокаградусны алькаголь з на халодную зьмяшанымі травамі ці алеямі і фарбавальнікамі. Хоць варта памятаць, што ня кожны чэскі абсэнт — «багемны».

Абсэнт у нашы дні

Рэкляма робіць усё. Цікава, што месцам аднаўленьня абсэнту ў наш час лічыцца Шатляндыя — дарэчы, там ён ніколі ня быў забаронены, але новую хвалю папулярнасьці атрымаў у 1998 годзе, калі чэхі выпусьцілі напой на брытанскі рынак. Папулярнасьці культаваму напою дадаў вядомы актор Джоні Дэп, які ў адным інтэрвію заліхвацкі распавядаў, як яны тусілі і папівалі абсэнт на здымках вядомага «Страху й нянавісьці ў Лас-Вэгасе».

У Беларусі ж неадмысловую прамоцыю абсэнту зрабіў гурт «Крамбамбуля» ў 2002 годзе. Адным з гітоў першага альбому «Крамбамбулі», прысьвечанага якраз разнастайным экзатычным алькагольным напоям, і была песьня «Абсэнт». У кліпе сюжэт разгортваецца якраз вакол абсэнту, дзе героі падпальваюць і п’юць загадкавы зеленаваты напой.

«Гэта быў, гішпанскі ці францускі абсэнт з амэрыканскага duty free, прывезены знаёмым фатографам Сашам Куліком», — распавёў Generation.bY Лявон Вольскі.

Зараз абсэнт выпускаецца ў многіх краінах сьвету. Адныя робяць традыцыйны, другія — багемны, а трэція — аналягі зялёнага колеру і высокага градусу, якія выпадкова можна прыняць за арыгінал. Да прыкладу, у Расеі можна знайсьці абсэнт «Вкус истории», ва Ўкраіне — «Вінсент», у Польшчы — «Absenton». Апошні і я спрабавала, вяртаючыся з Басовішча-2007, але ўсё адно лічу, што спрабавала абсэнт толькі два разы, бо гэты раз — гэта быў не абсэнт.

А знаўцы напою раяць адно: не чакайце ад абсэнту «грандыёзнага прыходу». Гэта напой, пад які трэба расслабляцца, адпачываць, адчуваць ягоную багатую гісторыю, а будзе галюцынагенны эфэкт ці не — залежыць ужо ад вас і вашага настрою. Парады даюць ня толькі знаўцы, але і «Мінздрав предупреждает»: алькаголь шкодны для здароўя. Беражыце сябе! :)

Аўтар фота Зьміцер Язьвінскі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.