«Пароль у лета» — інтэрнэт-прэзэнтацыя першага запісу гурта Rahis

Rahis стаў вядомы яшчэ некалькі год таму праз запісаныя з «хатняй» якасьцю акустычныя песьні. Запісаныя яны былі для сяб­роў, але паступова разышліся па кампутарах вялікай колькасьці людзей, нягледзячы на просьбы аўтараў не распаўсюджваць песьні ў такой якасьці.

Фан-клюб гурта на форуме Generation.bY — самая папулярная тэма, і на многіх яе старонках можна сустрэць пытаньні пра студыйныя запісы. Цяпер на пытаньні ёсьць адказ. Працэс пайшоў, і гурт Rahis запісаў першую песьню з студыйнай якасьцю.

Rahis

Rahis узьнік у сьценах Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэта, дзе й пачаліся акустычныя выступы гурта. Пазьней да Зьміцера Язьвінскага і Дзяніса Філіпенкі далучылася скрыпачка Кася, а на апошнім курсе музыкі паспрабавалі стварыць электрычны гурт. Спроба выйшла ўдалай, і Rahis браў удзел у некалькіх канцэртах па Беларусі ў 2004 годзе: ў Полацку, Віцебску і ў менскім клюбе NC.

Пасьля ўнівэрсытэта Дзяніса Філіпенку забралі ў войска, а Касю накіравалі па разьмеркаваньні працаваць настаўніцай. Але гурт працягваў разьвівацца. Зьміцер Язьвінскі выступаў зь песьнямі пад гітару на беларускіх вечарынах, а таксама ў Польшчы на «Студэнцкіх днях беларускай культуры». І ў той час, калі Дзяніс стаяў у нарадзе аховы Міністэрства абароны, Зьміцер сьпяваў 18 сакавіка 2006 году на першым канцэрце Песьні Свабоды. Дзяніс закалкі таксама не губляў — выступаў на вайсковых імпрэзах, а ў нарадах пісаў песьні. Так, «Вясна», якую музыкі зараз выконваюць на канцэртах, нарадзілася ў 2006 годзе ў некалькіх мэтрах ад плошчы Каліноўскага каля будынку Міністэрства абароны.

Правакацыйным канцэртам «Тры гады ўстрыманьня» восеньню 2007 году Rahis прэзэнтаваў электрычную праграму, пакінуўшы акустыку ў фармаце unplugged, а ўвесну 2008 году музыкі прыступілі да студыйнага запісу. 

Цяпер Rahis гэта: Зьміцер Язьвінскі (вакал, гітара), Дзяніс Філіпенка (вакал, гітара), Слава Цыпылоў (бубны), Рома Пашчанюк (сола-гітара) і Саша Мішугоў (бас-гітара).

У лірыцы гурта прыхільнікаў чапляюць тэмы прыроды, гарадоў, геаграфіі і чалавечых пачуцьцяў. У песьнях Rahis ёсьць таксама шмат месца весялосьці і адрыву, бо самі па сабе хлопцы аніяк не падобныя на магчымыя ўяўленьні пра батанікаў з прыродазнаўчага факультэту. Рахісы ўмеюць адпачываць напоўніцу.

Песьня «Пароль у лета» ўпершыню была прэзэнтаваная на аднайменным канцэрце ў Менску 17 сакавіка гэтага года. Лета, каханьне, мора, паці, кактэйлі з марціні, зорныя ночы — мары й успаміны пра­ адп­ачынак улетку. Наперадзе яшчэ больш за два месяцы, каб пасьпець зрэалізаваць з­імовыя мары.

«Працэс спадабаўся. Будзем працягваць!» — гавораць хлопцы з Rahis пра першы досьвед запісу. Такім чынам, новых запісаў гурта можна чакаць значна хутчэй, чым гэты першы ;)

У бліжэйшы час гурт можна будзе пачуць на буйнейшым польскім фэстывалі Union of Rock, дзе Rahis разам зь іншымі беларускімі камандамі прадставіць свае песьні. Сёньня ж у 21:30 на Радыё «Сталіца» адбудзецца радыё-прэзэнтацыя «Пароля ў лета».

А інтэрнэт-прэзэнтацыя толькі што адбылася. Пампуй песьню тут:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.