Крыклівая і задорная «Эўропа» Рахісаў – трагедыя і міф

RahisRahis, фота Юлі Сакалоўскай

«Эўропа», напэўна, была маёй любімая песняй. Крыклівая і задорная, яна нібыта хацела дагрукацца да ўсяго свету, каб распавесці пра любоў да тых месцаў, рамантычных і міфічных, пра якія чытаў толькі ў кніжках, але ніколі ў жыцці не бачыў.

Пра стары добры Лёндан і сонечны Марсэль мы ўсе тады толькі марылі. І таму «мая Эўропа» была хоць і далёкай, як цяпер якая Вогненная Зямля, але «сваёй». У гэта верылася. Таксама верылася, што ў адзін дзень і ты ўслед за Магеланам рушыш на Захад. Каб вярнуцца, і зрабіць тут яшчэ лепей. Зрабіць інакш.

Праз дзесяць гадоў «Эўропа» вяртаецца. За гэты час яна стала бліжэй, міфы развеяліся, а Ран’эйр цяпер робіць флегматычны СтАкгольм часам бліжэйшым за родны Нясвіж і Ліду. Прыемна, што час сцвердзіў праўдзівасць адных з найпрыгажэйшых метафар, што калі-небудзь клаліся ў «геаграфічна-гуманітарныя» беларускія песні. Мне падаецца, гэтыя вершы маглі б быць напісаныя Амундэрсэнам ці Турам Х’ердалам у іхнія 17.

2.

Але дзе цяпер тая «Эўропа»? «З першым поспехам» мы ўсе рушылі туды, дзе Вільня гасцінна адкрыла дзверы на светадыёдах шматлікіх гіпермаркетаў. І новая афарбоўка сінглу зрушыла кудысьці ў той самы бок, вакзалу і цягніка на Вільню. Цяпер «Эўропа» сама гучыць троху буржуазна і нашмат болей спакойна, як той болей камфартабельны цягнік, у якім едзеш і марыш ужо пра нешта іншае, бліжэйшае да зямлі.

3.

А яшчэ мне падаецца, што «Эўропа» Rahis вельмі важная для разумення таго пакалення беларусаў, што наш партал калісьці набраўся нахабнасці назваць на амерыканскі манер Y. Няма сумневаў: гэтак сама як калісьці мы прыдумалі сабе «Эўропу», пазней мы вынайшлі і працягваем прыдумваць сваё пакаленне Y. Вельмі асаблівае, вельмі катэгарычнае часам, але разумнае і ўпэўненае. Гэтае пакаленне выйшла шмат у чым з тых міфаў пра Еўропу, якія пералічваюцца ў песні. Гэта было важна, што для беларускага пакалення Y, таксама няма сумневаў, Еўропа пачыналася тут. Не ўсе гэта разумелі, але, здавалася, можна было патлумачыць. І песня таксама троху тлумачыла, дэканструявала міф Еўропы, і гэтым яднала нас. Важна мець супольныя міфы, агульных герояў, гісторыю і культуру.

4.

Але як так выйшла, што праз столькі гадоў мы дагэтуль жывём на мяжы паміж Еўропай і не-Еўропай? Што тады пакаленне Y, калі Еўропа – толькі міф? І чаму лепшае, што мы навучыліся рабіць па-еўрапейску – гэта спажываць? Я не маю адказаў на гэтыя пытанні. Але маю прыгадаць прыгожыя словы Мілана Кундэры – пісьменніка, які гэтаксама займаўся тлумачэннем міфу Еўропы сваёй роднай Чэхіі.

«Цэнтральная Еўропа – гэта культура і лёс», – пісаў ён праз 15 гадоў пасля нападу савецкіх войскаў на Прагу ў 1968 годзе.

Кундэра з болем прыгадваў гэты, а таксама іншыя моманты, калі пасля Другой сусветнай вайны Расія зноўку і зноўку давала зразумець, што проста так Цэнтральную Еўропу яна не адпусціць. І цяпер гэтак, таксама як і тады, яна не хоча адпускаць Еўропу Усходнюю. Бо Еўропа – гэта яшчэ і драма.

Народжаны чэхам і стаўшы французскім пісьменнікам, Кундэра марыў пра вяртанне свайго роднага рэгіёну «дадому» – на Захад, да якога, паводле ягоных словаў, культурна належалі народы гэтай часткі Еўропы, палітычна застаючыся недзе на Усходзе. Гэткае ж самае адчуванне з’яўляецца, калі цяпер перасякаеш мяжу паміж Беларуссю і ЕС. І аб гэтым пранікнёна спяваюць Rahis: у сэнсе культуры мы – Захад, з нашым Скарынам у Празе, і нашым Шагалам у Парыжы. Творцы, што паходзілі з Беларусі, і мы цудоўна памятаем гэта, пастаянна прыносілі ўнёсак у еўрапейскую культуру. Як Міцкевіч у літаратуру ці Агінскі ў музыку. Але палітычна мы дагэтуль застаемся на Усходзе. І гэта культурная і гістарычнай супярэчнасць, выглядае, якраз і не дазваляе нам спыніцца думаць пра Еўропу як гэта робяць Rahis.

5.

Насамрэч, пры ўсёй стандартнасці лэйбла ‘Y’, беларускае пакаленне народжаных пасля 1980 году далёка не стандартнае. Яно апынулася нешматлікім, але суперадрозным ад большасці. Па той і іншы бакі Віслы, Вільлі і Ведэна. І спазнала, што значыць кундэраўская трагедыя Еўропы на сабе. Цяпер гэтая пазнака драмы знікла з новай версіі песні, але старыя файлы і запісы не даюць схлусіць – яна была тут.

Ёсць напрыканцы старой версіі “Эўропы” “забытыя” радкі:

…. Я такі адзін на сто.

Няўжо, не няўжо

гэты век

так і скончыцца бязь зьмен,

я бачу страх, я чуў стрэл…

Шмат што змянілася і не змянілася нічога. Мы ўсё гэтак жа марым пра «вяртанне» ў Еўропу, і тысячы Райн’эйраў і Ікеяў тут не пры чым. Але як эпічна сумным быў тон таго артыкулу Кундэры ў 1983, гэтаксама неверагодным здаваліся Вельветавая рэвалюцыя ў Празе і руйнаванне Берлінскага муру праз шэсць гадоў. Усё ж дарога дадому бывае вельмі доўгай, але вяртанне да яго непазбежнае.

6.

«Эўропа» існуе, пакуль мы размаўляем пра яе. Таму вельмі важна ўсё ж, каб старыя адчуванні той Еўропы пачатку нулявых захаваліся. Як і «Еўропа» сённяшняя. Для кожнага свая.

Чэрвень 2015, Орхус, Данія.


Алесь Герамісенка 15:00, 11.06.2015 | Пакаленне Y |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0474 seconds.