Rahis анансуе новы альбом сінглам «Эўропа» ў 20-ю гадавіну падзеі, якая развярнула Беларусь на ўсход

Перад выхадам новага альбому «Паміж сонцам і хмарамі» гурт Rahis прэзентуе ў сеціве сінгл «Эўропа» ў дзень, калі 20 год таму быў праведзены рэферэндум, які рэзка змяніў гісторыю незалежнай Беларусі ў адваротны бок.

«Добры дзень, мая Эўропа, для мяне ты так далёка, як забыты дзіўны край», – у Еўропе гурта Rahis далёкія Поль Сезан, Вальтэр і Галілей жывуць на адной цывілізацыйнай прасторы з тутэйшымі Маркам Шагалам і Францыскам Скарынам.

Тэкст песні «Эўропа» быў створаны ў пачатку 2000-х, калі вакаліст Rahis Дзяніс Філіпенка вывучаў геаграфію ва ўніверсітэце і толькі марыў пра далёкія вандроўкі. З таго часу грамадзяне Беларусі сталі рэкардсменамі свету па шэнгенскіх візах, а беларуская моладзь вывучыла модныя кавярні суседніх сталіц не горш за мінскія, аднак краіна застаецца адкрытай ментальна толькі на ўсход.

«Выбар кожнага беларуса, які жыве на мяжы дзвюх цывілізацый – гэта альбо выбар каштоўнасцей, якіх трымалася гэта зямля цягам стагоддзяў: свабода і адказнасць за сябе асабіста, альбо адчуванне сябе часцінкай ў складзе вялікай махіны, на рух якой, як і на свой лёс, ты не ўплываеш аніяк», – разважае Дзяніс Філепенка. «20 гадоў таму быў страчаны адзін шанец, напэўна хутка прыйдзецца зрабіць новы складаны выбар. Ёсць надзея, што крытычны розум і пачуццё самазахавання беларусаў перамогуць страх і няўпэўненасць».

Сінгл «Еўропа» анансуе выхад у бліжэйшыя дні другога поўнафарматнага альбому гурта Rahis, які атрымаў назву «Паміж сонцам і хмарамі».

«Другі альбом чакана атрымаўся больш дарослы і інтэлігентны, у ім мы рэалізавалі ўсе свае музычныя задумы. З'явіўся больш мяккі гук, які дадае разам з меладычнасцю клавіш болей рамантыкі і флёру. Мы імкнуліся, каб кружэлка была сур'ёзнай і сталай у прафесійнай частцы і лёгкай ва ўспрыманні ды настроі. Каб ад праслухоўвання з'яўлялася жаданне змяняцца і надзея на змены навокал», – распавядае пра новы альбом яшчэ адзін вакаліст гурта Зміцер Язвінскі.

Дэбютны альбом гурта Rahis «Сшытак з тэкстамі ў малюнках» выйшаў у 2010 годзе і быў запісаны ў выглядзе студэнцкага сшытка.

Загалоўнае фота: Юра Сідун 


Юра Сідун 03:00, 14.05.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0461 seconds.