Гурт Rahis запісаў першы альбом у выглядзе студэнцкага сшытку

«Сшытак з тэкстамі ў малюнках» — з такім назовам сёньня на Generation.by выкладзены першы студыйны альбом гурта Rahis, вядомага па канцэртах, кватэрніках і акустычных запісах «хатняй» якасьці.

«„Мы шмат ужо сьпявалі...“ і нарэшце запісалі! Альбом, пра які мы марылі яшчэ ў студэнцкія часы, нарэшце гатовы. Намаганьняў і часу, якія былі ўкладзеныя ў яго стварэньне, камусьці магло б хапіць і на два з паловай альбомы. Наш першы альбом мы выпускаем толькі і менавіта зараз», — распавядае пра працу адзін зь лідэраў гурта Зьміцер Язьвінскі.

Rahis Рахіс

Публічнасьцю Rahis ніколі не адрозьніваўся і доўга не рабіў студыйных запісаў. «Нам яшчэ працаваць і працаваць», — заўсёды казалі хлопцы, аднак канцэртавалі нямала, а колькасьць напісаных песень ужо перавысіла тры дзесяткі. 11 песень зь іх увайшлі ў «Сшытак з тэкстамі ў малюнках».

«Усе гукі, гармоніі і мэлёдыі, якія нараджаюцца ў нашых галовах, складана было рэалізаваць раней — спатрэбілася шмат часу, каб тэхнічна дарасьці да гатоўнасьці запісаць альбом, — тлумачыць Зьміцер. — Аднак і не адкладаем прэзэнтацыю на восень — няхай песьні слухаюцца ўжо ўлетку».

У лірыцы гурта пераважаюць тэмы прыроды, гарадоў, геаграфіі і чалавечых пачуцьцяў, але й прысутнічае дастаткова месца весялосьці і адрыву. Песьні пішуцца Зьмітром Язьвінскім і Дзянісам Філіпенкам, якія стварылі гурт, калі навучаліся ў пэдунівэрсытэце на факультэце прыродазнаўства. Першыя інтэрнацкія выступы перарасьлі ў кватэрнікі, пазьней — у сольныя канцэрты і выступы ў Беларусі і на замежных фэстах. Год таму Rahis прэзэнтаваў сваю першую студыйную працу — максі-сынгл «Празь Сеціва», песьні зь якога таксама ўвайшлі ў першы альбом.

«Альбом атрымаўся слаёны, у яго трапілі як старыя песьні, якія мы пісалі, калі былі студэнтамі, у эру пэйджэраў, у першыя гады пасьля ўнівэру на здымных кватэрах, так і новыя. Большасьць песень — як гуркі ў слоіку марынаваліся і чакалі, пакуль іх пададуць да стала. Але ўвесь гэты час пісаліся і новыя песьні. Частку зь іх мы запісалі ў „Сшытак“, іншыя чакаюць другога і трэцяга альбому. Так што ў беларускім музычным андэграўндзе мы надоўга:)», — запэўніваюць музыкі Rahis.

Публікацыя «Сшытку з тэкстамі ў малюнках» на дысках і канцэртная прэзэнтацыя заплянаваныя на восень. А інтэрнэт-прэзэнтацыя пачалася ўжо зараз — усе трэкі з альбому дасяжныя для вольнага спампоўваньня па адрасе rahis.generation.by.

tarka 07:00, 08/06/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.