Лявон Вольскі зрабіў Вільню «нашай»

Гурт «Крамбамбуля» Лявона Вольскага распачаў трохдзённую сэрыю канцэртаў у сталіцы Літвы зь неверагодна эмацыйнага выступу ў клюбе Loftas у суботу 28 красавіка.

У 22:18 Лявон Вольскі ў белай кашулі, зялёным шаліку, дзіравых джынсах і кедах без матузкоў зьявіўся на сцэне амаль цалкам забітага людзьмі клюбу Loftas у цэнтры Вільні.

«Выбачайце ўсе тыя, хто цяпер стаіць на літоўскай мяжы», — кантэкст вітальных словаў Лявона быў зразумелы амаль кожнаму, хто прыйшоў у гэты вечар у клюб. Хаця «прыйшоў» — панятак не зусім з таго сэмантычнага шэрагу, што мусіць апісваць усе перашкоды і неспадзяванкі, якія сустракалі ахвотных пачуць новы альбом «Крамбамбулі». «Дабраўся», «прабіўся» ці яшчэ нешта падобнае — такімі словамі варта назваць працэс, які папярэднічаў трапленьню на канцэрт.

Выстаяўшы вялізныя чэргі ля літоўскай амбасады (што праўда, атрымаўшы пры наяўнасьці квітка бясплатную візу і зэканоміўшы толькі на візе больш за 100 тысячаў рублёў), прыхільнікі гурта вымушаныя былі гадзінамі сядзець у аўтамабілях на памежным пераходзе паміж Беларусьсю і Літвой у чаканьні, калі памежнікі дазволяць ім праезд, альбо фарсіраваць пераход пешшу, роварамі і іншымі дазволенымі шляхамі. Больш спрактыкаваныя і неабцяжараныя наяўнасьцю ўласнага аўтатранспарту беларусы мусілі вырашыць іншую праблему: як знайсьці квіткі на цягнік, калі яшчэ за 2 тыдні да канцэрту яны былі ўжо раскупленыя.

У выніку акаўнты «Крамбамбулі» ў сацыяльных сетках за некалькі дзён да выходных больш нагадвалі форум па пошуку спадарожнікаў і квіткоў, чым месцы, дзе прыхільнікі абмяркоўваюць музыку. Праз тое пачатак канцэрту адклалі амаль на 2 гадзіны. Затое тыя, хто так і застаўся чакаць права трапіць у Літву на мяжы (менавіта перад імі выбачаўся Лявон, паралельна раздаўшы праз прэсу рэкамэндацыі, празь які памежны пераход ехаць у Вільню ў бліжэйшыя дні ня варта), паабяцалі бясплатна пусьціць на два наступных канцэрты «Крамбамбулі», што мусілі адбыцца ў гэты ж уікэнд.

Тыя ж беларусы, што тым ці іншым чынам усё ж прабіліся празь мяжу, былі ўзнагароджаныя прахалодным Акропалісам, Вострай брамай і нават некалькімі экскурсіямі па цэнтры Вільні ад мясцовых беларусаў па беларускім жа месцам. Дзень яны завяршалі ў натоўпе ля клюбу, дзе сотні такіх самых як і яны чакалі на ўваходзе пачатку канцэрту, дзяліліся тымі цікавосткамі, што атрымалася засьпець у літоўскай сталіцы, а таксама на чым стаіць сьвет лаялі візавы рэжым, што «падзяліў Вялікае княства».

Прывітаньне з «марозных дзён»

«У мяне адчуваньне, што я не ў Літве», — ужо, здаецца, канчаткова перайшоўшы на расейскую дзялілася з калегай уражаньнямі ад беларускай публікі адна з ахоўніц клюбу. І гэта адчуваньне мае рызыку захавацца ў жанчыны яшчэ як мінімум на 2 бліжэйшых дні: «бязьвізавая» «Крамбамбуля» аказалася на столькі запатрабаванай у беларусаў, што замест заплянаванага аднадзённага канцэрту ў Вільні гурт вырашыў даць цэлых тры выступы. І квіткі на іх, па словах прадусаркі калектыву Ганны Вольскай, ужо раскупленыя. Праўда, перад выступам у многіх захоўвалася засьцярога: а ці не павыкідаюць беларусы свае квіткі і ня кінуцца адразу ж пасьля трапленьня ў жаданы Шэнген, напрыклад, у Парыж?

Сумневы жылі ў галовах прыкладна да таго моманту, як адзін з арганізатараў канцэрту, прадусар Ўладзімір Шаблінскі, як заўжды сьціпла апрануты ў чорную цішотку і джынсы, выйшаў на сцэну слабаасьвечанага клюбу. Перад ім быў вялізны натоўп зь пераважна маладых людзей. Дзе-нідзе ўжо зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Было зразумела: беларусы засталіся ў Вільні. «Я хачу сказаць тое, што мы зьбіраліся сказаць вам у тыя марозныя дні: «Мы пачынаем!» — у гэтых двух словах Шаблінскі сьціснуў увесь драматызм гісторыі, якая магла ператварыцца ў адну з самых сумных старонак беларускай музыкі.

Тыя два простыя словы Лявон Вольскі ня здолеў вымавіць са сцэны менскага клюбу Re:public, бо за месяц да заплянаванага 11 лютага канцэрту «Крамбамбуля» атрымала адмову ўладальнікаў пляцоўку ў арэндзе памяшканьня. Пры ўзьнікненьні першых праблемаў з уладамі адміністрацыя клюбу хутка «прыдумала» новы канцэрт замест забароненага, і прапанавала публіцы замену ў выглядзе Дзімы Ску, Yellow Brick Road, «Петли Пристрастия» і Akute. У той вечар гурты пакорліва адыгралі «даўна заплянаваны канцэрт», хаця драматызм імпрэзы зашкальваў. Каманда «Крамбамбуля» адмену канцэрта «не зразумела» і нават паабяцала падаць у суд на клюб. А ўсіх прыхільнікаў запрасіла на канцэрт у Літву, амбасада якой у Беларусі паабяцала уладальнікам квіткоў на выступ бясплатныя візы.

Лявон Вольскі з моманту зьяўленьня «новай рэдакцыі» сьпісу забароненых музыкаў мінулай вясной амаль ня меў магчымасьці адкрыта выступаць на беларускіх пляцоўках. Новы-стары статус ператварае яго ў літаратара-музычнага карыкатурыста, што бясконца калясіць па замежжы з канцэртамі, на якія прыходзіць пераважна эмігранцкая публіка. Але віленскія канцэрты сталі выключэньнем у гэтай сумнай гісторыі: у час выступу «Крамбамбулі» зьявілася адчуваньне, што ўсе прысутныя, пачынаючы ад музыкаў і сканчаючы турыстамі з акропалісаўскімі пакетамі, чакалі гэтага канцэрту шмат дзён: першыя, каб выканаць выдатнейшую праграму, а другія — каб усмактаць яе цалкам, давёўшы градус весялосьці ў клюбе да неймаверных межаў.

Дзесьці на трэцяй гадзіне канцэрту, калі Лявон Вольскі раскрыў няўдалы «сюрпрыз», што рыхтавалі музыкі: запрашэньне на канцэрт вакаліста яшчэ аднаго забароненага гурта Аляксандра Кульлінковіча — публіка была ўзьведзенай да мяжы. Кульлінковіч не даехаў, і Лявон заклікаў дасылаць яму прывітаньні праз 170 км, якія акрамя мяжы падзяляюць Менск і Вільню. Верагодна, у гэты момант вакаліст Neuro Dubel проста ня мог нічога не адчуваць.

Нерэалізаваную ідэю з Кульлінковічам кампэнсавала зьяўленьне на сцэне яшчэ аднаго сталага музычнага героя Ўсходняй Эўропы — літоўца Андрюса Мамонтоваса — што ва ўласьцівым апошняму альбому «Крамбамбулі» «Drabadzi-Drabada» стылі прасьпяваў у дзьвюхмоўным дуэце з Вольскім адну са сваіх кампазыцый з альбому цыганскіх песень. Песьня была канешне ж пра каханьне, і Мамонтовас выканаў яе так эмацыйна, як толькі мог сьпявак, запрошаны на некалькі хвілінаў на сцэну. Пасьля гэтага моманту ні публіку, ні музыкаў было не стрымаць.

Здавалася, канцэрт мог працягвацца ўсю ноч: ад новых швэдзка-італійска-польска-і-іншамоўных песень «Крамбамбуля» ўсё мацней паглыблялася ў даўнюю спадчыну, з шуфляды ўзьнікалі то «Госьці», то «Абсэнт». Калі Вольскі засьпяваў пра «Калі раптам адчуеш камунальныя пахі», стала зразумела, што гэты канцэрт, у прынцыпе, можа працягвацца ўсю ноч: песенны архіў Вольскага дазваляе гэта зрабіць.


Апошнія моманты кацнэрту ("Тры чарапахі") вачыма vradivinovski

Але ў Лявона яшчэ былі справы: тое быў толькі першы дзень нашай Вільні.

З.Ы. Яшчэ фотаздымкі з канцэрту

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2649 seconds.