Akute выйшлі на замену Вольскаму

Сьпіс забароненых музыкаў, які дзейнічае ў Беларусі ўжо амаль год, чарговы раз нагадаў пра сябе месяц таму, калі было абвешчана аб адмене канцэрту «Крамбамбулі» Лявона Вольскага ў буйнейшым канцэртным клюбе Менску Re:public. Пры ўзьнікненьні першых праблемаў з уладамі адміністрацыя клюбу хутка «прыдумала» новы канцэрт замест забароненага, і прапанавала публіцы замену ў выглядзе Дзімы Ску, Yellow Brick Road, «Петли Пристрастия» і Akute. Гурты пакорліва адыгралі «даўна заплянаваны канцэрт», хаця драматызм імпрэзы зашкальваў.


Фота Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Драматызм канцэрту зашкальваў: у той момант, як Yellow Brick Road на сцэне Re:public заклікалі музыкаў, якіх «засталося ня так шмат», жыць дружна, Лявон Вольскі ў пухавіку на дваццаціградусным марозе амаль што ўласнаручна раздаваў грошы сотні фанатаў. Тыя апынуліся да такой ступені няўдачлівыя, што набылі квіткі на канцэрт «Крамбамбулі» за некалькі дзён да яго адмены.

Канцэрт «Крамбамбулі» мусіў адбывацца 11 лютага. Але прыкладна за месяц да гэтага стала зразумела, што нехта прымусіў клюб адмовіць «Крамбамбулі» ў пляцоўцы. Звычайна ў такіх выпадках у памяшканьнях «выпадкова» ўзьнікаюць праблемы з электрычнасьцю, пажарнікамі, водаканалам і санэпідэмстанцыяй. А лепей, усё разам і акурат перад выступам аднаго з «забароненых». Празь некалькі дзён, альбо нават гадзін, праблемы «як рукой здымае», і менш запатрабавальныя ў грамадзкім сэнсе фанаты атрымліваюць порцыю «дазволенай» музыкі.

Але гэтым разам дзеяньні кіраўніцтва Re:public былі да такой ступені тапорнымі, што арганізатары канцэрту «Крамбамбулі» заявілі аб жаданьні падаць у суд. Справа пачала нагадваць амэрыканскую гісторыю з амэрыканскага фільму, але замест каманды адвакатаў да моманту канцэрту Лявон Вольскі прадставіў публіцы афішу віленскага варыянту прэзэнтацыі свайго новага альбому, што мусіць адбыцца ў красавіку. Падтрымае імідж Вільні як галоўнага апірышча беларускіх музычных дысыдэнтаў калібру Міхалка і Вольскага лютаўскі канцэрт апошняга для студэнтаў ЭГУ.

«Хачу сказаць»

У выніку, суботні канцэрт у Re:public аказаўся літаральна наэлектрызаваным зваротамі да «тых, каго тут зараз няма». Хаця кожны з музыкаў разумеў праблему іх адсутнасьці па-свойму.

Лідэр Yellow Brick Road, да прыкладу, са сцэны паспрабаваў папрасіць ці то прабачэньня ў Вольскага, ці то індульгенцыі за суседзяў па сцэне:

«Я не хацеў бы, каб нехта трымаў крыўду на тыя гурты, зь якімі давялося нам сёньня граць». Хацелася дадаць: «Ну вы ж самі ўсё панімаце».

Менавіта гэты, здаецца ўжо спрадвечна беларускі дыягназ грамадзтву ўзьняла на харугвы «Крамбамбуля» ў спробе выцягнуць на публіку праблему забароненых музыкаў, заявіўшы пра намер падаць у суд на Re:public за нявыкананы кантракт і сарваны канцэрт без асаблівага тлумачэньня прычынаў.

«Мы будзем рабіць усё, каб вывесьці сытуацыю за межы «тыповай беларускай», — пісаў у адмысловым звароце Лявон Вольскі.

Вядомы рэжысёр хоўм-відэа пра Міністэрства эканомікі Андрэй Кабанаў нават заклікаў у Фэйсбуку да байкоту канцэрту. Але ўжо на падыходзе да самавітага гардэробу Re:public станавілася зразумелым: 16-20-гадовыя фэны Yellow Brick Road і Akute з Кабанавым ў сацсетках не сябруюць і погляды ягоныя не падзяляюць.

Дзевачкі і мароз


Фота Алена Хацкевіч, ultra-music.com

«Лявон, ня стой на марозе, ідзі пагрэйся», — раіў нехта аднаму з найбольш вядомых музыкаў Беларусі, які замест выступу вымушаны быў штораз адкідаць капялюш, каб фоткацца з новай групай прыхільнікаў. Лявон ахвотна пазіраваў для журналістаў і прыхільнікаў, перакідваючыся зь імі жартамі ў сваім стылі.

У гэты момант саліст Yellow Brick Road прысьвячаў чарговую песьню свайму тату і сьпяваў пра Заходні бераг ды перавагі жыцьця на ім.

Публіка тым часам ня парылася, набывала квіткі па Br65 000 і ішла слухаць «Петлю Пристрастия». Апошняя дазваляла даволі добра адарвацца пад сцэнай, але для гэтага пажадана было адключыць функцыі ўспрыманьня тэкстаў песень. «У такія маразы вы прыйшлі на канцэрт!» — не пераставаў зьдзіўляцца вакаліст «Петлі». І спрабаваў рэклямаваць наступны гурт. Атрымлівалася троху па-бацькоўску.

Але меркаваныя хэдлайнэры канцэрту — магілёўскі гурт Akute — выклікалі усё ж троху меншую цікаўнасьць, чым папярэдняя каманда. Хлопцы паглыбіліся ў звыклыя матывы «Цішыні» і «Машыны». А перад гэтым вярнуліся да тэмы вечара. Ды што там, усяго году. Выступ Akute пачалі зь міні-акцыі салідарнасьці з «Крамбамбуляй», прапанаваўшы папляскаць «тым музыкам, якіх забараняюць». Публіцы ідэя спадабалася.

«Мы гаворым „Павольна“ тым, каго зараз тут няма», — не стамляўся басіст Akute. Такі анонс надаў адчуваньня, што кампазыцыя «Павольна» адмыслова напісаная менавіта для гэтага вечару і для такой сытуацыі.


Фота Алена Хацкевіч, ultra-music.com

«Ну вы ж самі ўсё панімаеце», — скончылі хэдлайнэры выступ цытатаю з Вольскага. Публіка ўсё канешне ж разумела і вітала кожны дысыдэнцкі захад магілёўцаў. У выніку, з выступу Akute замест разьнявольнага постхіпстэрскага року атрымаўся палітычны памфлет у лёгкай форме. Лявон быў бы ўсьцешаны.

P.S. Стала вядомая дата прэзэнтацыі новага альбому «Крамбамбулі» ў Вільні. Канцэрт пройдзе 21 красавіка ў клюбе Tamsta (Subačiaus g. 11A).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3705 seconds.