Ці можна сысьці ад разьмеркаваньня праз магістратуру?

Гэтай вясной выпускнікоў упершыню разьмяркуюць па новай схеме. Прапісаная яна ў Кодэксе аб адукацыі, які пачаў дзейнічаць з 1 верасьня 2011 году, а таксама пастановах Савету міністраў. Аднак гэтыя дакумэнты не даюць адказаў на ўсе пытаньні, зьвязаныя з парадкам разьмеркаваньня студэнтаў.

Прымусовае разьмеркаваньне існуе ў Беларусі больш за дзесятак гадоў. Яшчэ ў мінулым годзе сысьці ад разьмеркаваньня можна было, напрыклад, праз паступленьне ў платную магістратуру альбо празь перавод на завочнае ці платнае аддзяленьне ў апошні год навучаньня.

Але з уваходжаньнем у сілу новага Кодэксу аб адукацыі, гэтыя магчымасьці ў студэнтаў зьнікаюць: адпраўляцца на прымусовую адпрацоўку прыйдзецца і тады, калі студэнты апошнія год ці два правучыўся на платным, калі дагэтуль вучыўся за кошт бюджэту, а таксама і пасьля сканчэньня магістратуры.

Аднак у Кодэксе няма яўнай забароны паступаць у магістратуру за мяжой пасьля заканчэньня бясплатнага аддзяленьня.

Ці магчыма праз замежную магістратуру сысьці ад разьмеркаваньня?

Афіцыйна

Асобаў, што падпадаюць пад разьмеркаваньне, датычыцца наступны юрыдычны дакумэнт: «Пастанова аб некаторых пытаньня разьмеркаваньня, пераразьмеркаваньня (…)» (22.06.2011 № 821). У ёй прапісана, што

«Выпускнік, які атрымаў пасьведчаньне аб накiраваньнi на працу, які да названага ў пасьведчаньні аб накіраваньні на працу тэрміну прыбыцьця ў арганізацыю залічаны ва ўстанову адукацыі на навучаньне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў у дзённай форме атрыманьня адукацыі на больш высокі ўзровень (ступень) адукацыі, абавязаны на працягу трох дзён пасьля залічэньня пісьмова паведаміць аб сваім залічэньні наймальніка, установу адукацыі і вярнуць пасьведчаньне аб накiраваньнi на працу ва ўстанову адукацыі».

Калі ж выпускнік паступіў на любую (ня толькі за кошт бюджэту) магістратуру, яго абавязаныя звольніць. Адпрацоўваць ён будзе пасьля. Аб гэтым гаворыцца ў той жа пастанове Савету міністраў:

«Звальненьне маладых спэцыялістаў […] да заканчэньня названага ў пасьведчаньні аб накіраваньні на працу тэрміну абавязковай працы забараняецца, за выключэньнем выпадкаў:
залічэньня ва ўстанову адукацыі на навучаньне ў дзённай форме атрыманьня адукацыі больш высокага узроўню (ступенi)».

Юрыдычную падтрымку бясплатна можна атрымаць празь вялікі форум аб разьмеркаваньні.

Можа быць, выпускнік і ня супраць расплаціцца зь дзяржавай за навучаньне, але толькі пасьля сканчэньня магістратуры. Аднак чыноўнікі, падаецца, вырашылі ўвогуле не выпускаць беларускіх студэнтаў за мяжу на навучаньне.

На нядаўняй анлайн-канфэрэнцыі на пытаньне студэнткі Надзеі пра ўмовы разьмеркаваньня і адпрацоўкі студэнта, які паступіў у замежную магістратуру, міністар адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў:

Разьмеркаваньне ажыцьцяўляецца «на звычайных умовах. Ёсьць пастанова Савета міністраў аб парадку накіраваньня на навучаньне ў арганізацыі замежных дзяржаў. Тады гэта мэтавае навучаньне у магістратуры, і студэнт падлягае разьмеркаваньню ў адпаведнасьці з заключанай дамоваю».

Паводле словаў міністра атрымліваецца, што паступаць у магістратуру за мяжой пасьля навучаньня на бюджэце можна толькі па накіраваньні ад унівэрсытэту. Альбо выплочваць увесь кошт навучаньня. Падаць дакумэнты на накіраваньне трэба было, дарэчы, яшчэ да 1 сакавіка. Пасьля яго адпрацоўваць таксама прыйдзецца.

Новыя правілы пацьвярджае і газэта «Звязда», афіцыйная крыніца беларускага парлямэнту. «Паступленьне ў „платную“ магістратуру [а значыць і замежную] пасьля бюджэтнага навучаньня ў ВНУ зараз магчыма толькі пасьля адпрацоўкі па выніках навучаньня на першай ступені ці пасьля вяртаньня сродкаў адпаведна неадпрацаванаму тэрміну», — піша «Звязда».

Такім чынам, сысьці ад разьмеркаваньня праз паступленьне ў замежную магістратуру не атрымаецца.

Ці магчыма сысьці ад разьмеркаваньня празь беларускую магістратуру?

Калі малады чалавек паступіць у беларускую магістратуру ў год заканчэньня першай ступені вышэйшай школы, то ён будзе адпрацоўваць свае два гады ўжо пасьля заканчэньня магістратуры. Выпускнік магістратуры можа быць разьмеркаваны наноў альбо накіроўваецца на адпрацоўку па месцы першага свайго разьмеркаваньня.

Калі пасьля заканчэньня навучаньня на першай ступені ён адпрацаваў адзін год і толькі затым паступіў на дзённую форму навучаньня магістратуры, то, адпаведна, пасьля магістратуры ён будзе адпрацоўваць яшчэ адзін год. Прычым ня мае значэньня, на платнай ці бюджэтнай форме ён навучаўся ў магістратуры, — прымусова адпрацаваць прыйдзецца ў любым выпадку.

І нават калі ў студэнта нейкім цудам атрымаецца вырвацца за мяжу (па накіраваньні ўнівэрсытэту альбо безь яго), то аб неабходнасьці адпрацоўваць выпускніку «нагадаюць» як толькі той вернецца на радзіму, піша «Звязда».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1373 seconds.