Што здараецца са студэнтамі, якіх адпраўляюць па разьмеркаваньні

У мінулым годзе на адпрацоўку па разьмеркаваньні адправілася мінімальная за апошнія 6 гадоў колькасьць выпускнікоў. Студэнты паступаюць на бясплатныя аддзяленьні, але ў час навучаньня пераводзяцца на платнае дзённае ці завочнае, альбо працягваюць навучаньне ў магістратуры. Вельмі часта для таго, каб сысьці ад разьмеркаваньня. У выніку колькасьць выпускнікоў бюджэтных аддзяленьняў дасягнула мінімуму з 2005 году, затое Мінадукацыі здолела прымусіць адпрацоўваць максымальны адсотак выпускнікоў.

Нягледзячы на пастаяннае ўзмацненьне жорсткасьці правілаў разьмеркаваньня, якія пакідаюць усё меней магчымасьцяў для студэнтаў сысьці ад прымусовай адпрацоўкі пасьля заканчэньня бюджэтных аддзяленьняў, колькасьць тых, каго спрабуюць адправіць па разьмеркаваньні, падае год ад году. Аб гэтым сьведчаць дадзеныя Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі.

Сёлета колькасьць студэнтаў, якія падляглі разьмеркаваньню (гэта значыць, вучыліся на бясплатных аддзяленьнях ВНУ і ня мелі ніякіх прычынаў пазьбегнуць прымусовай адпрацоўкі), дасягнула мінімуму за апошнія шэсьць гадоў. У прыватнасьці, з больш чым 37 тысячаў студэнтаў, якія скончылі ў мінулым навучальным годзе ўнівэрсытэты, разьмеркаваць можна было толькі 19 290 выпускнікоў.

Да прыкладу, год таму такіх было на 400 чалавек болей, а 5 гадоў таму — на 1 100 чалавек болей. Пры гэтым тады выпускнікоў было амаль на 8 тысячаў меней, чым цяпер.

100 чалавек зьбеглі ад разьмеркаваньня, а 917 атрымалі вольныя дыплёмы

У мінулым годзе студэнты мелі вялікі арсэнал сродкаў сыходу ад разьмеркаваньня. Найбольш папулярным мэтадам стаўся перавод на платнае ці завочнае аддзяленьні. У выніку выпуск зь бюджэтных аддзяленьняў моцна скарачаецца, што адлюстроўвае афіцыйная статыстыка Міністэрства адукацыі. Хаця не апошнюю ролю ў скарачэньні колькасьці выпускнікоў-бюджэтнікаў грала моцнае падзеньне набору на бясплатныя аддзяленьні: калі ў 2005 годзе на платнае набіралі толькі на 10 тысячаў болей студэнтаў, чым на бюджэт, то празь пяць гадоў гэтыя суадносіны вырасьлі да 20 тысячаў не на карысьць бюджэту.

Але гэтым летам сысьці ад разьмеркаваньня празь перавод зь бюджэту ўжо не атрымаецца: пачынае напоўніцу дзейнічаць Кодэкс аб адукацыі, паводле якога прыйдзецца адпрацоўваць нават платнікам, якія правучыліся палову навучаньня на бюджэце.

Іншым папулярным мэтадам застаецца «адкос» ад адпрацоўкі праз магістратуру. Такім мэтадам у 2011 годзе скарысталіся 1 048 выпускнікоў — болей за ўсё ў Менску. Аднак і гэты мэтад сёлета перастане каціравацца: адпрацоўваць прыйдзецца і пасьля магістратуры, нават калі яна была платнай (калі да гэтага студэнт навучаўся на бюджэце).

«Вольны дыплём» атрымаць амаль немагчыма

Апошняе, на што застаецца спадзявацца звычайнаму выпускніку, які не зьбіраецца аддаваць 2 гады на працу, якую падбярэ яму кіраўніцтва ВНУ, — «вольны дыплём».

Права ўладкавацца на працу самастойна атрымалі ў мінулым годзе толькі 917 чалавек. Гэта 4.5% ад усіх тых, каго разьмеркаваць мусілі, што складае яшчэ адзін рэкорд 2011 году — таксама адмоўны. Яшчэ за год да гэтага «вольныя дыплёмы» атрымалі на 300 чалавек болей.

Найбольшыя шанцы атрымаць права на вольны выбар працы маюць выпускнікі магілёўскіх ВНУ (там «вольны дыплём займелі амаль 10% студэнтаў), а найменшае — пяцікурсьнікі зь Менску (3.6% ад усіх выпускнікоў гораду).

Яшчэ адзін варыянт, які падыходзіць найперш хлопцам — замест разьмеркаваньня адправіцца ў войска. Але сёлета служыць адправіліся толькі 2 сотні маладых людзей зь ліку тых, каго адправілі на адпрацоўку пасьля ВНУ.

А 100 чалавек проста зьніклі — на адпрацоўку яны не зьявіліся і, верагодна, ім прыйдзецца выплочваць немалыя сумы сваім унівэрсытэтам. Такім чынам, колькасьць тых, хто адмовіўся адпрацоўваць, стала мінімальнай за апошнія гады  — лічба раўнамерна падала з 2 221 чалавек у 2004 годзе да 182 у пазамінулым.

У выніку, у канцы 2011 году ў краіне было 17 949 чалавек, якіх адправілі на прымусовую адпрацоўку. У абсалютных лічбах гэта далёка не рэкорд, але ў адносных — 93% ад усіх выпускнікоў, што мусілі адправіцца па разьмеркаваньні, — тое без сумневу «дасягненьне» жорсткіх мераў Мінадукацыі. Такую вялікую долю студэнтаў адправіць па разьмеркаваньні ва ўладаў яшчэ ніколі не атрымлівалася.

Цяпер «адкасіць» ад разьмеркаваньня становіцца амаль не магчыма. Таму можна спрагназаваць, што па выніках 2012 году адправіць на прымусовую адпрацоўку атрымаецца яшчэ болей былых студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.