Больш за сотню студэнтаў адмовіліся ехаць па разьмеркаваньні ў мінулым годзе

121 выпускнік так і не зьявіўся на месцы свайго разьмеркаваньня ўвосень 2009 году. Гэты ж сэзон стаў рэкордным за апошняе пяцігодзьдзе па колькасьці атрымаўшых «вольныя дыплёмы». Аб гэтым сьведчаць дадзеныя Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі.


Колькасьць выпускнікоў, якія падлягалі разьмеркаваньню (сіні) і выпускнікі, якія адмовіліся ехаць па разьмеркаваньні па непаважлівай прычыне*10 (чырвоны)

З 20 788 выпускнікоў, якія ў мінулым годзе скончылі ВНУ краіны і падлягалі разьмеркаваньню, толькі 17 636 дабраліся да месцаў працы, куды былі накіраваныя. Такім чынам каля 8% студэнтаў ухіліліся ад разьмеркаваньня. Большая частка альбо была прызваная ў войска, альбо працягнула навучаньне ў магістратуры.

Але 121 выпускнік ухіліўся ад прымусовай адпрацоўкі па непаважлівай прычыне, выявіўшы дзірку ў статыстыцы міністэрства і паставіўшы сябе пад пагрозу крымінальнай справы. Штогод па выніках такіх спраў суд абавязвае выпускнікоў сплочваць дзесяткі мільёнаў рублёў у якасьці вяртаньня сродкаў, «затрачаных на падрыхтоўку маладога спэцыяліста». Напрыклад, у 2007 годзе Міністэрства адукацыі казала аб 65 выпускніках ВНУ, супраць якіх былі заведзеныя крымінальныя справы па фактах непрыбыцьця на месца разьмеркаваньня.

Цікава, што ў 2009 годзе колькасьць такіх выпускнікоў стала мінімальнай за апошнія пяць гадоў. Зьменшылася і лічба ухіліўшыхся ад разьмеркаваньня па непаважлівай прычыне — іх колькасьць раўнамерна падала з 2 221 у 2004 годзе да 182 у пазамінулым.

Мінулы год стаў таксама рэкордным па колькасьці «вольных дыплёмаў» — дазволаў студэнтам-бясплатнікам самастойна шукаць працу пасьля ўнівэрсытэту. Такую магчымасьць атрымалі 1 524 выпускніка. Для параўнаньня, у эканамічна пасьпяховым 2006 г. такіх было толькі 1 025 чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.