Чыноўнікі раскрытыкавалі прапанову Тозіка аб разьмеркаваньні на 3 гады

Дзяржаўная газэта «Звязда» прыводзіць крытыку прапановы віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Анатоля Тозіка павялічыць тэрмін адпрацоўкі па разьмеркаваньні з двух да трох гадоў. Гучаць нават заклікі цалкам адмовіцца ад прымусовай працы пасьля ўнівэрсытэту.

Прапанову павялічыць тэрмін прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў з двух да трох гадоў амаль два месяцы таму выказаў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік на калегіі Міністэрства адукацыі. Сваю прапанову былы амбасадар у Кітаі тады ніяк не абгрунтаваў.

Цяпер газэта «Звязда» нечакана прыводзіць крытыку на выказваньне Тозіка ад кіраўніцтва ВНУ і дзяржаўных прафсаюзаў.

«Улічваючы эканамічную нестабільнасьць, напэўна, будзе няправільным павялічваць абавязковы тэрмін адпрацоўкі маладых спэцыялістаў па разьмеркаваньні да трох гадоў, — кажа ў прыватнасьці дэкан Факультэту выдавецкай справы і паліграфіі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Пётр Шаліма. — Скажыце, ці патрэбныя працадаўцу маладыя спэцыялісты, якія ня хочуць у яго працаваць, а выпускнікам — праца, у якой яны не зацікаўленыя?»

«Трэба браць пад увагу і тую акалічнасьць, што па шэрагу спэцыяльнасьцяў тэрміны навучаньня ў ВНУ плянуецца скараціць да чатырох гадоў. Чатыры гады навучаньня і тры гады работы па разьмеркаваньні. Напэўна, гэта будзе нелягічна», — лічыць дэкан.

Адмоўна ставіцца да прапановы Тозіка і рэктар БДУ Сяргей Абламейка. У ягоным ВНУ разьмяркоўваюць «да 99% студэнтаў бюджэтнай формы навучаньня», і «з года ў год павялічваецца кола студэнтаў платнай формы навучаньня, якія просяць дапамагчы ім знайсьці першае працоўнае месца».

Але акадэмік Абламейка ўсё роўна мяркуе, што «два гады працы па разьмеркаваньні цалкам дастаткова».

З самай жорсткай крытыкай самога інстытуту разьмеркаваньня выступіў намесьнік старшыні Рэспубліканскага камітэту Беларускага прафэсійнага саюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Гранькоў.

«Я асабіста катэгарычна супраць любой прымусовай працы, — кажа спадар Гранькоў. — Яна, па-першае, ня можа быць эфэктыўнай, а па-другое, фарміруе вельмі негатыўнае стаўленьне да сыстэмы, у якой працуе малады спэцыяліст, а часам — і да прафэсіі ўвогуле, што ў выніку негатыўна адбіваецца на кадравай сытуацыі».

«На маю думку, на месцах трэба ствараць такія умовы для працы і жыцьця, каб выпускніку самому хацелася затрымацца там. І не на год, на два, а на ўсё жыцьцё. Адным з магчымых падыходаў да затрыманьня кадраў, асабліва ў сельскай мясцовасьці і раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, магло б стаць кратнае павелічэньне заробкаў альбо сур’ёзныя грашовыя выплаты пры заключэньні доўгатэрміновых кантрактаў», — выказвае адно зь нешматлікіх цьвярозых меркаваньняў па гэтым пытаньні прадстаўнік афіцыйнага прафсаюзу.

Што яшчэ прапанаваў Тозік

Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў 2004 годзе разважаў пра магчымасьць павялічэньня працягласьці разьмеркаваньня да 5 гадоў. З таго часу ўмовы адпрацоўкі «бясплатнай» вышэйшай адукацыі сталі больш жорсткімі, аднак працягласьць застаецца пакуль усё той жа. У траўні 2009 павялічылася да 5 год толькі працягласьць адпрацоўкі для студэнтаў-мэтавікоў. 

Гл. таксама:  

Топ-10 мэтадаў адкосу ад разьмеркаваньня

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1874 seconds.