Віцэ-прэм’ер: думаем, каб разьмяркоўваць студэнтаў ужо на 4-м курсе
Віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік абвясьціў аб плянах ураду перанесьці разьмеркаваньне студэнтаў на чацьверты курс. Таксама чыноўнік заявіў, што беларуская адукацыя «нічым ня горшая за эўрапейскую і амэрыканскую», таму рэфармаваць яе ня будуць, а ўступленьне ў Балоньскую сыстэму адбываецца дзеля «доступу да сусьветнай адукацыйнай прасторы».
«Мы хочам падумаць: можа быць, за год да заканчэньня навучальнай установы ажыцьцяўляць разьмеркаваньне, каб у пяты навучальны год выпускнік ужо сваю тэарэтычную падрыхтоўку суадносіў з тым рабочым месцам, той арганізацыяй, дзе ён будзе працаваць», — заявіў сёньня віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік.
Цяпер прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў беларускіх ВНУ адбываецца за некалькі месяцаў да яго сканчэньня. Таму многія студэнты пачынаюць працаваць менавіта на пятым курсе, каб замацавацца на працоўным месцы дзеля далейшага разьмеркаваньня.
Як перадае «Інтэрфакс-Захад», Тозік патлумачыў, навошта Беларусь уступае ў адзіную адукацыйную прастору Эўропы:
«Мы плянуем увайсьці ў Балоньскі працэс, каб атрымаць доступ у эўрапейскую, сусьветную адукацыйную прастору», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Аднак з гэтай нагоды рэформаў адукацыйнай сыстэмы Беларусь ладзіць не зьбіраецца:
«Няма патрэбы праводзіць радыкальныя зьмены, рэформы ў вышэйшай школе. Ня трэба займацца самапрыніжэньнем: у нас нармальная вышэйшая школа». Тозік верыць, што вышэйшая адукацыя ў Беларусі «нічым ня горш за эўрапейскую і амэрыканскую».
Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, якая не зьяўляецца часткаю Балоньскага працэсу. У сакавіку 2010 у адзіную адукацыйную прастору Эўропы ўвайшоў нават Казахстан.
Балоньскі працэс прадугледжвае наяўнасьць трох ступеняў вышэйшай адукацыі: бакаляўр, магістар і доктар. Балоньская дэклярацыя ўводзіць узаемнае прызнаньне дыплёмаў па ўсім кантынэнце, уніфікацыю адукацыйных стандартаў.
Лукашэнка даў згоду на далучэньне да Балоньскай дэклярацыі ў ліпені 2010 году. Беларусь спадзяецца зрабіць гэта ўжо ў 2012.