Беларусь можа ўступіць у Балоньскі працэс у 2012 годзе

Ад далучэньня Беларусі да Балоньскага працэсу міністар адукацыі Радзькоў разьлічвае атрымаць павелічэньне колькасьці замежных студэнтаў у нашых ВНУ і падвышэньне мабільнасьці студэнтаў беларускіх. Але зьменаў у дзейнасьці ўнівэрсытэтаў чакаць ня варта.

Некалькі дзён таму прэзыдэнтам Лукашэнкам было прынятае рашэньне аб далучэньні Беларусі да адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы — Балоньскага працэсу. Для гэтага патрэбна падаць заяўку на далучэньне і чакаць, пакуль экспэрты вывучаць беларускую сыстэму вышэйшай адукацыі.

Па словах Аляксандра Радзькова, рашэньні аб далучэньні краіны да Балоньскага працэсу прымаюцца на Канфэрэнцыях міністраў адукацыі эўрапейскіх краін. Канфэрэнцыя праводзіцца раз у тры гады, такім чынам на наступнай канфэрэнцыі ў 2012 годзе Беларусь можа нарэшце стаць часткаю адзінай адукацыйнай прасторы.

Але гэтаму, па словах міністра, будзе папярэднічаць разгляд беларускай заяўцы экспэртамі, а таксама візыты экспэртнай групы ў Беларусь.

«У асноўным Беларусь выконвае ўсе патрабаваньні Балоньскага працэсу», — завявіў Радзькоў у інтэрвію БелТА. — Таму «асобых зьменаў у дзейнасьці ВНУ не спатрэбіцца».

Адзінае праблема, якую, на думку міністра, трэба будзе вырашыць беларускай вышэйшай адукацыі, — гэта слабая мабільнасьць студэнтаў. Але мабільнасьць «дазволяць» ня ўсім, а толькі тым, хто на добрым рахунку ў рэктара.

«То бок паступае студэнт у БДУІР, напрыклад, вучыцца курс-два, потым, пры выдатных посьпехах у асноўным ВНУ, вядома ж, ён можа паехаць павучыцца ў ВНУ іншай краіны па сваёй спэцыяльнасьці. Зараз такую магчымасьць выкарыстоўваюць каля 1.5 тысячаў беларускіх студэнтаў. Яны вучацца ў ВНУ Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі», — кажа Радзькоў аб удзельніках праграм Erasmus Mundus.

Сярод іншых перавагаў Балоньскага працэсу Аляксандр Радзькоў назваў падвышэньне прывабнасьці і канкурэнтаздольнасьці нашай сыстэмы адукацыі. Адзін з галоўных інтарэсаў тут — экспарт адукацыйных паслуг. Цяпер у Беларусі ня болей за 9 тысячаў замежных студэнтаў, большасьць зь якіх — з Туркмэністану.

Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, якая не зьяўляецца часткаю Балоньскага працэсу. У сакавіку 2010 у адзіную адукацыйную прастору Эўропы ўвайшоў нават Казахстан.

Балоньскі працэс прадугледжвае наяўнасьць трох ступеняў вышэйшай адукацыі: бакаляўр, магістар і доктар. Балоньская дэклярацыя уводзіць узаемнае прызнаньне дыплёмаў па ўсім кантынэнце, уніфікацыю адукацыйных стандартаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0848 seconds.