Туркмэнскія студэнты пераводзяць беларускую адукацыю на расейскую мову?
Сярод замежных студэнтаў у Беларусі больш за ўсё туркмэнаў. Каля 2 800 студэнтаў з гэтай краіны навучаецца ў нашых ВНУ, гэта нават болей, чым колькасьць расейскіх студэнтаў. З ростам колькасьці замежнікаў на беларускіх студэнцкіх лаўках перад нешматлікімі беларускамоўнымі выкладчыкамі паўстаў выбар: альбо пераходзіць на расейскую, альбо займацца з замежнікамі асобна. Сытуацыю апісвае выкладчыца тэхналягічнага ўнівэрсытэту.
«Апошнімі гадамі адбываецца вялікі прыток туркмэнскіх студэнтаў, — кажа дацэнт катэдры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Валяціна Канстанцінаўна Мароз. — Раней іх было па 1–2 на плыні, а цяпер можа быць і да 10. Таму перад выкладчыкамі, якія выкладалі хімію, фізыку, іншыя навукі па-беларуску, паўстае альтэрнатыва: пераходзіць на расейскую, якую туркмэны таксама не да канца разумеюць, альбо займацца зь імі асобна».
Раней туркмэнскіх студэнтаў было ня так шмат, і выкладчыкі былі здольныя займацца зь імі асобна. Але за апошні час іх колькасьць узрасла:
«Выкладчыкам, што выкладаюць па-беларуску, а іх ужо і так засталося няшмат, прыходзіцца пераходзіць на выкладаньне па-расейску. Раней, калі замежных студэнтаў было 1–2, яны займаліся зь імі індывідуальна. Але цяпер як тут будзеш індывідуальна займацца, калі іх 10 і ўсе з розных групаў?»
У Туркмэністане адукацыя платная, але пасьля сьмерці Туркмэнбашы ў гэтай краіне сталі прызнавацца замежныя дыплёмы, і Беларусь стала для туркмэнаў нечым накшталт вакна. Тут ім прыходзіцца таксама плаціць, і грошы гэтыя не маленькія. Адзін са студэнтаў Валянціны Канстанцінаўны быў нават вымушаны прадаць атару авечак, каб паехаць вучыцца ў Беларусь.
Цяпер у беларускіх ВНУ навучаецца 9048 замежных студэнтаў. Найбольш прадстаўленыя Туркмэністан (2803) і Кітай (1828).
Яшчэ 120 туркмэнаў з наступнага году дакладна трапяць у беларускія ўнівэрсытэты адпаведна з пагадненьнем, падпісаным падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і туркмэнскага прэзыдэнта Курбангулы Бердымухамэдава.
За мінулы год колькасьць замежнікаў у беларускіх ВНУ узрасла прыкладна на 2 000 чалавек. Мінадукацыі хоча і далей нарошчваць гэту лічбу, бо замежнікі вязуць патрэбныя сыстэме грошы. У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі была нават адчыненая першая ў краіне спэцыяльнасьць, дзе вучацца толькі па-ангельску. Але вялікага інтарэсу гэта спэцыяльнасьць пакуль ня выклікала: толькі некалькі студэнтаў зь Нігерыі, Лівану, Сырыі і Пакістану сталі першымі яе навучэнцамі. Бадай, замежнікам ня надта цікава вывучаць ідэалёгію беларускай дзяржавы і гісторыю перамогі савецкага народу ў Вялікай айчыннай.
А пакуль Валянціна Канстанцінаўна вырашае надзённую праблему навучаньня туркмэнаў беларускай мове — абавязковай для выкладаньня ў нашых ВНУ.
«На занятках па беларускай мове абыходзімся тым, што вучым па некалькі радкоў зь вершу Янкі Купалы „Хто там ідзе“, бо ён выдадзены і па-беларуску, і па-туркмэнску. Усёй групай вучым туркмэнаў усьміхацца на цэлы рот, каб яны навучаліся фанэтыцы», — дзеліцца спадарыня Мароз сакрэтамі выкладаньня.
Спадарыня Мароз лічыць, што трэба патрабаваць ад Міністэрства адукацыі ўводзіць адмысловыя курсы беларускай для замежных студэнтаў. Цяпер у Беларусі для замежнікаў існуюць толькі ўводныя моўныя курсы расейскай мовы.