«Каб цябе распярдуха ціскала»: лінгвіст збірае сапраўдныя беларускія абразы

Woodside Park – ціхі паўночны прыгарад Лондана, поўны невялікіх двух-трох павярховых будынкаў. У двух сотнях метраў ад аднайменнай станцыі метро ля акна першага паверху з відам на ціхую алею сядзіць мужчына. Перад ім – вялікі манітор кампутара Apple і дзіўная прылада падлучаная да кампутара. Прылада – гэта сканер, які дазваляе перапраўляць у электронную форму старыя кнігі і часопісы, якіх тысячы ў гэтым будынку.

Імя мужчыны – Уладзіслаў Іваноў. Ён прыязджае ў Англію некалькі разоў у год, каб працаваць у пакоі на другім паверсе – унікальнай беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане. Уладзіслаў жыве ў Вільні, дзе па-беларуску выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце гісторыю і паліталогію. Але ягоная цяперашняя жарсць – сацыялінгвістыка.

“Я доўга марыў заняцца лінгвістыкай. І вось нарэшце я атрымаў такую магчымасць”, – кажа Уладзіслаў. У лонданскай бібліятэцы ён вывучае старыя выданні, дапамагае алічбоўваць архіў, а таксама рыхтуе першы беларуска-французскі слоўнік.


Уладзіслаў Іваноў у бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, фота Алеся Герасіменкі

Уладзіслаў выбраў не самую простую галіну лінгвістыкі для вывучэння: лаянку беларускай мовы. І мэта ягоная гэткая ж нялёгкая як і справы ў беларускай лінгвістыцы: пераканаць беларусаў – ад паэтаў і выкладчыкаў да звычайных гараджанаў – што цэнзураваць сябе ў штодзённым жыцці не варта. І што разнастайнасць і плюралізм – гэта добра.

Беларускае паўтарамоўе

Каб апісаць стан беларускай мовы, Уладзіслаў выкарыстоўвае навуковы тэрмін – асіметрычны білінгвізм. У Канадзе гэты тэрмін служыць для апісання становішча Квэбеку ў краіне: французскамоўная меншасць валодае двума мовамі, хаця большасць насельніцтва– астатнія дзевяць правінцыяй краіны – карыстаецца толькі адной. Гэтаксама і ў Беларусі – толькі меншасць валодае беларускай мовай.

“У Беларусі існуе натуральнае паўтарамоўе, – тлумачыць Уладзіслаў. – Цяпер тыя, хто карыстаецца беларускай мовай, атрымліваюць веды пра яе праз кнігі і іншыя афіцыйныя крыніцы, а не праз натуральную гаворку”.

“Мова ўжо не функцыянуе так, як функцыянуе, напрыклад, французская ў Францыі. Але словатворчасць працягваецца”.

Клясыфікацыя абразаў (на прыкладзе вульгарызма блядзь – створаная паводле апытання носьбітаў беларускай лаянкі)

1. Поблядзь – найменшая ступень абразы

2. Блядзь

3.Выблядзь

4. Проблядзь

5. Разблядзь

6. Оберблядзь – найвышэшая ступень

Усе спецыялісты ў мове

Працягваецца словатворчасць і ў той галіне мовы, якая звычайна не трапляе пад увагу афіцыйных слоўнікаў. Напрыклад, у галіне "брахлівай лексікі" ці папросту лаянцы.

“Праз русіфікацыю распаўсюдзілася ідэя таго, што беларуская мова не мае "брахлівай лексікі", – кажа Уладзіслаў. – Адбылося гэта праз уплыў розных інстытуцый. Напрыклад, інстытутаў вывучэння мовы, ці працаў афіцыйных беларускіх лінгвістаў. Гэтыя людзі сцвярджаюць, што яны з’яўляюцца галоўнымі ў справе вызначэння, як нам размаўляць. Але яны страчваюць кампетэнцыю праз свае стэрэатыпы і каланіяльную логіку. Праз гэта такія інстытуцыі спрабуюць навязваць адну версію мовы, у якой адсутнічае абразлівая лексіка”.

“Калі людзі не ўпэўненыя ў ведах, то яны пачынаюць карыстацца каланіяльнай логікай”, – кажа Уладзіслаў, спасылаючыся найперш на моўную “каланізацыю з боку Расіі”. Паводле яго, цяпер моўны плюралізм сышоў з Беларусі – большасць тэкстаў пішацца афіцыйным правапісам. Болей за тое, моўныя інстытуты пераробліваюць існыя тэксты, напрыклад створаныя ў традыцыі 30-х гадоў ці за мяжой, у афіцыйны правапіс. Што дзіўна, цяпер беларусы цэнзуруюць нават самі сябе.

“Як паслаць па-беларуску правільна”:

  • Ідзі ў шмоню (шмоньку)!

  • Шкараць, шкарадзь мардалысая!

  • Шмоня сусьветная!

Цэнзура гэта можа хавацца і за высокімі словамі. Напрыклад, сцверджаннямі, што беларуская мова – “высокамаральная”, пазбаўленая "брахлівай лексікі". Гэтак казаў сярод іншых і палітык Зянон Пазьняк.

“Але як навуковец ты разумееш, што няма больш далікатных ці менш далікатных моваў, - кажа Уладзіслаў. - Навукоўцы кажуць, што нельга сцвярджаць, нібыта нейкія мовы больш моцныя, а нейкія – менш моцныя. Гэта прыклад каланіялізму”.

Брашыцеся па-беларуску!”

Але як пазбавіцца стэрэатыпаў і разбурыць расейскую калонію ва ўласных мазгах? Рэцэпт Уладзіслава просты: “Брашыцеся па-беларуску!” – заклікае даследчык. Ён аб’ехаў амаль усю Віцебскую вобласць, каб сабраць жывую беларускую лаянку:

“Гэта той пласт мовы, які цяпер імкліва знікае. Але носьбіты гэтага пласту дагэтуль жывуць у вёсках”.

Сексуальныя выслоўі

  • Тыры-пыры – займацца каханнем

  • Кнурык – той, хто запэцканы ў сперме

  • Сонька-шмонька

  • Суполіцца, шлыхацца, драцца – займацца сексам

  • Дзярун – той, хто ходзіць і дзярэ ў сэксуальным плане дзевак, ці хлопцаў, ці свінняў

Паводле Уладзіслава, яшчэ нядаўна беларускія абразы крыўдзілі нашмат мацней за расейскі мат. Цяпер беларускія абразы, якія ўжываюцца маладым пакаленнем, можна сустрэць хіба што толькі ў інтэрнэце. Але “інтэрнэт-лаянку” даследчык называе “штучнай”.

“Паслаць на тры літары – гэта жарты, - кажа ён. - А вось, паслаць па-беларуску ў шмоню ці шмоньку – нашмат больш сур’ёзная рэч, крыўда на ўсё жыццё”.

Кляцьбонікі

  • Каб (табе ) заняло!

  • Каб цябе распярдуха ціскала! - каб у цябе адыходзілі газы ў публічных месцах, такіх як царква.

  • Каб цябе гнятуха (біла)! (дрысьля, бягуха, дрыстуха)

  • Каб ты дупай на сьвет глядзеў, глязела!

  • Каб ты шмоняй дыхала!

  • Каб цябе халера!

  • Каб цябе скульлё усыпала!

  • Каб табе тое, што я думаю!

  • Каб табе пятая канцавіна!

  • Каб ты ў чыстым полі дзьвярэй не знайшоў!

Такія кляцьбонікі – унікальная рэч, якая не распаўсюджаная ў большасці еўрапейскіх моваў. Але шмат іх у мовах афрыканскіх. Зрэшты, бархлівая, як і любая іншая лексіка, не ведае межаў. І Беларусы, як высвятляецца, перадалі сваю лаянку іншым народам. Напрыклад, такія словы як манда, блуд ці курва ў літоўскую мову прыйшлі з беларускай альбо праз яе пасярэдніцтва.

Калі я выходжу з будынка бібліятэкі і іду ўніз па цяністай алеі да метро, я кідаю позірк на акно другога паверху – суперветлівы сацыялінгвіст Уладзіслаў усміхаецца і махае мне праз вакно, развітваючыся. Праз два дні яго чакаюць заняткі ў Вільні, дзе ён будзе распавядаць беларускім студэнтам пра каланіяльную логіку, а студэнты будуць здзіўляцца, чаму гэты выкладчык размаўляе па-беларуску. Нехта з іх нават папросіць яго перайсці на расейскую. Але гэтага не адбудзецца. У арсенале Уладзіслава дзясяткі аўтэнтычных слоўцаў, якія могуць быць вельмі карысным практыкумам для любога беларускага студэнта :)

Таксама

Серыя ілюстрацый Волі Кузьміч «Беларускія кляцьбонікі» паводле матэрыялаў даследавання Уладзіслава Іванова


 


Алесь Герасіменка 12:00, 06.04.2016 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0917 seconds.