Тозік хоча зрабіць разьмеркаваньне «больш прывабным» праз скарачэньне набору

Намесьнік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік прапанаваў зьмяніць мэтады заахвочваньня маладых спэцыялістаў да адпрацоўкі па прымусовым разьмеркаваньні пасьля сканчэньня навучаньня. Акрамя гэтага, ён лічыць, што студэнтаў варта адпраўляць на стажыроўкі ў замежныя ўнівэрсытэты, а ў Беларусь запрашаць замежных выкладчыкаў.

«Неабходна зрабіць месца разьмеркаваньня больш прывабным для выпускніка», — заявіў віцэ-прэм’ер на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя. Акрамя гэтага, як перадае БелТА, Тозік зьвярнуў увагу на праблему недахопу лекараў у Беларусі.

Паводле словаў віцэ-прэм’ера, сродкі на паляпшэньне ўмоваў адпрацоўкі можна знайсьці ў тым ліку за кошт скарачэньня падрыхтоўкі спэцыялістаў для іншых галін, а таксама для сумежных дзяржаваў.

Акрамя гэтага, Тозік сказаў, што клінічныя ўстановы — па адной у кожнай вобласьці краіны — неабходна пераўтварыць ва ўнівэрсытэцкія клінікі. Так робяць у цывілізаваным сьвеце. Са студэнтамі там займаюцца практыкуючыя прафэсары і дацэнты.

Паводле віцэ-прэм’ера, які некалькі гадоў правёў у Кітаі ў рангу амбасадара, замежны вопыт паказвае, што такое навучаньне істотна паляпшае якасьць падрыхтоўкі мэдыцынскіх кадраў. У гэтых жа мэтах маладых людзей варта часьцей адпраўляць на навучаньне за мяжу ў «сур’ёзныя кампаніі, клінікі, унівэрсытэты, а таксама прыцягваць у Беларусь вядучых замежных спэцыялістаў», дадаў віцэ-прэм’ер.

Цяпер у Беларусі моцна не стае лекараў. З-за невялікіх заробкаў (максымум, на што могуць разьлічваць многія выпускнікі мэдычных ВНУ нават у Менску — 2.5 альбо 3 мільёны рублёў) маладыя спэцыялісты доўга не затрымліваюцца на пасадах пасьля сканчэньня адпрацоўкі. Таму дзяржава пастаянна павялічвае выпуск дактароў.

У 2011 годзе ў арганізацыі аховы здароўя разьмеркавалі болей за 2 тысячаў чалавек. У гэтым годзе ўстановы адукацыі мэдпрофілю скончаць 2 520 чалавек, а ў — 2014-м каля 3 200.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.