Рок-Каранацыя. Перазагрузка

У Менску адбылася 14-я цырымонія ўручэньня ўзнагародаў лепшым музыкам па выніках мінулага году «Рок-Каранацыя»-2009. Замест фармальнага і патаснага канцэрту, што было характэрна для мінулых цырымоній, публіка атрымала чатыры гадзіны актуальнай беларускай музыкі, гурты — 15 крыштальных карон, а сама музыка — перароджаную ў абноўленым фармаце прэмію. Атрымалася своеасаблівая спроба ўшанаваньня няіснай залі славы рок-н-ролу ў абпаленым беларускім Мэдзісан-Сквэр-Гардэне.

Калі ўжо і шукаць нейкія паралелі паміж беларускай «Рок-Каранацыяй»-2009 і тамтэйшымі музычнымі прэміямі, то найбольш актуальным параўнаньнем для сёлетняй цырымоніі ўшаноўваньня лепшых сьпевакоў і калектываў была б узгадка пра нью-ёркскія канцэрты якога-небудзь юбілею залі славы рок-н-ролу, што пэрыядычна зьбіраюць мацнейшыя канцэртныя калектывы сьвету. У беларускіх рэаліях пабачыць на адной пляцоўцы «Ляпіса Трубяцкога» і «Краму», прыпраўленых «Нэйра Дзюбелем» і The Toobes, можна пакуль толькі на «Рок-Каранацыі».

У гэтым годзе арганізатары вырашылі асабліва не заганяцца, перамясьціўшыся з афіцыёзных заляў у адносна свабодны «Рэактар». Плюшавыя сьвіньні і адкормленыя ратвэйлеры былі замененыя на слэм ля сцэны і «Бобров» з Hieneken’ам на бары. Прадусар цырымоніі Павал Кашырын паспрабаваў зьдзейсьніць своеасаблівую перазагрузку «Рок-Каранацыі», спрасьціўшы і фармат, і фармальнасьць цырымоніі, прапанаваўшы гледачам банальную ідэю «канцэрту-справаздачы за мінулы год».

У 2009-м правал экспэрымэнту з сымфанічным аркестрам і выездам каранацыі ў Маладэчна дазволіў безупынна пералічваць рэбры арганізатарам. Але на цяперашнюю імпрэзу публіка прыбыла ў рахманым пафігізме да яе вынікаў: галоўнай тут была жывая музыка ад лепшых на дадзены момант гуртоў Беларусі.

На папярэдняй цырымоніі арганізатары кляліся, што наступным разам адмовяцца ад прыстаўкі «рок» у назьве фэсту, а сам фэст будзе, ужо дакладна, «апошні». Але не атрымалася. Канцэрт перанесьлі ў менш зьмяшчальны за традыцыйны КЗ «Менск» «Рэактар», пакінуўшы, і на тым дзякуй, Маладэчну яго сымфанічны аркестар, а музычным журналістам вянкі для пахаваньня, што тыя зь немалым імпэтам гатовыя былі прыносіць на магілку «Рок-Каранацыі» пасьля мінулагодняй фэерыі.

«Ляпіс Трубяцкой» на разагрэве ў The Toobes

Інтрыга вечара скончылася ўжо на старце цырымоніі, калі першымі на сцэну выйшлі героі мінулага году «Ляпіс Трубяцкой», што летась з «Манифестом» сарвалі галоўны куш сэзону ў выглядзе трох карон (у тым ліку галоўнай, вялікай). Гэтым разам «Ляпісы» атрымалі толькі адну ўзнагароду — за лепшую песьню — адзіную беларускамоўную кампазыцыю новага альбому «Культпросвет» «Ружовыя акуляры».

«Культпросвет» выйшаў нефарматным нават для самай андэграўнднай беларускай шырокай музычнай прэміі, якой лічыцца рок-каранацыя. Не пакаціў ён і музычным крытыкам з прэміі experty.by, што ўжо другі год запар пад чулым кіраўніцтвам каардынатара праекту Зьмітра Безкаравайнага ўручаецца ў камэрнай атмасфэры менскіх рэстарацый.

Але гэты факт, падаецца, ня надта напружвае «Ляпісаў», якія адыграўшы ў самым пачатку канцэрту галоўныя гіты з двух апошніх альбомаў, хутка зьехалі ў кірунку Масквы.

На замену ім да нядрэнна разагрэтай публікі выйшлі зьнішчальнікі апошняй паліткарэктнасьці ў моўным пытаньні — The Toobes. Паставіўшы на вушы беларускае Сеціва пасьля нядаўняй цырымоніі шанаваньня лепшых музыкаў па вэрсіі experty.by, калі яны спрабавалі дэманстраваць абсалютны пафігізм у адносінах да белмовы, «цюбсы» ўсё ж выціснулі два слова па-беларуску.

«Добрыя музыкі, але яны ня ведаюць беларускай мовы», — паглядзела з дакорам на хлапцоў, трымаючы ў руках карону за намінацыю «дэбют году», колішняя вядучая рок-каранацый Аксана Вечар.

«Ве-е-едаюць», — працягнулі фанаты з залі. «Ня ведаюць і на хер трэба», — прасьвісьцелі іншыя. Падавалася, гэта быў першы і апошні раскол паміж гледачамі ў гэты вечар.

«Вельмі прыемна», — са зьедлівай ўсьмешкай выціснуў зь сябе адзін зь «цюбсаў».

Цікава, што калі для рок-каранацыі The Toobes яшчэ толькі «дэбют году», то на «экспэртах» яны адхапілі ўсе смачныя намінацыі, пакінуўшы «старых пярдуноў» за бортам.

Стандартны варыянт

Выхад «Крамы» мусіў несьці чыста асьветніцкі характар, але нечакана для ўсіх, а можа і для сябе нават, каманда Ігара Варашкевіча выдала новыя песьні пра «дзяўчыну са шклянымі вачыма» і пра тое, як лірычны герой «пражыў так доўга».

«Дзякуй, што яшчэ на нас не забыліся», — без асаблівага аптымізму падвёў вынік Ігар Варашкевіч, атрымаўшы карону ў намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць» (раней у гэтай намінацыі пэрыядычна «сьвяціліся» фолькавыя OSIMIRA і «Троіца»).

Колішнія пратэжэ актыўнага саўладальніка клюбу «Графіці» Яна Бусла, хлапцы Open Space, якія нядаўна сышлі ў вольнае плаваньне, дарасьлі на «Рок-Каранацыі» да званьня лепшага поп-рок праекту.

Штогадовую праблему арганізатараў каранацыі, «каму ж аддаць Рок-князёўну», вырашылася з дапамогай вакалісткі гурту Naka Насты Шпакоўскай — акторкі тэатра імя Горкага. Каманда Насты выканала пару песень, у тым ліку і запісаную ў межах праекту «Тузін. Перазагрузка» абеларушаную «Бяжы» ў перакладзе Сяргея Балахонава.

У сваю чаргу «Тузін. Перазагрузка» ўзяў намінацыю як лепшы праект году, атрымаўшы ўзнагароду з рук прадстаўніцы галоўнага спонсара праекту — кампаніі «Будзьма».

Хаця жаданьне экспэрымэнтаваць з фарматамі ў арганізатараў каранацый ужо зьнікла, адмовіцца ад вылучэньня лепшага рэп-праекту яны ня здолелі. Такім чынам лепшымі рэперамі беларускага року быў абвешчаны дуэт «Нестандартны варыянт». Выйшаўшы на сцэну, хлопцы прызналіся, што на каранацыі ўпершыню, і хуценька запусьцілі фанаграму Лявона Вольскага з кавэрам васьмігадовай даўніны на ідэальна папсовы «Паветраны шар» «N.R.M.».

Падзеяй году быў абвешчаны канцэрт «N.R.M.», прымеркаваны да ўласнага 15-годзьдзя гурта.

Стваральнік шматгадовага праекту «Відзьма-Нявідзьма», які па даўгалецьцю можа параўнацца толькі што з «Панарамай», Сяргей Філімонаў вынес карону «найбольш адданай жанру» камандзе «Князь Мышкін», што надала канцэрту нейкую джазавую разьняволенасьць і няўважлівасьць да таго, што, уласна, адбываецца на сцэне.

Нэйра Дзюбелю таксама дасталася спэцыяльная намінацыя «за вялікі ўнёсак у разьвіцьцё беларускага року». Напэўна, каб дасканала адпавядаць іміджу «вялікага ўнёску», вакалісты гурта начапілі сівыя парыкі й бароды, якія зрабілі іх падобнымі да олдскульных хіпі.

«Гады бяруць сваё», - пракамэнтаваў Кульлінковіч радыкальную зьмену сцэнічнага вобразу.

Кароль-артыст

Калісьці Зьміцер Вайцюшкевіч браў карону ў намінацыі «сьпеўная паэзія». Цяпер журы выдала яму прыз у простай немудрагелістай катэгорыі «выканаўца году». Зьміцер, апрануты ў ружовую цішотку з надпісам «I want to be a Barbie. The Bitch has everything» прыхваткамі зьбіваўся на ангельскую, з радасьцю ў вачах цытуючы «цішоткавы» надпіс. Ці то слава ангельскасьпеўных The Toobes не давала яму спаць папярэднюю ноч, ці то вясеньні авітаміноз вераломна прабраўся ў арганізм маладога бацькі, але ў выніку Зьміцер самакрытычна заўважыў, што

«стары пярдун Вайцюшкевіч стаў змагацца са старымі пярдунамі Вольскім і Міхалком», — пасьля чаго выканаў ня менш самакрытычную песьню пра беларускіх мужчын на «калектыўны» верш Хадановіча, даведзены да кандыцыі ўсім сьветам у блогу паэта.

Пасьля сканчэньня выступу Вайцюшкевіча пытаньняў пра ўладальніка галоўнага прызу — рок-кароны, на якую прэтэндавалі «Ляпіс Трубяцкой», The Toobes і «Без Билета», — больш не заставалася.

І калі «Без Билета» ня зьніме ў 2010 годзе чарговы кліп у Мацея Сабурава, які разам з гуртом выйшаў на сцэну, каб атрымаць карону за сёлетні лепшы кліп (песьня «Африка»), і ня выдасьць нават новага альбому, то арганізатарам наступнай каранацыі прыйдзецца прыдумаць для Віталя Артыста адмысловую намінацыю «за нечалавечы аптымізм», якім вакаліст «Без Билета» фактычна бесьперапынна частаваў публіку напрыканцы вечару.

Такім чынам, «Без Билета» нічога не заставалася, як сабраць апошнія лаўры і кароны, якіх заставалася роўна тры — лепшы кліп, лепшы альбом («Африка») і, уласна, лепшы гурт.

Хаця хто ні б стаў каралём, сутнасьць мерапрыемства ад гэтага ніяк бы не зьмянілася. Нават больш за тое, калі б каралём ня стаў ніхто, гэтага, падаецца, асабліва ніяк і не заўважылі б.

Яшчэ на тэму Рок-Каранацыі 2009:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0876 seconds.