Усе інтрыгі Рок-каранацыі ў адной

У «Рэактары» ўсё ж такі адбылася чарговая цырымонія «Рок-каранацыі». Галоўная музычная рок-падзея хутчэй нагадвала звычайны канцэрт, чым цырымонію са звыклымі для такой справы атрыбутамі. Зрэшты, такі фармат быў абвешчаны арганізатарамі загадзя. Казаць пра адсутнасьць інтрыгі было б няслушным. Цікава ж зірнуць на N.R.M. без Вольскага, даведацца, які калектыў стаў лепшым за апошнія 15 гадоў і, нарэшце, які альбом у сваёй калекцыі варта ўзяць у рамачку і павесіць на сьценку.

Адкрылі цырымонію з падачы Аляксандра Памідорава і Іны Кашырынай Drum Ecstasy. Гурт, які год за годам выдае класнае шоў, і грае неймаверную колькасьць канцэртаў (у асноўным за мяжой) ад каранацыі яшчэ ніколі і нічога не атрымліваў. Хоць дасягненьняў у іх будзе паболей, чым у некаторых ляўрэатаў цырымоніі. Выступ як звычайна — магутна і ярка!

Працягнулі вечар першыя ў гісторыі рок-каралі «Крама». У прынцыпе, Варашкевіч і кампанія ўзору 2011 года ў цэлым не адрозьніваецца ад гурта, які атрымаў галоўную рок-карону ў 1994 годзе.

Цяпер пра дзяўчат. Перанос каранацыі на тыдзень ледзь не сарваў выступ Kriwi — гурта, які ня песьціць Беларусь канцэртамі. Колькасьць выступаў за апошнія гады можна пералічыць па пальцах. Вераніцы Кругловай прыйшлося затрымацца ў Менску яшчэ на тыдзень, каб парадаваць сваіх прыхільнікаў. Фірмачы, што тут яшчэ скажаш. Класны джаз-рок з цудоўным жаночым вакалам. Здымаю капялюш перад рок-князёўнай.

Інтрыга нумар адзін, якая як апынулася стала і другой. N.R.M.!!!??? Гурт, які наведвальнікі партала Тузін Гітоў назвалі лепшым за апошнія 15 гадоў і чый альбом «Тры чарапахi» таксама перамог у галасаваньні, выступаў без свайго фронтмэну Лявона Вольскага. Ну што можна сказаць? Сказаць якраз няма чаго. Выступ пакінуў больш пытаньняў. Дадам, што Піт Паўлаў застаўся задаволены сваім выступам, чаго не скажаш пра гледачоў, якіх, дарэчы, сабралася ў гэты вечар нямала.

Парадавалі дзядулі беларускага року «Сузор’е». Ёсьць, значыць, яшчэ порах у парахаўніцах.

Выступленьне Neuro Dubel — гэта заўсёды нешта асаблівае і не падобнае ні на што. З году ў год войска фанатаў «Аффтараў праўды» толькі павялічваецца. У многіх яшчэ сьвежыя ўспаміны, калі на прэзэнтацыі «Охотник и сайгак» на хрэн былі выламаныя два шэрагі крэслаў у кінатэатры «Кастрычнік», ці калі падчас выступу ND на адкрытых пляцоўках міліцыянты зь цяжкасьцю стрымлівалі фанатаў перад сцэнай. Многія пасьпелі ажаніцца, нараджаць дзяцей, аднак да гэтага часу сустракаюцца на выступах «дзюбялёў». А многімі любімы калектыў не стамляецца радаваць прыхільнікаў сваімі песьнямі. Што музыкі ў чарговы і пацьвердзілі.

Затым прыйшоў «Палац». Адыгралі добра і смачна. А вось на безьбілетнікаў мяне проста не хапіла. Канцэрт ішоў ужо чатыры гадзіны, добра што бар працаваў. Гэта, дарэчы, бясспрэчная перавага правядзеньня мерапрыемстваў у «Рэактары»:)

Што для вас ёсьць «Рок-каранацыя»? Гэтае пытаньне я задаваў многім музыкам. Нічога ўцямнага, затое зьяўляецца магчымасьцю сустрэцца, паразмаўляць, і выступіць перад сваімі слухачамі. А вось для Алега Хаменкі — гэта падвядзеньне пэўных творчых вынікаў.

Ну, а вынікі мы і самі можам падвесьці: дэ-юрэ лепшым гуртом 15-годзьдзя стаў калектыў, які амаль перастаў існаваць. А лепшы на сёньня гурт дэ-факта, на жаль, ня змог выступіць з-за шчыльнага гастрольнага графіка. Фэстываль, слава Богу, яшчэ не зусім загнуўся. Гледачы атрымалі добры канцэрт. Ну, а музыкі, дасьць Бог, зноў сустрэнуцца ўсе разам праз год.

Вялікі фотарэпартаж з Рок-каранацыі 2011

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1468 seconds.