Душэўныя акустычныя прэзэнтацыі ад «сяброўскай групіроўкі» IQ48

IQ48 

«Зрабі сам» — акустыку пад такім назовам прэзэнтавалі ў «Добрых мысьлях» галоўныя беларускія аптымісты IQ48. Імпрэза прайшла ў атмасфэры доўгачаканага сяброўскага кватэрніку. Гурт Rahis, які якраз і пачынаў як акустычны праект, зайграў свае вядомыя гіты, а таксама прэзэнтаваў новую песьню, бярозаўскі :B:N: упершыню падрыхтаваў адмысловую акустычную праграму, а галоўныя героі паці — IQ48 — выйшлі на сцэну з адным з заснавальнікаў гурта, аўтарам «Таполяў» і «Выйсьця» — Фрэйдам. Як гэта было — у фота і відэа ад Generation.bY.

Насамрэч «здаровыя лосі» не плянавалі канцэртнай прэзэнтацыі акустыкі:

«Задумвалі акустыку як аднаразовы экспэрымэнт — зьнялі й забылі. Таму не плянуем канцэртнай прэзэнтацыі — у тым і сэнс, што гэта такі разавы праект. Пакуль жа кідаем усе сілы на працу над трэцім альбомам. Акустыка — гэта тое, што даўно хацелася зрабіць, і мы гэта зрабілі. Зараз жа трэба ісьці далей!» — казаў у інтэрвію Generation.bY лідэр гурта Яўген Бузоўскі адразу пасьля запісу відэа для дыску.

Але сёньня Бузза адзначае: «Акустыка пайшла ў народ і з жаданьня прыхільнікаў наладзілі сяброўскі канцэрт». Болей таго, пасьля такой душэўнай прэзэнтацыі айк'юшнікі адзначылі, што гатовыя паўтарыць акустычную канцэртную праграму.

Адзначаць канцэрты IQ48 як «душэўныя» хочацца заўжды, але гэты быў хіба найбольш душэўны, хоць і невялікі — у фармаце кватэрніку. Але здаецца, склаліся ўсе зоркі: на сцэне — сябры-музыкі, якія таксама падрыхтавалі свае сюрпрызы, у залі — сябры й адданыя прыхільнікі, а ў саміх IQ48 — неадольнае жаданьне выказацца і проста атрымаць зарад пазытыву ад уласнай творчасьці. Ці гэта магія лічбаў? :) Роўна год таму — таксама 12.12. — музыкі прэзэнтавалі свой другі альбом «Героі». Прадбачым працяг традыцыі.

Відэа з канцэрту

Вялікі фотарэпартаж з акустычнай прэзэнтацыі IQ48 — ужо ў фотаблогу.

tarka 17:30, 15/12/2009 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0729 seconds.