IQ48 акустычны: «здаровыя лосі» рыхтуюць «лірычны» відэа-праект для Сеціва

На вуліцы чэрвеньская навальніца, а мы едзем за горад у стылёвую «хатнюю» студыю «Таксафон» па інтрыгоўным запрашэньні Буззы з гурта IQ48. Ужо на падыходзе да патрэбнага месца чуем знаёмыя гукі з падвалу. Народ шумнай кампаніяй высыпае на вуліцу на перапынак. А ўнутры — зусім не падвал, а стылізаваная пад утульную кватэру заля з дэкарацыямі. Далей нам пашэнціла першымі пачуць і пабачыць тое, што рыхтуюць IQ48 пад умоўным назовам «відэа-акустыка».

Паласатыя «сьцены», карціна на сьцяне, газавая лямпа і «адрыўныя» Яўген Бузза з Паўлікам Яноўскім сядзяць (!) на крэслах і граюць на гітарах — рамантыка, адным словам. Хіба што Санёк Ракавец адрываецца як заўжды. Апэратары за ім толькі й пасьпяваюць. Песьні пішуцца адна за адной, па некалькі дубляў, каб і карцінку зьняць і гук запісаць.

«Мы ўжо спрабавалі рабіць акустычныя рэчы на розных вар’яцкіх паці, а тут і нашая „заведушчая“ Алёна Скарабагатая прапанавала зьняць канцэрт IQ48 і выкласьці ў Сеціва. Але зрабіць незвычайны канцэрт. Вырашылі, што гэта будзе акустыка, бо хацелася паказаць „лірычны“ бок нашай творчасьці, бяз грукату электрагітар. Але хоць гэта й акустыка, аднак бяз грукату і тут не абышлося:)», — распавядае пра зьяўленьне ідэі да акустыкі IQ48 Яўген Бузоўскі.

«За мяжой ідэя акустыкі для электрычных каманд зусім ня новая, — працягвае Бузза. — Калі гурт вядомы праз свае гітарныя рыфы, то ў пэўны час можа ўзьнікнуць жаданьне паказаць, што ён здольны „браць“ слухача ня толькі моцным гукам. Такі выклік самому сабе: а ці загучаць мае песьні ў простым выглядзе, ці будзе што ў іх слухаць?»

Падрыхтоўку да акустычнай праграмы айк’юшнікі пачалі ў лютым гэтага году. Дзеля гэтай акустыкі нават «замарозілі» працу над новымі песьнямі да трэцяга электрычнага альбому. Усе сілы, можна сказаць, кінулі на акустыку. Каб ужо зусім было незвычайна і непадобна на тое, што робяць у электрычным выглядзе, хлопцы задумалі рабіць акустыку без саксафаніста. А замест яго запрасілі другога гітарыста — Паўліка Яноўскага.

«Паўлік — гітарыст і рухавік выдатнага менскага ска-гурта «Пару Рублей». Паўлік блізкі нам як чалавек і як музыка, цалкам наш. У выніку ён стаў нашым пастаянным і паўнавартасным удзельнікам. Так што акустыка дала нам новае гучаньне і новага чалавека ў гурце, пра што ні разу не шкадуем. Наадварот, зараз мы болей такія „ракенрольшчыкі“:)» — дзеліцца ўражаньнямі Бузза.

Пра Яноўскага ўсе адгукаюцца як пра чалавека з «залатымі рукамі». Ён сам збудаваў у сваім доме ў Сокале прафэсійную студыю гуказапісу — «Таксафон». На новай студыі ўжо стала працуюць гурты «Пару Рублей», Zyhimont Vaza і IQ48. Здымкі відэа IQ48 ішлі ў суседнім са студыяй падвалам.

Гэтым кадрам пяць гадзінаў запісу завяршаюцца. Музыкі здаровыя, апаратура цэлая. А дэкарацыі ў падвале так спадабаліся гаспадару Паўліку Яноўскаму, што ён падумвае не здымаць іх. Апэратары пакуюць касэты для будучага мантажу, а я перад не-музычнай праграмай сустрэчы запытваюся ў Буззы, калі ж чакаць гэтага дзейства на экранах.

«Хочацца, каб усё пасьпелі зрабіць да восені. Недзе ў верасьні запусьцім адмысловую інтэрнэт-старонку, на якой і выкладзем гэтае відэа. Адтуль яго можна будзе бясплатна і бяз розных пагрозаў сьцягнуць: па частках ці цалкам — каму як зручней. Такі наш падарунак слухачам».

Падарунак уключыць відэа 10 песень IQ48 у акустычнай апрацоўцы. Там і правакацыйная «Чыво ты?», і сур’ёзная «Сьвятло ў цемры», «Клён» і іншыя гіты. Нагодаў спампоўваць з Сеціва будзе болей, бо канцэртнай прэзэнтацыі акустыкі музыкі не плянуюць. Пазьней Бузза тлумачыць:

«Задумвалі акустыку як аднаразовы экспэрымэнт — зьнялі й забылі. Але нешта ўжо з гэтай праграмы мы прэзэнтавалі на канцэртах, таму ня выключаем, што можам зайграць нешта падобнае й потым. Аднак не плянуем канцэртнай прэзэнтацыі акустыкі — у тым і сэнс, што гэта такі разавы праект. Пакуль жа кідаем усе сілы на працу над трэцім альбомам. Акустыка — гэта тое, што даўно хацелася зрабіць, і мы гэта зрабілі. Зараз жа трэба ісьці далей!»

Ідзем і чакаем выніковага відэа акустыкі IQ48 увосень. Праект некамэрцыйны і за відэа-здымкі й мантаж узяліся таксама сябры музыкаў, але, як адзначае Бузза, «прафэсіяналы ў галіне відэа». Акустыка хоць зазвычай і мае на ўвазе спакой і лірычнасьць, але ў «здаровых лосяў» усё заўжды весела. Так было й на здымках. І нават зламаная машына аднаго з маладзечанскіх апэратараў, які пасьля яшчэ некалькі дзён жыў у Сокале, пакуль рамантавалі рухавік, ня стала мінорнай нотай, а працягнула вясёлыя прыгоды вечару.

Што рабілася на пляцоўцы ў час здымак і пасьля – у адмысловым фотарэпартажы Generation.bY

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0696 seconds.