«Гэй, дзялок, падмяці калідор!» — IQ48 прэзентуе на Generation.by новы кліп

Вострая сацыяльная праблема адаптацыі маладога дзембеля да строгага сямейнага жыцця стала тэмай для новага кліпа гурта IQ48. Хлопец, які толькі што атрымаў такую чаканую свабоду, сутыкаецца з суровай будзённасцю жыцця з мамай. Пацешная інтэрпрэтацыя на вядомы хіт Rage Against the Machine з’явілася ў IQ48 раптоўна і гэтак жа была ўвасоблена ў відэа з дапамагой сяброў з студыі Seveneleven production. 

«Маці казала:
Ягор, падмяці калідор. 
Я казаў сабе: 
Ягор, не падмятай калідор»

Гэтыя словы добра знаёмыя сябрам і прыхільнікам IQ48. Ходзяць чуткі пра цэлы пакунак асабліва вясёлых заначак-песень кшталту вядомай «Чыво ты», якія гурт часам выконвае на канцэртах і вечарынах, але пакуль не дадае ў рэлізы. «Калідор», на якую зняты новы кліп, якраз з гэтага шэрагу.

«Песня нарадзілася спантанна. Калі вырашылі рабіць кавер, не хацелася, каб ён атрымаўся сур'ёзны, без таго хапае сур'ёзных кавераў на РАТМ. Мы падышлі крыху з іншага боку!» — распавядае Generation.by фронтмэн IQ48 Аляксандр Ракавец.

Сцэнар для кліпу прыдумаў Павел Яноўскі (гітарыст IQ48), здымкі рабіла студыя Seveneleven пад Менскам.

Бліжэйшым часам пачуць IQ48 можна будзе жыўцом у Менску 1 снежня на канцэрце ў клубе Re:public


Ягор Канапкін 12:19, 28.11.2013 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.1367 seconds.