Касьмічны дэсант з чырвонай плянэты: IQ48 прэзэнтавалі «Герояў»
12 сьнежня да клюбу Night Star пасьпяхова прыстыкаваўся касьмічны дэсант з далёкай чырвонай плянэты. Некалькі гадзінаў пазытыўнага адрыву ва ўтульнай сяброўскай атмасфэры стваралі доўгачаканыя «Героі» вечара і адмыслова запрошаныя госьці з плянэты Зямля.
На прэзэнтацыю свайго новага альбому IQ48 падрыхтавалі вялікую і насычаную праграму палёту.
Дзеля гарантыі лепшай пасадкі падаграваць атмасфэру было дэлегавана адмысловаму экіпажу, які вядомы добрым кантактам з творчасьцю продкаў сучасных зямлян.
«Джамбібум» адказна падышоў да ганаровай справы. І ў момант, калі недзе ў халодным космасе карабель з «Героямі» на борце пачаў скідваць хуткасьць, атмасфэра ў клюбе Night Star наблізілася да максымальнага градусу чырвонай плянэты.
Палёт на зямной арбіце распачаўся зь вітальнага вершаванага слова. На працягу наступных 100 хвілінаў на сцэне клюбу Night Star «Героі» трымаліся бадзёра, пэрыядычна спрытна ператвараючыся ў «Вар’ятаў».
Экіпаж з братняй плянэты танчыў і сьпяваў, засьцерагаў зямлянаў вайной і п’янкамі, шукаў сьвятло ў цемры, славіў зямныя і касьмічныя подзьвігі, лётаў на ўсход і проста наперад, чакаў ад жыцьця прыемных імгненьняў на гішпанскай карыдзе.
Зямляне не губляліся і шчыра радаваліся кантактам з далёкай цывілізацыяй. Самыя спрытныя нават лёталі і шукалі выйсьце да дзяўчатаў зь Менскай вобласьці.
У нейкі момант на сцэне зьявіўся зямны аўтар незямных вершаў Міхал Анемпадыстаў і нечакана перадаў марсіянам адмыслова перакладзенае пасланьне Боба Марлі. Цяпер спалучэньне касьмічных матываў і ямайскай музыкі трэба чакаць у наступным альбоме IQ48.
Напрыканцы праграмы палёту сяброўская энэргія пацягнулася ў адпаведнасьці з законам Энштэйна на вуліцу за масай, дзе яшчэ доўга лётала ў пошуках прытулку. Найбольшы яе згустак ўрэшце асеў на адной зь менскіх хатаў. А бліжэй да сьвітанку разьляцеўся па куточках галяктыкі.
P.S. Некаторыя моманты вечара 12 сьнежня ўдалося зафіксаваць ў матрыцу фотаапарата: