Бонда і Мроя ператвораць Басовішча-2009 у «машыну часу»

На юбілейным фэстывалі «Басовішча-2009», які пройдзе ў польскім Гарадку 17–18 ліпеня, можна будзе пачуць легендарныя гурты «Уліс», «Бонда» і «Мроя». У ахвяру якасьці ў гэтым годзе прынесеныя такія традыцыйныя часткі фэсту, як вольная сцэна і конкурс гуртоў.

 

Як тлумачыць Кася Кузьміч, новая намесьніца старшыні Беларускага аб’яднаньня студэнтаў, якое на працягу 20-ці год ладзіць фэстываль, «узровень гуртоў, якія перамаглі ў конкурсе ў папярэднія гады, і ўзровень тых, хто нядаўна перамагаў на конкурсе, цяжка супаставіць. Таму ня мае сэнсу праводзіць конкурс толькі для таго, каб ён быў праведзены. Спадзяемся, што ня робячы конкурсу ў гэтым годзе, у наступным ён будзе праведзены на нармальным узроўні».

Адна з галоўных фішак сёлетняга конкурсу — магчымасьць пачуць песьні легендарных камандаў, якія выступалі на самых першых «Басах»: пасьля перапынку на фэстываль прыедзе Уліс, а гурт «Мроя» мы пачуем у выкананьні NRM. Таксама Крама выканае песьні знакамітай «Бонды».

«Борык (месца правядзеньня фэсту) ператворыцца ў «time machine», — кажа Кася Кузьміч. — Мы хочам паказаць людзям гісторыю фэстывалю, бо часам даводзіцца чуць пытаньні кшталту «А чаму Басовішча раней адбывалася ў Беларусі, а цяпер у Польшчы?» Таксама мабыць будзе магчымасьць усталяваць спэцыяльныя намёты, у якіх можна будзе паглядзець відэа першых «Басоў».

Ужо дасягнутая дамоўленасьць аб тым, што на фэсьце выступяць Neuro Dubel, Rahis, Jab Club, вядуцца перамовы з Детидетей. Плянуецца, што пераможцаў папярэдніх конкурсаў прадставяць Znich, RIMA, Бан-Жвірба, :B:N:, IQ48, Tarpach.

Каб трапіць на фэстываль, беларусам патрэбныя шэнгенскія візы, бясплатна забясьпечыць якімі арганізатары фэсту здолеюць, хутчэй за ўсё, ня ўсіх жадаючых:

«Увесь час вядуцца перамовы, але напэўна ўсім зрабіць бясплатных віз, як на фэстываль «Be2gether», ня здолеем. Бо за тое, каб трапіць на Басовішча, плаціць ня трэба — як не было квіткоў, так і ня будзе», — дадае Кася Кузьміч.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0832 seconds.