Дваццатае «Басовішча» — з новым старшынём БАСу

Дакладней, старшынёй — на сходзе Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы (БАС) абраны новы кіруючы ворган. На зьмену Радаславу Дамброўскаму прыйшла студэнтка 3-га курсу беларускай філялёгіі Беластоцкага ўнівэрсытэту Мажэна Саевіч. Якія зьмены будуць у БАСе і чаго чакаць ад юбілейнага фэстывалю «Басовішча» — распавядаюць у інтэрвію Generation.bY Радаслаў Дамброўскі і Мажэна Саевіч.

Радаслаў Дамброўскі - старшыня БАС у 2007-2009гг
Радаслаў Дамброўскі - старшыня БАС у 2007-2009гг

Радэк Дамброўскі кіраваў Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў у Польшчы два гады. Адвучыўся на аддзяленьні беларускай філялёгіі Беластоцкага ўнівэрсытэта, а зараз працуе радыёжурналістам. Фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» — не адзіная дзейнасьць БАС, але, бадай, самая гучная і маштабная. Радэк мае досьвед у арганізацыі шасьцёх апошніх Басовішчаў, у тым ліку і па гэтай прычыне не сыходзіць з каманды БАСу:

«Нярэдка ў гісторыі БАСу здаралася, што з прыходам новага кіраўніцтва і сыходам ужо вопытнай і дасьведчанай каманды, маладым прыходзілася з нуля ўсяму вучыцца — у тым ліку і арганізоўваць Басовішча. Але зьмена пакаленьняў патрэбная, таму далей не балятаваўся, бо лічу, што студэнцкай арганізацыяй мусяць кіраваць маладзейшыя людзі — студэнты, якія гуртуюць вакол сябе новых людзей са сьвежымі ідэямі і прапановамі, і якія маюць болей часу, бо яшчэ студэнты».

Радэк застаецца працаваць у Праўленьні БАС, на пасадзе сакратара арганізацыі, а таксама ў арганізацыі «Басовішча 2009». Каманда БАС зараз актыўна абмяркоўвае праграму фэсту:

«Усё залежыць ад выканаўцаў і гуртоў, але ёсьць ідэя вярнуцца да саміх вытокаў Басовішча, каб у час фэсту выступіў Віктар Шалкевіч і іншыя — музыкі, што выступалі ад пачатку на фэстывалі, пераможцы Басовішча розных гадоў. Хочам зрабіць такі перагляд гістарычны — рэтраспэктыву Басовішча».

Праграма сёлетняга фэсту будзе розьніцца ад папярэдніх гадоў, але падрабязнасьці пакуль у стадыі абмеркаваньня. Магчыма, сёлетняе Басовішча пройдзе без конкурснай часткі, але з удзелам выбітных удзельнікаў Басовішча за 20-гадовую гісторыю фэсту.

Мажэна Саевіч - старшыня БАС з 2009 году 
Мажэна Саевіч - старшыня БАС з сакавіка 2009 году

Новая кіраўнічка БАС Мажэна Саевіч пакуль прымае віншаваньні і ўваходзіць у новую ролю, але кажа, што «ўсю адказнасьць працы разумее». Адказнасьць цяпер кладзецца на дзявочыя плечы, і ня толькі Мажэны, бо як вызначыў Радэк, зараз у арганізацыі «ladies team» — на пасадзе намесьніцы навучэнка ліцэю Кася Кузьміч.

Мажэна Саевіч навучаецца на беларускай філялёгіі Беластоцкага ўнівэрсытэту, а ў Беларусі Мажэне атрымалася пакуль наведаць толькі Горадню і Менск. У мінулым годзе яна разам з басаўцамі прыяжджала на Дзень Волі. У БАСе Мажэна ўжо два гады. З новым кіраўніцтвам прыйшлі й першыя зьмены ў арганізацыю:

«Найперш трэба заахвоціць новых маладых людзей. Хочацца, каб пра БАС было чуваць ня толькі раз у год і ня толькі ў Гарадку, а часьцей і шырэй, таму разьлічваем на новыя асобы і новыя ідэі. З гэтай нагоды ўнесьлі і зьмены ў статут: зараз сябрам БАСу могуць быць ня толькі студэнты, а і вучні ад 18 год».

З запалам новых людзей і досьведам папярэдняга кіраўніцтва басаўцы плянуюць пашыраць дзейнасьць, бо адзначаюць, што «адно Басовішча» — гэта мала». Арганізацыя робіць шмат, але найперш БАС асацыююць з фэстам:

«Хочацца болей рабіць супольных культурніцкіх і адукацыйных праектаў. Ёсьць намеры зьняць два фільмы ў Беларусі — незалежнае кароткамэтражнае кіно».

Беларускае аб’яднаньне студэнтаў у Польшчы ўтварылася ў пачатку 80-х — у часы «Салідарнасьці», і ад пачатку дзейнічала як нефармальны рух, а ў 1988 годзе зарэгістраванае як грамадзкае аб’яднаньне. БАС займаецца культурніцкімі і адукацыйнымі праграмамі з мэтаю падтрымкі беларускай культуры і тоеснасьці беларусаў у Польшчы. Арганізацыя канцэртаў, выставаў, выдавецкая дзейнасьць, адукацыйныя імпрэзы — дзейнасьць, якой жыве БАС ад «Басовішча» да «Басовішча».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.